letteratura italiana / італьянская літаратура

Jun 07, 2010 00:22



Italo Calvino 
Італа Кальвіна
(1923 - 1985)
Маркавальда або Гарадскія часіны года

Вясна
1. Гарадскія грыбы.

Вецер, прылятаючы ў горад здалёк, прыносіць з сабой дзівосныя падарункі, якія заўважаюць толькі нешматлікія чулыя душы, накшталт тых, у каго выклікае алергію сена, або тых, хто чыхае ад пылку нетутэйшых кветак.

Аднойчы на паласу клумбы уздоўж гарадскога праспекта немаведама якім чынам трапіла аблачынка спораў і пачалі расці грыбы. Ніхто не звярнуў на іх увагу акрамя рознарабочага Маркавальда, які менавіта на гэтым месцы кожную раніцу садзіўся на трамвай.

Меў гэты Маркавальда мала прыстасаванае да гарадскога жыцця вока: на шчытах, светлафорах, вітрынах, неонавых шыльдах, рэкламных расцяжках, створаных дзеля таго, каб прыцягваць увагу, ніколі не спыняўся яго погляд, быццам бы слізгаў па пясках пустыні. Але пажоўклы ліст на галіне, пёрку, што прыляпілася да чарапіцы, не абмінаў ніколі: не існавала такога авадня на конскім хрыбце, вузенькай адтуліны караеда на дошцы, размазанай па асфальце фігавай шкуркі, якіх не заўважыў бы Маркавальда і не зрабіў аб’ектам роздуму, адкрываючы пры гэтым змены часінаў года, жаданні сваёй душы і пакуты свайго існавання.

Так, аднойчы ранкам у чаканні трамвая, які павінен быў яго давезці да фірмы «Збаф», дзе ён выконваў цяжкую фізічную працу, ён заўважыў нешта незвычайнае вакол прыпынка на голай ссохлай паласе зямлі, што разам з дрэвамі цягнулася ўздоўж вуліцы: у пэўных месцах ля карэння дрэваў надзьмуваліся шышкі, яны раскрываліся тут і там і выпускалі на паверхню круглявыя падземныя целы.

Ён нахіліўся, каб завязаць шнуркі і прыгледзеўся лепш: гэта былі грыбы, сапраўдныя грыбы, якія прабіваліся ў самым сэрцы горада! Маркавальда здалося, што акаляючы яго шэры бляклы свет раптоўна зрабіўся шчодрым на прыхаваныя багацці, і што ад жыцця можна было чакаць чаго-небудзь яшчэ, акрамя пагадзіннай аплаты здзельнага заробку, яго індэксацыі, матэрыяльных паступленняў ад іншых членаў сям’і і рознага кшталту надбавак.

На працы ён быў безуважны больш, чым звычайна: думаў аб тым, што пакуль ён заняты разгрузкай пакункаў і скрыняў, у цемры зямлі выспявала порыстая тканка маўклівых, павольных, вядомых толькі яму грыбоў, яны ўсмоктвалі падземныя сокі, ламалі кару глебы. «Хапіла б аднаго начнога дажджу, - сказаў ён сам сабе,- і можна было б іх збіраць». І ён не мог дачакацца той хвіліны, калі паведаміць пра сваё адкрыццё жонцы і шасці дзецям.


- Што я вам скажу!- абвясціў ён падчас небагатага абеду.- На гэтым тыдні мы будзем есці грыбы! Смажаныя! Я вам гарантую!      
А самым маленькім дзецям, якія не ведалі, што такое грыбы, з захапленем распавёў пра мноства іх відаў, далікатнасць смаку і спосабы іх гатавання; і ўцягнуў у размову Даміцылу, якая да гэтага моманту слухала з абыякавым і недаверлівым выглядам.

- І дзе тыя грыбы?- спыталіся дзеці.- Скажы нам, дзе яны растуць!

На гэтым пытанні энтузіязм Маркавальда быў астуджаны падазроным меркаваннем: «Ну вось, я назаву ім месца, яны пойдуць шукаць грыбы ўсім кагалам, чуткі разляцяцца па ўсім квартале і грыбы апынуцца на чужых патэльнях!». Такім чынам, адкрыццё, што адразу ж ахапіла яго сэрца сусветнай любоўю, цяпер напаўняла яго маніяй уладання, агортвала раўнівым і недаверлівым страхам.

- Месца, дзе растуць грыбы ведаю я і толькі я,- сказаў ён дзецям,- і барані вас Божа сказаць каму-небудзь пра гэта хоць слова.

Калі наступным ранкам Маркавальда падыходзіў да трамвайнага прыпынку, то сэрца яго поўнілася трывогай. Ён нахіліўся над клумбай і з палёгкай убачыў, што грыбы крыху падраслі, але не надта, і былі ўсё яшчэ схаваныя амаль цалкам у зямлю.

Ён працягваў углядацца, схіліўшыся долу, калі заўважыў некую постаць за спіной. Маркавальда рэзка выпрастаў спіну і памкнуўся надаць твару абыякавы выгляд. Ззаду стаяў дворнік, які назіраў за ім, абапіраючыся на свой дзяркач.

Гэты дворнік, пад чыёй юрысдыкцыяй знаходзіліся грыбы, быў даўгалыгім маладзёнам у акулярах. Яго звалі Амадзіджы і ён даўно ўжо не падабаўся Маркавальда, магчыма з-за гэтых акуляраў, што вывучалі дарожны асфальт у пошуках якіх-небудзь слядоў прыроды, каб знішчыць іх адным узмахам дзеркача.

Была субота і Маркавальда правёў першую палову дня з абыякавым выглядам каля клумбы, назіраючы здалёк за дворнікам і за грыбамі, і падлічваючы, колькі часу патрабавалася, каб яны выраслі.

Уначы прайшоў дождж: быццам сяляне, што пасля некалькіх месяцаў засухі прачынаюцца і скачуць ад радасці, так і Маркавальда, адзіны ва ўсім горадзе, падхапіўся і сеў на ложку, паклікаўшы сямейнікаў. «Гэта дождж, дождж», і ўдыхаў водар мокрага пылу і свежай плесні, які далятаў з вуліцы.

На досвітку - была нядзеля - разам з дзецьмі і пазычаным кошыкам ён хуценька пабег да клумбы. Выпрастаныя на сваіх ножках грыбы былі на месцы, іх капелюшы высока ўздымаліся над яшчэ поўнай вады зямлёй.- Ура! - і ўсе кінуліся іх збіраць.

- Тата! Глядзі, той сіньёр вунь сколькі іх сабраў!- сказаў Мікеліна. Бацька падняў галаву і убачыў, што побач з імі стаяў Амадзіджы з такім самым кошыкам запоўненым грыбамі пад пахай.

- А-а, вы таксама іх збіраеце?- усклікнуў дворнік.- Значыць іх можна есці? Я трохі назбіраў, але не ведаў, ці вартыя яны даверу... Далей па праспекце выраслі яшчэ большыя за гэтыя... Добра, цяпер, калі я даведаўся, скажу сваякам, якія там спрачаюцца збіраць іх ці пакінуць...- і пачаў аддаляцца вялікімі крокамі.

Маркавальда застаўся стаяць з адкрытым ротам: грыбы яшчэ большыя, якіх ён не заўважыў, неспадзяваны ўраджай, што вось так папросту выслізгваў з-пад яго носа. Нейкае імгненне ён стаяў амаль скамянелы ад злосці, пасля - як час ад часу здараецца - крушэнне асабістых страсцей перайшло ў парыў шчодрасці. У гэты час многія людзі чакалі трамвая з парасонамі ў руках, бо надвор’е заставалася няпэўным, а паветра вільготным.

- Эй, вы! Жадаеце есці смажаныя грыбы сёння на вячэру? - закрычаў Маркавальда люду, што ляпіўся да прыпынку.- Тут на праспекце выраслі грыбы! Ідзіце са мной! Хопіць усім! - і ён далучыўся да гурта Амадзіджы, а за ім і ўвесь натоўп.

Яны знайшлі яшчэ грыбоў для усіх астатніх і, паколькі кошыкаў не хапала, збіралі іх у раскрытыя парасоны. Нехта сказаў: - Як цудоўна было б наладзіць абед усім разам!- Тым не менш, кожны забраў свае грыбы і пайшоў да сябе дадому.Але хутка яны сустрэліся ізноў, а дакладней, тым самым вечарам у той самай больнічнай палаце пасля прамывання страўніка, якое ўсіх уратавала ад атручвання: няцяжкага, бо колькасць з’едзеных кожным грыбоў была вельмі малой.
        Маркавальда і Амадзіджы ляжалі на суседніх ложках і пазіралі адзін на аднаго як кот з сабакам.   
                                                                          Пераклад з італьянскай мовы А.Данільчык

translation

Previous post Next post
Up