Інтэстэлар

Nov 11, 2014 23:27

Пераспаў з Інтэстэларам ноч і цяпер магу цвяроза выкласці свае думкі наконт гэтага фільма.

Тое, што я пайду яго глядзець пры любых абставінах, я зразумеў з таго імгнення, калі пабачыў яго сціплы постар у адным са сталічных кінатэатраў: На фоне невядомага касмічанага аб'екта ружаватага колеру быў бачны касмічны апарат, а знізу было напісана адно толькі слова - Інтэстэлар. Усё. Адсюль пачалася магія гэтага фільма, якая прымушае мільёны людзей па ўсім свеце пісаць свое поўныя захаплення водгукі.

"Усе мы ў той час былі фермерамі".
У самым пачатку фільма не было адчування, што я атрымаю нешта непаўторнае ў выніку. Так, ад пачатку было зразумела, што фільм якасны, але не больш: Зямля гіне, дакладней, ад голаду гіне чалавецтва, але мы не бачым нейкага заняпаду цывілізацыі, не бачым смерці, не бачым нічога жудаснага, толькі пыл ды пясок паўсюдна, якія разам з патагенам знішчылі пшаніцу і іншыя культуры, акрамя кукурузы, але і ёй засталося нядоўга. Патроху нам напрацягу першай паловы раскрываецца больш, так амаль усе галіны навукі і культуры занядбаны, нават медыцына дайшла да ручкі, 6 мільярднае (зараз 7, атрымліваецца, што кожны сёмы ўжо загінуў) чалавецтва засяродзілася на выжыванні, перапісваецца гісторыя, вучням адмаўляюць у вышэйшай адукацыі, бо яны могуць стаць добрымі фермерамі і накарміць чалавецтва, а галоўны герой Купер, былы пілот НАСА, ловіць беспілотнік, які лятаў без мэты над зямлёй 10 гадоў, каб разабраць яго і выкарыстаць сонечныя батарэі для забеспячэння энергіяй уласнай фермы.

"Усё пачалося з буры"
Дачка галоўнага героя сутыкаецца з палтэргейстам у доме і па парадзе бацькі вывучае яго, каб даведацца, што гэта насамрэч. Менавіта палтэргейст прыводзіць бацьку і дачку ў самае засакрэчанае месца на Зямлі, дзе адроджанае НАСА выношвае планы выратавання чалавецтва, а Куперу прапаноўваюць стаць пілотам экспедыцыі ў іншую галактыку праз кратовую нару каля Сатурна, каб вывучыць перспектыўныя для засялення планеты. Той згаджаецца. І галоўнае тут не важнасць місіі і цудоўная выпадковасць, якая прывяла лепшага ў свеце пілата на касмічную базу, а момант развітання з роднымі, якія не жадаюць яго адпускаць, але нішто не можа спыніць галоўнага героя, які заўсёды марыў пра космас. Машына бацькі нясецца ад дома, паверх трывожнай музыкі ідзе адлік да запуску касмічнага апарата. Плача бацька, плача дачка ў сваім пакоі, якая затаіла крыўду на яго за здраду сям'і. СТАРТ. У гэты момант большасць у зале сядзела з мокрымі вачыма, я ўпэўнены ў гэтым. Не раскрываючы сюжэту скажу, што слова "старт" падзяліла фільм - цяпер мы да апошняй хвіліны будзем літаральна ўціснутыя ў свае крэслы відовішчам, мы будзем смяяца, хвалявацца за герояў і зямлян, зачаравана глядзець на касмічныя пейзажы і слухаць філасофскія пафасныя прамовы, якія будуць чаргавацца з размовамі навукоўцаў пра сусвет, сінгулярнасць і час. Але галоўны герой не космас, а чалавек, кожны чалавек і чалавецтва ў цэлым. Мы будзем маліцца за гэта чалавецтва і герояў, у тым ліку і за шафападобнага робата, які з'яўляецца насамрэч паўнавартнасным персанажам і адзіным з экіпажу, хто захоўвае пачуццё гумару на ўзроўні 90% да самага канца. Разам з намі праз космас імчыцца музыка, якая ў самы напружаны момант фільма набывае ноткі аргана, што надае ёй яшчэ больш велічы і моцы. Як я заўважыў, некаторыя людзі ў той момант трымалі далонь ля рта, нібыта стрымліваючы сваё "Давай, давай, даражэнькі, зрабі гэта!", або проста рыхтаваліся выцерці ёю слязу, на якую прабівае ўвесь фільм. Апавяданне ўзносіцца ў "горні свет", пагружаючы гледачоў з кожнай хвілінай усё глыбей у тонкія ўзнёслыя матэрыі.

На выхадзе мы былі настолькі перагружаныя эмоцыямі і філасофіяй, што зноў загаварыць нам удалося толькі праз хвілін дзесяць. Мы літаральна былі агаломшаны, а як мы былі здзіўлены, калі зразумелі, што фільм доўжыўся тры гадзіны! Гэты фільм немагчыма ахарактарызаваць адным словам (хоць у тых, каму ён не спадабаўся, яго ўсёткі знаходзяць) і кожны знойдзе ў ім сваё. Калі апісваў продкам на што ж я хадзіў, то пачуў у адказ "а, фантастыка?! не цікава!" - тут нават спрачацца не хочацца, прасцей купіць білет і адвесці на сеанс.

P.S. Фільм нельга і непрымальна глядзець у дрэннай якасці на кампе, гэта не той фільм - вы павінны быць там!

interstellar, фільмы

Previous post
Up