Прыгоды Пітэра Труса

Feb 04, 2013 09:49

Некалі купілі дачцэ кніжку па-расейску, пераклад апавяданняў Беатрыкс Поттэр. Надта малюнкі прыгожыя. Спрабаваў ёй чытаць ды "анлайн" перакладаць на беларускую - месцамі кульгава выходзіла, таму адсканаваў і пераклаў, каб мець асобнік па-беларуску. Пакуль толькі адно апавяданне з трох.

а вось спасылка на ангельскі арыгінал: https://sites.google.com/site/beatrixpotterstories/the-tale-of-peter-rabbit/tale-of-peter-rabbit-1






Жылі-былі некалі чатыры маленькія трусяняткі:
Кудлі, Мотлі ды Шоўкі-Поўсі,
а таксама іх брацік Пітэр.
Усе яны разам са сваёй матуляй, трусіхай сталага веку, жылі на пярэспе пад карэннем вялікае махнатае яліны.

- Ну, дзеткі, - сказала місіс Трус аднойчы ранкам, - можаце бегчы пагуляць дзе хаціце - ці тое ў лесе долу па сцежцы, ці ў полі, але ж толькі не хадзіце ў сад містэра МакГрэгара.

Там з вашым татам здарылася вялікая непрыемнасць: місіс МакГрэгар запякла яго ў пірог.



Так што майцеся ўважліва! А я пайду па справах.

Па тых словах місіс Трус узяла кошык, парасон і выправілася лесам у пякарню. Там яна купіла бохан жытняга хлебу і пяць букатак з парэчкамі.

Кудлі, Мотлі ды Шоўкі-Поўсі - бо ж яны былі паслухмяныя трусяняткі - пайшлі ў лес па ажыны.



А неслух Пітэр Трус паскокаў проста ў гарод містэра МакГрэгара!

Веснічкі былі зачыненыя, але ён пралез пад імі.

Перш ён падсілкаваўся салатай, затым фасоляй, а пасля паеў радысак.



У хуткім часе ад гэткага ядзення яму зрабілася моташна, і ён патупаў шукаць на пятрушку. Ён ведаў, што пятрушка добра дапамагае ад млосці.

Але за кутом шклярніцы з гуркамі ён напаткаў - каго ж, як не містэра МакГрэгара!

Стоячы на каленях, містэр МакГрэгар корпаўся з парасткамі капусты, але ж, заўважыўшы трусяня, імгненна падскочыў і кінуўся за ім.
- Трымай злодзея! - крычаў ён, грозна трасучы граблямі.



Пітэр так перапужаўся, што забыўся, дзе знаходзяцца веснічкі, і ў адчаі замітусіўся па агародзе.

Ён нават згубіў чаравічкі: адзін у капусце, другі - у бульбе.

Вядома ж, босы ён пабег на ўсіх чатырох лапках, і гэтак было значна хутчэй, ды на бяду патрапіў проста ў сетку вакол агрэсту. Пітэр заблытаўся ў ёй, зачапіўшыся вялікімі гузікамі сваёй куртачкі. Так, на трусянятку была куртачка - блакітная, з мядзянымі гузікамі, даволі новая.



Ён аж расплакаўся ад нечаканай безвыходнасці. Пачуўшы трусяняткавы енкі, падляцелі ўсхваляваныя вераб’і.
- Ратуйся, ратуйся, Пітэр Трус! - цырыкалі яны.

Тут падбег містэр МакГрэгар, маючы ў руках вялізнае сіта, якім ён хацеў накрыць трусянятка. Рвануўшыся, Пітэр у апошні момант здолеў выслізнуць з-пад сіта, пакінуўшы пад ім толькі злашчасную куртачку.

Пітэр забег у паветку і скочыў у палівачку.
Гэта была б цудоўная ідэя - схавацца ў ёй, каб не было ў палівачцы амаль поўна вады.



Містэр МакГрэгар здагадаўся, што Пітэр у паветцы.
“Вядома ж, схаваўся пад кветачным гаршчком!” - вырашыў ён.
Гаршчкоў было шмат. Стаялі яны пустыя, донцамі дагары. Містэр МакГрэгар прыняўся ціхенька абарочваць іх адзін за адным.
- Апчхі! - нечакана чыхнула палівачка.

У гэтае ж імкненне містэр МакГрэгар быў ля яе, але Пітэр паспеў выскачыць. Містэр МакГрэгар ледзь не наступіў трусянятку на хвост, але той скочыў у вакенца, перакуліўшы тры гаршэчкі з геранямі.
Для містэра МакГрэгара акенца было замалое, ды й стаміўся ён бегаючы.
- Ох! - толькі і здолеў ён сказаць ды вярнуўся да справаў.



А Пітэр Трус прысеў каб перадыхнуць. Ён збіўся з подыху, увесь дрыжэў ад страху і ані ня меў разумення, куды яму бегчы далей. А яшчэ з яго ручаямі лілася вада.

Крыху аддыхаўшыся, Пітэр пакрысе рушыў па гародзе, падскокваючы ды азіраючыся, ці не ўбачыць выйсця.
Ён знайшоў нейкія дзверы ў муры, але тыя былі замкнёныя, а пад імі таўстунку-трусянятку не было як праціснуцца.



Старэнькая мыш сноўдалася праз шчыліну пад дзвярыма, цягала ў лес гарох ды боб для сваіх шматлікіх унукаў. Пітэр Пуш спытаў у яе, дзе шукаць на веснічкі, але ў мышы ў роце была такая вялікая бобіна, што яна не магла адказаць, толькі матнула галавой.
Пітэр зноўку расплакаўся.

У адчаі ён вырашыў бегчы напрасткі праз гарод, але ў выніку канчаткова заблукаў. Ён апынуўся ля саджалкі - сюды містэр МакГрэгар звычайна хадзіў за вадой: на беразе стаяла пустая палівачка. Побач сядзела белая котка, цікавала за залатымі рыбкамі. Яна сядзела цалкам нерухомая, толькі раз-пораз уздрыгваў канец яе хваста, нібыта жыў уласным жыццём.
Пітэр вырашыў, што лепш да коткі не звяртацца. Пра вострыя коткавы кіпцюры ён чуў ад свайго кузэна Бэнджаміна Зая.



Пітэр Трус вярнуўся да паветкі, але раптам зусім побач пачуў гукі матыкі: хрр-цюп-цюп. Пітэр замёр пад кустом.

Аднак наўкола было спакойна, і трусяня ў хуткім часе вылез з-пад куста, ускочыў у тачку, што стаяла побач, асцярожна высунуў з яе пыску ды агледзеўся. Ён адразу ж убачыў містэра МакГрэгара, які матычыў лешку з цыбуляй. Містэр МакГрэгар стаяў пахіліўшыся, спіной да Пітэра, а наўпрост за ім былі бачныя веснічкі!

Пітэр Трус ціхенька саскочыў долу з тачкі і маланкай памчэў па сцежцы за кустамі чорных парэчак.
Містэр МакГрэгар заўважыў яго, але занадта позна: Пітэр праслізнуў пад веснічкі і нарэшце быў у бяспецы, у лесе.



Падабраўшы трусяняткавы куртачку ды чаравічкі, містэр МакГрэгар вырашыў зрабіць з іх пудзіла - адганяць чорных драздоў.

А Пітэр Трус бег не спыняючыся і не азіраючыся, пакуль не ўскочыў у сваю норку пад вялізнай ялінай.

Ён так стаміўся, што адразу плюхнуўся на мякенькі пясочак і заплюшчыў вочы.
Тым часам яго матуля гатавала вячэру. Яе непакоіла, што здарылася з вопраткай Пітэра. Гэта была ўжо другая куртачка і другая пара чаравікаў, якія Пітэр згубіў за апошнія паўмесяцы!



Увечары Пітэру зрабілася зусім блага. Місіс Трус паклала яго ў пасцелю і заварыла рамонкавую гарбату. І Пітэру Трусу давялося яе піць!
- Адну сталовую лыжку на ноч! - сказала місіс Трус.

А вось Кудлі, Мотлі ды Шоўкі-Поўсі на дэсэрт ласаваліся парэчкавымі букаткамі, а пасля - малачком з ажынамі.

пераклад, пітэр трус

Previous post Next post
Up