Letteratura bielorussa - Zinaida Bandaryna / Беларуская літаратура - Зінаіда Бандарына

Oct 02, 2012 21:55

У працяг артыкула "Жывая дзікарка беларускай паэзіі: слова пра Зінаіду Бандарыну" ("Дзеялоў" № 4 (59) за 2012 г.) два верша паэтэсы са зборніка "Веснацвет" (1931):




АДЫЙШОЎШЫМ

На герань, на прымус і пялёнкі
Ты змяніла любы камсамол.
А калісьці радасна і звонка
Заклікала верай новых дзён.
Дружа мой, адкуль такія змены?
І ў вачох чытаю я адказ:
“Механічна выбыла, абеды,
Малы сын займалі ўвесь час…”



Няўжо забылася пра яслі,
Няўжо сталовай не было?
Засмяялася: “А што б сказаў мне Ясік?
Новы быт - колькі прыгожых слоў!
А на справе: кухня і пялёнкі.
А на справе брудныя наскі.”
І ў вачох счарнелаю вясёлкай
Дагаралі імпэту агні…
Гэта спадчыны агідлая адрыга,
Багна гразкая гразнуляў старых.
На жывых лісткох гнілая вільгаць,
Сонцам спалены закінуты пустыр.
Ў думках блытаных шукала я адказу
Выйсце дзе, ці ж поруч нам ісці?
І прытульнасць ціхая абразай,
Цені новыя рэальнасць спавілі.
Кругагляд такі абмежаваны -
Дабрабыт, кватэра, муж і сын;
Малы свет кругом замураваны
І мінулых успамінаў дым…
……………………………..
……………………………..
Другі, скіньма спадчыну цяжкую,
У грудзёх нянавісці вулкан,
Няўжо далёкія. Чужыя,
Няўжо не звернецеся к нам?!
Вырвем з коранем агідлы, рабскі звычай,
Жыць па-новаму, па-новаму кахаць,
Каб не быць ахвяраю прывычкі,
Каб тварыць, імкнуцца, будаваць.

ЗАЛАТЫЯ ВЕРАЦЁНЫ
(Ля ракі Масквы)

Залатыя верацёны патанулі
Ў ртутнай шыры…
Залатыя верацёны
Ў гэтым люстры дэбашыраць,
Смех, бліскучасць,
Знічкі, словы…
Гоман, гул жыцця вясёлы
Ап’яняюць хмелем новым.
Залатыя верацёны
Ў ртутнай шэрані згасаюць
І з краіны роднай знічка,
Прывітаўшыся, казала:
“Блесткі, словы,
Ток, упартасць,
Ў неба гордыя узлёты…
Быць, як сонца, яго вартым,
Бегчы прэч ад мглы, сумоты,
Чорнай хіжай сум крадзецца,
Пацукамі грызе пражу,
Не паддайся - гэта вецер
К нам заносіць лямант уражы.
Пі суздром
Жыцця праменні,
Перашкоды зруйнаваўшы,
Беражы свой творчы геній
І не дбай аб ціхім шчасці”.
Знічка любая, бы думка,
У стынь набраклую нырнула…
Грукаціць аўто, па бруку
Цені блудзяць на хадулях…
Я адна… Наўкола бляскі,
Гул трамваяў, смех, трымценне,
І знаёмай любай казкай
Аплятаюць летуценні…
У калысцы пелястковай
Сніцца мора, сняцца далі.
Парадзілі сонца словы
У сучаснасці крыштальнай.
Пена, пырскі,
Хвалі, хвалі…
Хто мацнейшы,
Хто падужыць?..
Захавала далеч у скалах
Сполах слізкім чорным вужам…
Міг… хвілінай  непаўторнай
Расцвіла ўсмешка мая…
А над вухам шум маторны
І сімфонія трамваяў.
(Масква. 1929)

letteratura, articoli, bandaryna

Previous post Next post
Up