Я магу прыгадаць некалькі выпадкаў, калі людзі, здаецца, даўно ўжо думалі пра расстаньне, але вось нечага цягнулі, баяліся. І мне тады (ды ладна, і цяпер) збоку падавалася, што да ўсяго не ў апошнюю чаргу ім шкада страчанага часу. Маўляў, два гады разам. І што цяпер гэтыя гады кату пад хвост? Гэтыя два-тры-чатыры гады можна было аддаць іншаму чалавеку, а так усё, мінула, ня вернеш, і ані табе часу, ані дрэва, дома, сына.
І гэтаксама, бывае, дачытваюцца нудотныя кнігі, даробліваецца нейкая праца, бо столькі часу ўжо патрачана, не кідаць жа на паўдарозе.
Гэта была прэлюдыя, якая мела сваім падтэкстам, што я займаюся такой самай цягамоцінай. Але гэта не цікава. А з цікавага - новыя вершы Ірыны Бельскай ва ўжо не зусім новым 53-м нумары "Дзеяслова". А Ірачка Бельская прыўкрасная, яна мяне ніколі ня нудзіць.
***
Дожджыкі-шнарыкі
Кропелькі-зорачкі
Як тыя шарыкі
Коцяцца з горачкі
Што мне з табою рабіць
Маё горачка
Бо не кахаць а любіць
Проста - горача
Кропелькі падаюць
Стомлена-зморана
Тым хто ня рады мне
Хай будзе сорамна
Вострымі сьлёзкамі
Хай будуць скораны
Сэрцы палоскамі
Зробяцца скора нам.
Шнарыкі-дожджыкі
Шкельцы заплакалі
Ў вочы глядзець вашы
Мне ўжо няма калі
Сьвятамі й буднымі
Кропелькі капалі
Пальцамі бруднымі
Сэрца мне краталі