Казармы-помнікі

Sep 27, 2011 21:06

У Менску з’явіліся новыя помнікі.
У мінулым месяцы па заяве Беларускага камітэта ICOMOS у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей было ўнесена 3 будынкі горада. Гэта дамы па вуліцы Караткевіча 4, 7, 8.
Прапанова па ўнясенне падавалася, як "Комплекс адміністратыўных і жылых будынкаў старога аэрапортаў", аднак Навукова-метадычная рада не ўключыла ў дзярж. Спіс непасрэдна сам будынак былога аэравакзала па вул. Караткевіча, 9.

Далей - кароткая гістарычная даведка "Комплекса аэрапорта".
Можа ў спадарства будзе што-небудзь дадаць.


Комплекс адміністратыўных і жылых будынкаў старога аэрапорта.

У пачатку 1930-х гадоў на паўднёвай ускраіне Мінска, у полі ля Койданаўскага тракту быў створаны аэрадром. Першапачаткова на тэрыторыі аэрадрома размяшчаліся ваенныя лётныя часткі, але ў 1940 г. урачыста быў адкрыты пасажырскі аэравакзал.


Карта 1. 1933 г.
Але для паспяховага функцыянавання і прыёму пасажырскіх самалётаў неабходна было пашырыць тэрыторыю аэрадрома і ўзвесці будынкі інфраструктуры. Тэрыторыя аэрадрома была пашырана, для гэтага спатрэбілася нават знесці шэраг тэхнічных пабудоў, пазначаных на карце 1 і змяніць напрамак Койданаўскага тракту. На працягу 1935-39 быў пабудаваны комплекс адміністратыўных, тэхнічных і жылых дамоў мінскага аэрапорта. На сёння з гэтага комплексу захавалася 4 пабудовы.

1. Будынак аэравакзала (зараз паліклініка Дзяржкамітэта па авіяцыі РБ). Адрасаваны па вуліцы Дзм.Караткевіча, 9а, хоць ад забудовы гэтай вуліцы будынак аддзелены трасай 2-га траспартнага кальца. Як будынак аэравакзала функцыянаваў да 1956 года, калі быў узведзены новы аэравакзал (Чкалава, 38). Будынак быў моцна пашкоджаны ў ліпені 1944 года падчас нямецкай бамбёжкі. Адноўлена была толькі цэнтральная частка будынка без бакавых флігеляў.


Двойчы перабудоўваўся: першы раз ў 1960-ыя, другі - у 2002-2003. Нягледзячы на зменены выгляд, асноўная частка сучаснага будынка захоўвае сцены першапачатковага будынка 1935-36 гг. Будынак былога аэравакзала захоўвае памяць пра палітычных і культурных дзеячаў БССР і СССР (? Я.Купала, Я.Колас, П.Панамарэнка), якія бывалі ў ім у 1936-1956 гг.




2. Адміністратыўны будынак (зараз там размяшчаецца адміністрацыя дзяржпрадпрыемства “аэрапорт Мінск-1”, Белівестбанк і шэраг іншых устаноў). Знаходзіцца на вуліцы Дзм.Караткевіча, 7.
Трохправярховы будынак быў узведзены ўздоўж вуліцы Аэрапорт (сучасная Дзм.Караткевіча) па канонах папулярнай ў 1930-ыя гады архітэктуры канструктывізму. Магчыма, першапачаткова будынак быў жылым. Тарцавыя сцены маюць ступенчатае завяршэнне. На ўсіх паверхах вялікія па памерах вокны чарагуюцца з сярэднімі і нават маленькімі.


На жаль, у “халодныя” 1990-ыя гады была зменена форма ваконных праёмаў лесвічных шахт задняга фасада.

3. Жылы будынак (вуліца Дзм.Караткевіча, 8). Пабудаваны трохпавярховы чатырохпад’ездны жылы дом быў у 1939 годзе. Галоўны фасад выходзіць на вуліцу Дзм.Караткевіча і знаходзіцца амаль насупраць адміністратыўнага будынка (вул. Дзм.Караткевіча, 7).
Галоўны фасад рытмічна падзелены лесвічнымі шахтамі чатырох пад’ездаў на роўныя часткі.


Лесвічныя шахты 1-га і 2-га пад’ездаў больш высокія за іншыя. Магчыма, першапачаткова яны завяршаліся назіральнымі пляцоўкамі супрацьпаветранай абароны. У 1990-ыя гады паміж імі быў дабудаваны 4-ы мансардны паверх.



4. Жылы будынак (вуліца Дзм.Караткевіча, 4). Пабудаваны ў 1939 годзе. Галоўны фасад таксама выходзіць на вуліцу Дзм.Караткевіча. Праект гэтага будынка з’яўляецца амаль дакладнай копіяй дома № 3 (Дзм.Караткевіча, 8). Адзінае адрозненне - лесвічныя шахты ўсіх чатырох пад’ездаў маюць аднолькавую вышыню.


Два балконы трэцяга паверха ў пачатку 2000-ых былі “мадэрнізаваны” з дапамогай сайдынгу без уліку знешняга выгляду будынка.

PS Гэта канешне семечкі. Нядаўна высветліў, што ва Упраўленні па ахове помнікаў зараз разглядаецца заява Мінгарвыканкама па ўнясенні больш чым 100 (!!!) помнікаў.
Так што яшчэ трохі і ў нас горад-музей будзе :)

ахова, Менск

Previous post Next post
Up