Лаўжы, Ашмянскі раён.
Пра вёску Хатынь ведае, напэўна, увесь сьвет. Яна стала сымбалем страшных пакут беларусаў падчас Другой Усясьветнай вайны.
Пра вёску Лаўжы амаль ніхто ня ведае. Хоць яе таксама спалілі, а ўсё яе насельніцтва пазабівалі. Разам зь дзецьмі і жанчынамі.
Лаўжы былі зьнішчаныя ў дзень сьвята Савецкай Арміі. 23-га лютага 1945-га году.
На самай беларуска-літоўскай мяжы, на Ашмяншчыне, за маленечкай вёскай Юсялішкі добрая дарога ў бок Літвы сканчаецца. І ўпіраецца ў поле. За нейкія пару кілямэтраў бачная сьцяна лесу. Гэта яшчэ беларускі лес. Калі прайсьці грунтавой дарогай, разьежджанай памежнымі джыпамі, роўна на поўнач, праз хвілін дзесяць выйдзеш у парослае пустазельлем немалое поле. І пасярод гэтага поля, сярод гэтай памежнай цішы, вока выхапіць невялікі мэмарыял. Невысокі каменны крыж, а побач капліца. На крыжы напісана па-беларуску наступнае. «Жыхарам вёскі Лаўжы, загінуўшым падчас баявых дзеяньняў 23 лютага 1945 года».
Што ж гэта за баявыя дзеяньні вяліся ў Беларусі, калі фронт даўно быў у Нямеччыне? Адказ дае польскі надпіс на другім помніку, на капліцы. «У гэтым месцы была вёска Лаўжы. У ноч на 23 лютага 1945 году была пацыфікаваная войскамі НКВД. Былі забітыя ўсе жыхары, а таксама аддзел самаабароны Арміі Краёвай».
Яніна Гаспаровіч жыве ў самым канцы Юсялішак, у хаце, якая найбліжэй да месца трагедыі. Вельмі душэўная жанчына з позіркам дабрадушным і адначасова дапытлівым. Чужыя людзі сюды забіраюцца рэдка. У 1945-м Яніне было 10 гадоў. І сёе-тое яна памятае.
- Што здарылася? Выбілі ўсіх. Была польская партызанка пасьля вайны. І НКВД рускае было. Мароз такі быў! Заехалі грэцца. Зайшлі ў хату. Да бацькі: «Знаете, дедушка, кто мы есть?» Тата кажа: «Зараз такі сьвет - нікога не пазнаеш». Тата хітры быў, бараду адгадаваўшы, каб ня злапалі ў войска. Пагрэліся крыху, а іх многа падводаў наехала. Ня ўсе былі зайшоўшы, толькі пара чалавек. Зорачкі рускія на шапках. Пагрэліся і паехалі. А наша карова як раз была на ацяленьні. Маці ноччу пайшла карову глядзець. І будзіць бацьку: «Прачніся! Што на небе творыцца. Гарыць нешта, нейкі пажар. Натуны, мусіць, гараць». Тата: «Не. Гэта не Натуны. Гэта Лаўжы гараць». Ну, так і выйшла. Лаўжы. Назаўтра ранкам вязуць каля нас параненых. Вязуць і вязуць. Тады чуем, што Лаўжы згарэлі, выбілі ўвесь народ. Толькі адзін хлопец быў нежанаты, ён у Вільню быў паехаўшы. Дык ён застаўся жывы.
Аказваецца, забітыя былі ня ўсе. Адзін чалавек выжыў. Па прозьвішчы Дзедулейчык. Але пажыў на сваім папялішчы нядоўга.
- Быў яшчэ такі Дзедулейчык. Ён пасьля выехаў у Салечнікі. Ён яшчэ на гэтым агнявіску паставіў хату. І дзяўчынка была нарадзіўшыся. А пасьля займеў яшчэ чатыры дачкі і сына. Гэта было зь пятніцы на суботу. А ў нядзелю мама пайшла ў касьцёл. І пасьля касьцёла сабраліся людзі сюды глядзець. Нехта сваіх сваякоў стаў забіраць. Радня прыехала, каб якія костачкі забраць. Была адна забітая баба цяжарная, і дзіця ляжыць пры ёй. Абгарэлае. Там усе пагарэлі. А той Дзедулейчык пад бярвеньнямі зрабіў акоп. І ён шугнуў туды з кажухом і з жонкай. І дзяўчынку пацягнуў. Пад бярвеньні гэтыя. Частка тых бярвеньняў абгарэла. Так засталіся жывыя. І пасьля яшчэ паставіў на агнявіску хату. А пасьля зьехаў у Салечнікі.
Але ў Лаўжах загінулі ня толькі акоўцы і няшчасныя жыхары Лаўжоў. У ачэпленую войскамі вёску заганялі ўсіх, хто раптам апынаўся на дарозе. Нават дзяцей. Гэтая апэрацыя больш падобная да карнай акцыі, чым да бою.
- Гэтыя энкавэдысты затрымлівалі ўсіх, хто ішоў ці да касьцёла, ці ў краму. Вось тут бабуля на канцы вёскі жыла. І затрымалі хлапца, які да яе ішоў. Загінуў. Ішоў, нёс бабулі лучынку. Бо не было ж ні кірасыны, нічога ў вайну. Затрымалі, як ішоў, удзень! І згарэў таксама.
- Усё гэта падобна да карнай акцыі.
- Тое самае, што і Хатынь. Акружылі вёску кругом. Зь лесу ім бачна было, хто ўцякае. А жонкі Дзедулейчыка бацькі жылі ў суседняй вёсцы. Былі на дрэва ўзьлезшы. Бачылі, як хатка зяця гарыць. А бачыш, які шчасьлівы быў.
- А Лаўжы была вялікая вёска?
- Сем хатаў тут. І дзьве на ўскрайку. І тыя спалілі. Дзянгілеўскія там такія жылі. Усяго дзевяць хат.
- А як таго хлопчыка звалі, якога завярнулі?
- Стась. Варанецкі.
- Станіслаў Варанецкі. І было яму...
- Дванаццаць гадоў.
У Юсялішках засталося толькі чатыры жылыя хаты. Акрамя Яніны Гаспаровіч, яшчэ пра трагедыю Лаўжоў мне змагла нешта расказаць Рэгіна Адамовіч. Расказала тое, што ёй распавядалі бацькі. Бо сама Рэгіна нарадзілася ў 50-х.
- Свае расстралялі. Свае. Каторыя не хацелі на фронт, каторыя хаваліся. А пасьля скучкаваліся ў банду. Бацька расказваў, што ўсю радню пастралялі. Нават аднаго хлопчыка, маленькі, у калысачцы спаў. Аўтаматам. За што? Сорак пяты год. Вайна сканчалася. Сваіх свае. Я разумею, калі немцы. Чужаземцы. Гэта вайна была. А тут свае сваіх.
Свае сваіх. Пасьля ўсяго пачутага вельмі рэжа вуха гэтае «свае» ў бок карнікаў з НКВД.
На першы погляд можа падацца, што беларускі помнік праўду хавае, а польскі расказвае ўсю. Але ж насамрэч усё ня так проста. Беларускі крыж зьявіўся першы. На пачатку 90-х. І тэкст на ім «рэдагаваўся» раённымі ўладамі. Польская ж капліца была пабудаваная толькі празь дзясятак гадоў. У першага помніка была ініцыятарка. Імя яе - Гэлена Альбертаўна Пашкель. Яна таксама ахвяра бальшавізму. Яе маці забілі проста на прыступках касьцёла ў вёсцы Анжадава. Забіў п’яны актывіст. Слова Яніне Гаспаровіч.
- У Анжадаве яны жыла. Яе матку нейкі дурань застрэліў. Ехаў, страляў. Яна з касьцёла выйшла, і куля ў яе. Дык гэная Гэля паставіла беларускі помнік. А пасьля паставілі каплічку па-польску. Як асьвячалі, прыехалі палякі з Польшчы, цэлы аўтобус прыйшоў.
Да гэтага помніка вельмі цяжка дабрацца. Бо ён ледзь не на самай мяжы. Але са страшнага летапісу вайны вёску Лаўжы ўжо ня выкрасьліць. У Лаўжах загінулі 25 мірных жыхароў, 50 байцоў Арміі Краёвай. Колькасьць ахвяраў з боку НКВД невядомая.
18 верасьня 2015 года.
Крыніца .
Глядзець камэнтары:
Па тэме:
Сентябрь 1939 года - Трагедия БеларусиПартизанщина: мифы и реальность Правда о Катыни Оni byli dziwni, małego wzrostu, na krzywych nogach, brzydcy ... Byli strasznie głodni! /Рl, Ru/ Верасень 1939 - Як нас вызвалялі Беларускі антысавецкі супраціў (By) Истребительные отряды НКВДВільно - Гісторыя аднаго горада Акупацыйная палітыка расейцамі на беларускай тэрыторыі Беларусь: паглыбленне ў бездань Аўтар-укладальнік ©Časłaŭ List
Назад →
Гiсторыя Беларусi