СЬВІНАЦЫД

Aug 07, 2013 09:11

Ласка, ласка,
Дзе ты была?
У Бога жыла.
Што рабіла?
Кросны ткала.
Што зарабіла?
Кусочак сала.
Дзе тое сала?
Кошка ўкрала.

...у Турцыі, падчас Рамазану, мне нават у сьне прыходзіць часам пах смажанае сьвіное сьвяжыны. Я не такі ўжо мясажэр, але гэта ўсплыло міжволі, з падсьвядомасьці... А з навінамі прыходзяць весткі пра татальнае вынішчэньне сьвінячага статку ў Беларусі. Значнасьць сёлетніх падзеяў мы неўзабаве ацэнім сваім кашальком, а вось далейшая перспектыва можа стацца для беларусаў глябальнаю. Бо на нашых вачах зьнішчацца спрадвечная і неад'емная частка нашае кулінарнае і пабытовае культуры, нашыя звычаі й, без перабольшваньня, частка мэнталітэту.

Хоць невялікія прысмакі -
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў.

Ці можна выянць з нашых кулінарных кнігаў традыцыйныя стравы з дамешкамі сьвініны -- тлушчам, салам, мясам? Што ж тады застанецца? Гэта як з габрэйскае кулінарыі прыбраць рыбу!

Сьвіньні (Suidae)- нязьменныя спадарожнікі чалавека на ўсіх кантынэнтах. І хоць, як заўважыў Лец, «дзікая сьвіньня» гучыць нашмат больш высакародна, чым проста «сьвіньня», гібрыды дзікоў ад часоў нэаліту забясьпечваюць людзей смачным і далікатным мясам.
Ралян Барт, у сваю чаргу, сьцьвердзіў, што мы - па сутнасьці тое, што мы ямо. Ці ж выпадкова найбліжэйшы адпаведнік чалавечае крыві паводле хімічнага складу - кроў свойскіх сьвіней?
Зрэшты, і паводле сваіх мазгавых здольнасьцяў свойскія suidae пераўзыходзяць сваіх дзікіх суродзічаў. Гэтая жывёліна дэманструе дзівосныя здольнасьці. Навучаныя сьвіньні адчыняюць засаўкі, арыентуюцца па гадзіньніку, складаюць лічбы... Калі Людовік XIV, кароль Францыі, занепадаў у мэлянхолію, нішто ня цешыла яго так, як скокі й гульні дрэсыраваных парасятаў, апранутых у «фантастычныя» ўборы народаў Рэчы Паспалітай, пад гукі нашае дуды. Парасятаў дастаўлялі з Смаргоні.
У Францыі й па сёньняшні дзень нашчадкі тых парасятаў выкарыстоўваюцца ў «ціхім паляваньні» на труфэлі. Знайшоўшы труфэль, сьвіньня робіць стойку ў чаканьні гаспадара. А ў Англіі жартаўнікі даўмеліся выкарыстоўваць сьвіней на сапраўдным паляваньні. Чуцьцё ў сьвіней не слабейшае за сабачае. Яны знаходзяць і падымаюць перапёлак, курапатак, глушцоў, трусоў. Праўда, не зважаюць на зайцаў.
У Беларусь сьвіньні ніколі не завозіліся. Яны зьявіліся тут разам з чалавекам пасьля апошняга ледавіка. З усяе разнастайнасьці пародаў, што існавалі ў нас некалі, за апошнія 200 гадоў засталіся толькі чатыры мясцовыя: літоўская, чавуская, беларуская чорнарабая і белая буйная. Апошняя БББ-1 складае сёньня ўжо 92% сьвінога пагалоўя Беларусі, што ў 1993 г. складала 5.000.000 галоў (па адной на двух беларусаў!). Што ў нас застнецца пасьля гэтага лета?
Пры тонкай і пекнай канстытуцыі арганізму сьвіньня носіць на сабе такія пласты тлушчу, што сала аднае-дзьвюх жывёлінаў стае цэлае сям'і на год. Кішок жа ў сьвіньні ў дзесяць разоў больш за даўжыню яе цела. З каго яшчэ можна нарабіць столькі кілбасаў?))) Невыпадкова самае вясёлае беларуская сьвята - Каляды, калі колюць сьвіней і пхаюць кілбасы.

Ішла сьвіньня пасярод Раства,

Каляда, Каляда.

Нясла кішок парцяны мяшок,

Каляда, Каляда.

Ішла сьвіньня па ляду...

Рассыпала каляду...

Ідзі мішка, пабірай...

Будзе табе каравай...

Беларусь, Каляды й сьвіньня - непадзельныя. Такі парадак быў... Што будзе на Каляды ў гэтым годзе? Можна, вядома, перайсьці на халяль і кошэр, але пэўна ж, тады мы ўжо станем кімсьці іншымі... Пры тым, пэўна ж, сьвінства між людзьмі ў нашай краіне не паменее. Людзкае сьвінства да гэтае вялікае беларускае драмы недатычнае. Хаця... Сьвінства ўжо ў тым, што і як робіцца ўладамі -- як інфармуюць людзей, як адбіраюць іх уласнасьць і як дэманструюць сваю поўную недатыкальнасьць і няхібнасьць. Не атрымалі мы адказу на непасрэднае (і галоўнае пытаньне!): адкуль у Беларусь прыйшла гэтая пошасьць?!? І што трэба было рабіць, каб яе не было? І хто за гэта павінен панесьці адказнасьць? Але пакуль даводзіцца расплочвацца гаспадарам віславухіх віскуноў. А заўтра давядзецца расплочвацца ўсім жыхарам Беларусі! Бо, нават калі ты не ясі паляндвіцаў ды кумпякоў, нават калі не надзяваеш нічога са парсючынае скуры -- сандалетаў, рамянёў, партманэтаў, то ўсё адно мусіш разумець якія катастрафічныя страты для бюджэту краіны, дзяржаўнага і прыватнага, прынясе татальнае забойства мільёнаў сьвіней. Бо спатрэіцца ж і вялізарная маса прадуктаў, каб кампэнсаваць вынятыя з рацыёну тоны прадуктаў са сьвініны! І ня трэба быць вяшчуном, каб здагадацца, за чый кошт будуць кампэнсаваць гэтыя страты... А што будзе ў наступным годзе? А праз дваццаць гадоў?...

Ня стаўлю пад сумнеў захады эпідэміёлягаў, бо я ня ёсьць адмыслоўцам у гэтай справе. Але маю вялікія сумневы... Бо, калі ўжо вядзецца татальнае зьнішчэньне і ўсіх дзікоў па лясах, то міжволі напрошваецца пытаньне, ці гэта адзіна магчымае выйсьце? А калі на наступны год прыйдзе які яшчур, то мы зьнішчым усіх парнакапытных, ад кароваў да ласёў? А калі птушыны грып, барані Бог, абрынецца на наш край?...
Не застанецца нічога ані халяльнага, ані кашэрнага, ані нашага...

«Rosarium et Officium B. Mariae Virginis…» «Alexander Tarasowicz scuipsit anno 1672 w Hlusku»

сваё, наша ідэнтычнасць, сармацтва

Previous post Next post
Up