Вяртанне

Oct 07, 2008 09:55

* * *
А лепшым быў той,
што кідаў манеты
жменямі ў стары аўтамат,
быццам залатыя зярняты.
І цэлыя вечары
расла, квітнела,
запаўняла сваім водарам
спачатку стромкія сходы,
пасля ўвесь старасвецкі шынок,
а ўрэшце ўвогуле адчыняла дзверы
і выходзіла ў густы берлінскі дождж
музыка.
Я прыходзіла толькі дзеля яго.
Замаўляла каву й каньяк
і разбівалася аб прывідныя мелі
яго чарадзейства.
Прыходзілі адныя і тыя ж,
між сабой не знаёмыя,
вымешвалі лыжкай сваю адзіноту,
і ніводзін не асмельваўся
зрабіць хоць крок
у бок бога і ягонага
музычнага аўтамата.
Ноч расла
ракавай пухлінай,
напірала на дзверы,
а крэслы прырасталі да людзей,
як нагавіцы да наркамана,
і множыліся каменныя глыбы,
і дым падаў снегам,
і бог ставіў рэчы,
якіх не было.
А потым
А потым ён не памёр,
проста скончылася віза,
а лыжка сама залезла ў кішэнь,
быццам палец святога.
Так, на памяць.
Previous post Next post
Up