Памяць і пакаленьні

Mar 28, 2014 13:52

Урочышча Благоўшчына на ўскраіне Менску ля Шабаноў. Зусім невялікі помнік, з прымацаванай (ужо ў найноўшыя часы нашае гісторыі) шыльдачкай: "Воінскае пахаваньне". Гледзячы на колькасьць вялікіх вянкоў з надпісамі "Героям Отечества", "Жертвам фашизма", складваецца ўражаньне, што для тых, хто іх ускладаў месца гэтае сапраўды значнае. Праўда нармальнай дарогі тут няма й адыйшоўшы літаральна зь дзесятак мэтраў, у вочы кідаюцца іншыя "сымбалі павагі" да пахаваных тут людзей. Іх можна адчуць вельмі яскрава й у паветры (асабліва ўвесну), паколькі па суседзтве тут знаходзіцца гарадзкая звалка. Менавіта яна хавае "непатрэбныя" уладзе сьведчаньні масавых забойстваў людзей яшчэ ў савецкія часы. Пасьля падчас вайны тут ужо нацыстамі былі зьнішчаныя толькі па аф.дадзеных больш за 150 тысячаў чалавек. Зь Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы й іншых краінаў сюды прыязджаюць людзі, каб наведаць месца апошняга спачыну сваіх продкаў, ды пакідаюць на дрэвах невялікія аркушы зь іх імёнамі й фотаздымкамі. Калі я хадзіў у шабаноўскую школу нам распавядалі аб Трасьцянецкім канцлягеры, ды нават вадзілі час ад часу прыбіраць лісьце ў парку, дзе ўсталяваная стэла, што стаіць зусім не на тым месцы, дзе адбываліся тыя жахлівыя падзеі. Туды ж хадзілі практычна на кожнае аф.мерапрыемства ды нават пасьля выпускных. Сёньня ж ужо й там вечны вагонь не гарыць.



Сур'ёзны мэмарыяльны комплекс на сапраўдных месцах злачынстваў, у тым ліку ў Благоўшчыне, плянавалі зрабіць, на маёй памяці, ужо вельмі даўно й толькі вось зараз зьявіліся паведамленьні аб сабраных, вядома не ў Беларусі, сродках. Выправіць памылку замест тутэйшых чыноўнікаў (тое, што помнік узьнікне так запозна) замежнікам, дай Божа, атрымаецца. Але што рабіць з пакаленьнем, выхаваным за амаль 20-ць год на бутафорскай гісторыі, якое цяпер звозіць туды будаўнічае й інш. сьмецьце, смажыць шашлыкі ў 3-х мэтрах ад помніка ахвярам канцлягеру, ды сярод крыжоў у Курапатах, а пасьля крычыць аб "бандэраўцах" і "пагрозе фашызму".






Previous post Next post
Up