Дзецям патрэбныя беларускія энцыклапедыі!

Dec 20, 2011 00:47

Выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" зараз завяршае планаванне наступнага году. Нягледзячы на назву, уласна беларускіх энцыклапедыяў яно, на жаль, не выдае практычна. А нашым дзецям яны неабходныя, як паветра! Таму мы, dzietki.org, спрабуем дагрукацца і выправіць сітуацыю, патрапіць у планы і прымусіць дзяржаву хоць нешта зрабіць для нашых дзяцей за нашыя ж падаткі.

Такім чынам прапаную вам каардынаты выдавецтва і адзін з магчымых варыянтаў ліста. Вы можаце напісаць ад сябе так, як лічыце патрэбным. Паводле законаў (хочацца спадзявацца, што яны ўсё ж маюць нейкую вагу) нашыя лісты не так лёгка будзе праігнараваць. Таму загадзя дзякуй ўсім за ўдзел і дапамогу!

КУДЫ: Завулак Калініна, 16. 220012, г. Мінск.
КАМУ: Дырэктару Бяловай Таццяне Уладзіміраўне

Прыблізны ўзор звароту. Але няма неабходнасці столькі пісаць, можна абысціся 2 - 3 радкамі па сутнасці.

_____________________________________________________
Дырэктару
выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя
імя П.Броўкі"
Бяловай Таццяне Уладзіміраўне

Шаноўная Таццяна Уладзіміраўна!

З цікавасцю сачу за кніжнымі навінкамі ў галіне беларускага кнігавыдання, і асабліва - ў галіне дзіцячай літаратуры. Сярод дзіцячых кніг выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя" найбольш уразілі "Чароўны свет", зборнік казак "Самы разумны" і... на жаль, гэта ўсё, што магу прыгадаць з беларускамоўных дзіцячых кніг выдавецтва. Гэты сумны факт якраз і прымусіў звярнуцца да вас з лістом. Тая палічка ў кнігарнях, якую маглі б заняць энцыклапедычныя беларускамоўныя выданні для дзяцей, застаецца незанятай.
Паразмаўляўшы з бацькамі дзяцей розных узростаў, я прыйшла да высновы, што попыт на беларускую дзіцячую энцыклапедыю ёсць, і даволі вялікі. Натуральна ж, гэта мусіць быць кніга, якую прыемна пагартаць: на добрай паперы, з каляровымі ілюстрацыямі, напісаная ў лепшых традыцыях навукова-папулярнай літаратуры.
Вашая ўстанова, шаноўная Таццяна Уладзіміраўна, мае багаты досвед выдання энцыклапедый, таму звяртаюся да вас. Дзеці, якія чытаюць па-беларуску (пакуль яшчэ чытаюць!), і іх неабыякавыя бацькі шукаюць на паліцах кніжных крамаў энцыклапедыі самага рознага кшталту: "Пра ўсё на свеце", "Як што працуе", "Чароўныя мясціны Беларусі", "4 стыхіі" ("Вада", "Зямля", "Паветра", "Агонь") і да т.п. Мае ўласныя дзеці таксама (пакуль яшчэ) абіраюць кнігі, якія "гучаць" па-беларуску; але дзеці растуць так хутка, і вось ужо казак ды апавяданняў ім недастаткова. Мы спадзяемся, што выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" адгукнецца на запыты бацькоў і ўзгадае пра сваю місію - папулярызацыю "сучасных ведаў і дасягненняў, захаванне ўнікальных гістарычных традыцый і культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь" (http://www.bel-en.by/about/), найважнейшай з якіх з'яўляецца беларуская мова.

Зычу калектыву выдавецтва творчых поспехаў і плённай працы!

З павагай,
/Імя, Імя па бацьку, Прозвішча,
адрас для зваротнай сувязі, тэлефон/

dzietki.org, дзеці, просьбы, Ці існуе Беларусь для беларусаў?, літаратура

Previous post Next post
Up