Білінгвізм у выкананні дармаедаў-бюракратаў

Jul 25, 2009 15:50

Сёння ў ЖРЭО Партызанскага раёну ў мяне і майго пяцігадовага сына адмовіліся прымаць бланкі на прапіску да мужа, запоўненыя па-беларуску. Пашпартыст Араноўская Аксана Аляксандраўна спачатку стала выпраўляць беларускамоўны тэкст на расейскі, а потым заявіла, што бланк з памаркамі трэба перапісаць. Я адмовілася і запатрабавала кнігу скаргаў - яна затэлефанавала начальніку. Начальнік сказаў, каб кнігу выдалі.
Яна прыняла ў выніку пашпарты з заявай, але ўпэўнена і спакойна сказала, што ў прапісцы будзе адмоўлена менавіта на падставе "няправільнага" запаўнення бланку!
Узгадваючы, колькі я штомесяц плачу падаткаў на ўтрыманне гэткіх пігаліц і ейных начальнікаў, хацелася крыві, але побач было дзіцё.
Таму пакуль абмежавалася скаргай у кнізе і планую яшчэ напісаць заяву ў Адміністрацыю Партызанскага р-ну. Далей буду дзейнічаць у залежнасці ад вынікаў.
Вось вам і лебералізацыя, і білінгвізм, і дэмакратыя з талеранцыяй. Цётка ў суседнім вакенцы бухцела, што мы ўжо 8-ая сям'я на раёне, якая выпендрываецца з беларускамоўнасцю, але пры падтрымцы начальніка паважаць такіх як мы яны не збіраюцца.
Рэдка сутыкаюся з такім ваяўнічым ідятызмам. Працягваю прагнуць помсты. Буду ўдзячная за прапанаваныя спосабы.

Дарэчы, хто ведае, а навошта ёй для прапіскі маё месца працы? Што прыемна - яе перакасіла, калі яна яго пачула ў сукупнасці з месцам нараджэння...
Previous post Next post
Up