00:59 28.02.2017
pra syr Эпахальны дзень! Упершыню пабачыў і купіў сапраўды вытрыманы беларускі сыр! 18 месяцаў - гэта вам ня нейкія там «экстравытрыманыя» 180 дзён, як раней.
Ну што, Džiugas, каленькі задрыжэлі?
Сыр ляжаў у тым жа халадзільніку, што й вагавы Džiugas. Таму хоць фасаваны Džiugas і даражэйшы, параўнаем сыры, што ляжаць побач:
- беларускі айчынны Danke Пармэзан 18-месячнай вытрымкі (Каленкавічы) - 38 р. 40 к. за кг (фасаваны);
- літоўскі імпартны Džiugas Piquant 18-месячнай вытрымкі (Цельшы) - 39 р. 61 к. за кг (вагавы), каля 45 р. фасаваны
- для даведкі, у Літве Džiugas Piquant каштуе каля 32 рублёў у пераліку на кг.
Каленкавічы - адлегласьць ад ЧАЭС 132 км (смайлік для чорных жартаў).
Цельшы - адлегласьць ад БелАЭС 280 км (смайлік для чорных жартаў).
Цяпер параўнаем скла́ды.
Dana Пармэзан
- малако нармалізаванае пастэрызаванае,
- ушчыльняльнік - хлярыд кальцыю,
- кансэрвант - нітрат натрыю,
- фэрмэнтны прэпарат жывёльнага паходжаньня Afilact,
- закваска на аснове малочнакіслых мэзафільных і тэрмафільных мікраарганізмаў,
- малаказгортвальны фэрмэнтны прэпарат мікробнага паходжаньня,
- фарбавальнік натуральны Annato A 320 WS (фарбавальнік нарбіксын, рэгулятар кіслотнасьці і гідраксыд калію),
- соль (хлярыд натрыю, агент антызьлежвальны Е536).
Džiugas Piquant
- малако,
- соль,
- мэзафільныя і тэрмафільныя малочнакіслыя мікраарганізмы,
- малаказгортвальны фэрмэнтны прэпарат мікробнага паходжаньня
Хоць у беларускага сыру складнікаў удвая больш, амаль усе яны залічаныя самымі строгімі сайтамі ў бясьпечныя, апроч «жоўтай крывяной солі» E536. Ну але, дарагія каленчаўчукі, мо за той жа кошт, што ў імпартнага сыру, можна паспрабаваць выгадаваць сыр з чатырма складнікамі, га? У пакупніка, ля лядоўні стоячы, няма часу на досьледы і самаадукацыю.
Нарэшце дэгустацыя.
Беларускі сыр выглядае памаранчава, бадзёра ды ільсьніста, ня ў прыклад літоўскаму блякламу. І гэта хутчэй ня плюс.
Цьвёрдасьць і крохкасьць у беларускага й літоўскага падобная.
Але смак асабіста для мяне не нясе моцнага ўражаньня.
Шчыра разважыўшы, Dana Пармэзан, магчыма, найлепшае, што здаралася зь беларускімі вытрыманымі сырамі за ўвесь цяперашні час, але наступнага разу я прыязна ўсьміхнуся ў іхны бок і пакладу ў кошык Джугас.
Хаця не. Спачатку пагляджу, ці не прывезьлі з Маладэчна, Лепеля, Віцебску, Клецку, Верхнядзьвінску, Берасьця ды Бярозы шчэ лепшых вытрыманых сыроў. Зрэшты, хто ведае, мо ў пары кілямэтраў ад майго кампа акурат цяпер на адным зь менскіх малочных заводаў сьпее акурат той самы «забойца джугаса».
чытай і камэнтуй з сваім жэжэшным OpenID //
pra dukty rss2lj