палатно, алей 47х40. 1996
"Упрыгожыць нешта можна, а пакланяцца - гэта ідальства. Я малюю не абразы, а сымбалі. Быў Сын Божы, ён уратаваў людзей". Сяргей Поклад ...Ён нарадзіўся там, дзе сканчаюцца дарогі. Краснапольшчына -- акраец нашае зямлі, дзе знянацку абрываюцца шляхі, за якім -- толькі бранскія лясы, колісь неабсяжная Акулінская пушча.
На ускрайку таго лесу і прытулілася Кажамякіна, родная вёска Поклада. Адсюль нават да раённага цэнтру было няблізка. А там белы, нібы прывідны, будынак Краснапольскага дома культуры, дзе працуе некалі слаўны тэатр, выглядаў сюрэалістычна, у шатах лясоў, што шчыльна абступаюць мястэчка з усіх бакоў. Дзіва што, нарадзіўшыся ў тым краі, дзе не чуваць было цягнікоў, дзе няма ззяння цывілізацыі, Сяргей Поклад марыў працаваць і жыць з лесам. Лёс падказваў простае рашэнне і ён падаўшся быў у Полацак, дзе скончыў славуты лясны тэхнікум. І гэта быў пачатак іншага жыцьця. Бо ад старажытнага Полацка, радзімы асветнікаў, дойлідаў і мастакоў, бяруць пачатак дзесяткі дарог. Што ні крок - то напамін пра гісторыю. Храмы, дамы, ды нават сам будынак ляснога тэхнікума тут старасьвецкія, прасякнутыя духам легэндарных падзеяў. У пары хвілінаў хады ад тэхнікума -- старажытны манастыр, апавіты зьвілістай стужкай ракі Палата, што і дала назву гораду. А ў манастыры -- стражытная Праабражэнская царква з унікальнымі фрэскамі. Гэтыя святыя лікі, што сьвецяцца скрозь тынк і збуцьвелыя фарбы, нібы палімпсэст, пакрыёма шапочуць нам пра нешта, што не спасьцігнуць розумам. Адно толькі сэрцам... Гэта быў вялікі, вялікі духам горад! Першы, дзе давялося жыць Сяргею Покладу. І тут таксама вока цешылі векавечныя краявіды, дзе даўніна суседзіць з сучаснасьцю, пракавечная дзікасьць прыроды з гулам вялікіх дарог, што развягаюцца ўва ўсе бакі...
...Адна з тых дарогаю звяла яго на Ўсход, у дзікія нетры Сібіры, Тувы, Уралу, але пасьля вывернула ў іншы бок. З канца 1980-х Сяргей Поклад жыў і працаваў у Вільні, спалучаючы службу са сваім захапленьнем, што забірала яго ўсё болей і болей. Жэраб'я было кінутае ў 1991. Сяргей Поклад адрынуў усе свае колішнія заняткі і цалкам аддаўся мастацтву. І літаральна за пару гадоў ягоныя творы ўжо добра сталі ведамыя глядацкай публіцы ў Нямеччыне, Польшчы, Літве і ў Беларусі. У кантэксьце даўняга культурнага дуалізму і тэорыі двух цэнтраў беларушчыны - Вільні і Менску, ягоны досьвед на зломе эпохаў стаў унікальным -- не маючы пачатковае мастакоўскае адукацыі, ён навучаўся на вока, інтуітыўна адкрываючы тое, чаму мусілі гадамі вучыцца ягоныя калегі. Гэтак ён працярэбіў свой уласны, непаўторны шлях. Тонкі стылізатар і імпэтны штукар, удумлівы і лірычны мастак...
...Балазе, шмат у тым паспрыяў яму ягоны брат, Алесь, які тымчасам вучыўся ў Мінску, у мастацкай школе імя Ахрэмчыка, затым у Беларускай Акадэміі мастацтваў. Праз шмат гадоў іхныя лёсы скрыжаваліся ў старой Вільні. Менавіта тут браты і сталі мастакамі. Розны досьвед і розныя школы зрабілі зь іх розных людзей, адрозных мастакоў. Бадай, гэта і стала зарукаю таму, што, працуючы побач, абменьваючыся думкамі, яны застаюцца ў розных стылях...
...Стыль Сяргея Поклада, які абапіраецца на інтуіцыю, увабраў у сябе розныя ўплывы. Часам амаль узаемавыключныя. Пачаўшы з інсітных рэалістычных пэйзажных кампазыцыяў, ён прайшоў шлях засваеньня літоўскае жывапіснае школы 1970-80-х гадоў, зь яе «вітражнасцю», адкрытымі колерамі й пастознай манераю. Віленскія краявіды Поклада ня маюць і блізкіх канцэптуальных аналягаў сярод вядомых выяваў беларускіх гарадоў, у прыватнасьці Менска.
Перад Сяргеем Покладам заўсёды стаяла няпростая задача: быць вартымі тых вобразаў Вільні, што былі створаныя клясыкамі і адначасова - быць іншым. Ведаючы дакладна, што ствараецца абапал мяжы, ён ішоў па самым краі гэтае мяжы, дзівячы гледачоў і там і тут - і ў Літве, і ў Беларусі. Гэтая мяжа і ёсьць - іронія. Сяргей Поклад, адкінуўшы сумневы, піша горад гэткім, якім хацеў бы сам яго бачыць у дзяцінстве. Ня тым, фанабэрыстым і сівым, а стракатым, у бляску лятарняў ды ў казачных пярэстых ценях. "Тата купі!" - цягнецца малы літоўчык да ягоных работаў. Пісаны ім горад выкрыўляецца,зыбіцца, плыве, як у каляровым шкле. Ён можа могуць дазволіць сабе гэтую гіронію. Сярод таго, што створана пра гэте места ў розных жанрах і відах мастацтва, бракавала менавіта гэткага штрыху. Гледзячы на бясконцыя шэрагі карцінаў з сур'ёзнымі віленскімі краявідамі на тутэйшых вуліцах і ў шматлікіх салёнах, у калідорах Сэйму і ў паліцэйскіх пастарунках, міжволі пачынаеш усміхацца. Надта ўсё гэта сур'ёзна. А зь іншага боку - касьцельныя завітушкі, наноў адбудаваныя цацачныя замкі, цацачны ж помнік Гедыміну. Нібы дзіцячыя цацкі.
...Але адных пэйзажаў мастаку не хапае. Ён, у сярэдзіне 1990-х піша цэлую нізку шчымліва-самотных вобразаў музыкаў і ўласных аўтапартрэтаў. Ён бясконца экспэрымэнтуе, вывучаючы то Шагала, то старажытныя праваслаўныя абразы, то найноўшы польскі жывапіс. Гэтак утварыўся ягоны пэрсанальны яскравы кшталт, дзе перадусім - досьлед колеру ў няспынных аплікатыўных спалучэньнях. Гэтае захапленьне ўласнымі адкрыццямі дало яму той досьвед, які па-ранейшаму кліча далей. Калі ён вылучаецца сярод літоўскіх і беларускіх пэйзажыстаў, ён бярэцца пісаць абразы, за імі - нацюрморты...
...Мастацтва стала для Сяргея Поклада ня толькі спосабам самаспасціжэння, самавыяўлення, але і спосабам угледзіць, разгадаць тое, пра што шапацелі яму старажытныя полацкія фрэскі. Ён шукаў сябе сярод тых, хто шукае сябе ў храме. Спакваля гэтыя пошукі выраслі ў магутнае, сапраўднае пачуцьцё. Тое было даўно. Хрыстос і ягоная маці сталі аднымі з цэнтральных пэрсанажаў ў жывапісе Сяргея Поклада ад 1996. Але, як і іншыя нэафіты, мастак мусіў вымысьліваць гэтыя вобразы. Бо нават Святое Пісьмо не кажа нам дакладна, як выглядаў Хрыстос. І падказкаю тут быў той таямнічы палімпсэст учарнелых і паноўленых абразоў ды фрэсак, у нядаўна закінутых храмах.. Сяргей Поклад намаляваў багата палотнаў на біблійныя сюжэты. І сам пра сваю творчасць ён кажа: “Для мяне Ісус - гэта валадар валадароў, які прыйшоў на Зямлю. Але я маляваў не абразы, а вобраз мацярынства... У Бібліі сказана, што жанчына ўратуецца толькі праз нараджэньне дзяцей, як Ева. (...)Я малюю не абразы, а сімвалы. Быў Сын Божы, ён уратаваў людзей. Калі любіш - а я дужа-дужа люблю Хрыста, - дык карціць, ведаючы ягоны лёс, уяўляючы, як ён жыў, хадзіў па зямлі, паказаць гэта на плоскасці людзям. А вось рабіць з гэтага культ я не хацеў бы”...
Вынайденая ім "фрэскавая" манера у безлічы варыяцыяў увабрала ягоны папярэдні досвед, ад захапленьня клясычным літоўскім жывапісам, Шагалам і Мадыльяні да праваслаўнай іконы. Ён сьмела аперуе сэмантычнымі каляровымі знакамі. Чыстыя й звонкія абразы Сяргея Поклада, гэтак папулярныя сярод публікі, для яго - толькі спосаб падзяліцца сваімі ўяўленнямі пра спрадвечныя сюжэты. Ня больш. Самае галоўнае для яго, каб гэта было недасяжна чыста і гожа... Поклад глыбока перакананы, што Беларусь не будзе ўратаваная мастацтвам, бо, нягледзячы на велізарныя здабыткі мастацтва Егіпту, Італіі ці Нямеччыны, яны ня выратавалі нікога. На ягоную думку, няма ніякага хрысьціянскага мастацтва. Ёсць мастацтва, а ёсьць Хрыстос.
...Гэтае палатно, адно з нізкі, было паказанае ў Менску, у 1999 на супольнай выставе братоў, Сяргея і Алеся Покладаў. Вобраз Хрыста, кананічны ці не, для беларускіх мастакоў яшчэ вялікая таямніца, разгадку якой яны імкнуцца шукаць найперш у саміх сабе. Зважаючы на тыя страты, што прынесла нам ХХ стагодзьдзе, нашае бачанне Хрыста ў новым тысячагодзьдзі і будзе менавіта гэткім, якім яго створаць нашыя мастакі цяпер. Напрыклад, як Сяргей Поклад. «Беларусь, - кажа мастак, - можа ўратаваць толькі шчырая вера ў Збаўцу»... Прынамсі свой унёсак для гэтага Поклад зрабіў. І зрабіў гэта трапна дакладна. Дакладна перадючы свае суб'ектыўныя вычуваньні. Сяргей Поклад (1965, в. Кажамякіна, Краснапольшчына) жывапісец, мастацтвазнаўца. Скончыў Полацкі дзяржаўны лясны тэхнікум. Вучыўся ў малявальнай студыі ў Вільні. Скончыў Беларускую Акадэмію мастацтваў у 1997. Удзел у мастацкіх выставах бярэ ад 1992. Працы зьберагаюцца ў зборах Беларусі, Літвы, Польшчы, Нямеччыны, ЗША, Францыі.