Mar 13, 2013 07:46
Менск, сталіца Беларусі, цягам ХХ стагодзьдзя вырасла ад 105.203 жыхароў у 1907 г. да 2 мільёнаў на сённяшні дзень! То бок, толькі стаўшы сталіцай нацыі, Менск стаў Менскам, набыў свой сучасны маштаб і значнасьць! Такімі тэмпамі не раслі гарады нідзе ў Эўропе! Для параўнаньня -- Прага перакрочыла мільённы маштаб яшчэ ў 1938, а сёньня там жыве ўсяго 1.200 тыс. Нават калі прыпусціць, што ў Менску засталася ўся гістарычная аўтэнтычная забудова, каб не ўпала аніводная старасьвецкая цагліна, то яна складала б сёньня толькі 5-7% і ўсё адно не вызначала б ягонага аблічча. Менск, як і нашая нацыя, паўсталі толькі ў ХХ стагодзьдзі!
Ягоны вобраз і лад жыцьця сталіся тым асяродзьдзем, у якім паўставала мадэрная беларуская ідэнтычнасць. Тут сьціраліся не толькі міжэтнічныя адрозненьні, але і лакальныя, спецыфічныя для розных рэгіёнаў Беларусі, імкліва разбураліся традыцыйны лад і псіхалогія ўчорашніх вяскоўцаў. Міхась Стральцоў яшчэ ў 1960-х нават увёў тэрмін «сена на асфальце» для абазначэньня інтэлігентаў у першым пакаленьні, якія настальгуюць па вясковым дзяцінстве. Гарады сталі асяродкам, дзе разбураліся ўсе традыцыі, перарываліся лякальныя повязі, але паўстала й новая супольнасьць, што была замкнёная, нават у часы СССР, у асобны тэрытарыяльна-гаспадарчы комплекс, з уласным - у межах Беларусі - упраўленьнем чыгункі, асобнай вайсковай акругаю і г.д. У 1970 г. адкрыўся архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута, што замкнула ў межах рэспублікі ўсю сістэму архітэктурнай адукацыі і праектаваньня ў Беларусі. Тое ж адбылося і ў іншых галінах вышэйшае адукацыі, перадусім у мастацтве і культуры. Урбаністычнае асяродзьдзе стала падставаю да канструявання найноўшае нацыянальнае беларускае ідэнтычнасьці. Як аснова самаідэнтыфікацыі горадабудаўнічы асяродак у стабільным грамадзтве абапіраецца на аднаўленьне базавых каштоўнасьцяў, устойлівых стэрэатыпаў, іншых элементаў, перадвызначаных традыцыяй культурнага развіцьця. Цяперашняя наша Ратуша -- нішто іншае, як плод фантазіі нашх сучасьнікаў й плён адміністрацыйных метадаў кіраваньня!) Вобразы новага для беларусаў, але створанага ўжо імі самімі, гарадзкога асяродзьдзя сталі дамінаваць у мастацтве і літаратуры, у гуманітарных даследваньнях. Асноўая роля Менску сёньня -- гэта маладая сталіца новае беларускае нацыі! У астатніх ролях ён малацікавы й факультатыўны... І толькі ў такой ролі ў яго ёсьць, вартая ўвагі, будучыня!
Менск,
наша ідэнтычнасць