Выдатны адэкватны пост пра тое, што робiцца у Мiнску...

Jul 16, 2011 09:37

Originally posted by hadzinski at Як я быў зэкам
Гулялі мы з сяброўкаю ля нямігі, елі марозіва, падыйшлі да прыступак у мэтро, і пачалося. Глыбокашаноўныя, без ідэнтыфікацыі сябе, занесьлі мяне ў аўтобус.
А там! Як дзеці гулялі ў відэагульні ахоўнікі (права)парадку.
Праз хвілінаў 20 мы былі ў цэнтральным адзьдзеле аматараў відэагульняў. Падчас ператрусу маіх рэчаў, якіх налічылі 33 найменьні, у аднаго зь міліцыянтаў запрацаваў тэлефон, і як!
Ляпіс Трубяцкой, што безумоўна зьдзівіла, потым, праз чарговыя дзесяткі хвілінаў, яны пачалі абмяркоўваць цікавую праблему. У аднаго зь іх сканчваліся правы на кіраваньне аўто, выдадзеныя яшчэ ў 95 годзе, а рабіць новыя гэты супрацоўнік воргана не жадаў. Прычына: на іх надрукаваная пагоня.
А дзяўчынкі! У цэнтральным адзьдзеле працуюць вельмі мадэльнага выгляду дзяўчынкі з доўгімі нагамі, кароткімі спадніцамі і сумам у вачах. Ах. Я ўжо пачаў думаць, што ня ў тую тусоўку мяне адвезьлі, як прагучаў яшчэ адзін удар: чарговы міліцыянт праз тэлефон уключыў папулярную гумарэзку аб віньшаваньні шоса а.г. па радыё.
Падчас усяго забаўляльнага склалі пратакол 17.1 аб брыдкаслоўі сярод паспалітага народу, з чым я пісьмова не пагадзіўся, і павезьлі мяне зь яшчэ адным хлопцам у акрэсьціна.
На ўваходзе мне выдалі квадратны сантымэтар мыла (!) і сантымэтраў трыццаць паперы для прыбіральні , разрэзалі мае фенькі і забралі матузкі ад кедаў. І пасьля павялі па калідорах. Мы яшчэ нібы не вінаватыя афіцыйна, але крутыя чувакі як у фільмах увесь час ставілі нас тварам да сьцяны, пакуль яны адмыкалі наступныя дзьверы.
Завялі нас у нумар, дзе бітком было людзей, але праз нейкі час перасялілі ў нумар іншы, і сярод начы яшчэ раз. Душа ў іх няма, гэта замінала. Хаця ўсё, што знаходзіцца ў нумары замінала. Адна-адзіная вялікая дошка на паўмэтры ад падлогі, на якой спаць\жыць, адна, усім бачная дзіркавая прыбіральня і рукамыйнік, і вакно. На нашай шырокай дошцы можна было разабраць прарэзаныя словы “Людвіся” і “малады фронт не спыніць”.
Паступова надыйшла раніца, і прынесьлі сьняданак. Каб жа ж яны ўсё жыцьцё так елі. Штосьці, калісьці падобнае да кашы, пяцідзесяты раз налітая гарбата і хлеб. Чорны і белы.
Каля 11 раніцы прывезьлі ў суд. І тут пачаўся квэст. Мяне хавалі ад маёй радасьці і матулі, пераводзілі некалькі разоў з аднае судовае залі ў іншую, вельмі раілі паводзіць сябе ціхенька і без залішняй увагі, у той час як пад дзьвярыма спрабаваў дапамагчы знаёмы юрыст.
Урэшце пачалося судовае паседжаньне без усіх людзей, апроч судзьдзі Шэйка І.В. і майго затрымальніка і сьведку Трубко Івана Аляксандравіча, які жыве па вул. убарэвіча 124-58. Адразу я запатрабаваў адваката (шаноўныя, гэта варта і абавязкова рабіць заўжды), на што высокі суд паведаміў, што “дзе мы ўвозьмем адваката і навошта ён увогуле?”, пасьля чаго пайшоў на абвешчаны перапынак хвілінаў на 30.
У гэты час, дзякуючы намаганьням маіх блізкіх людзей, адвакатка, выпісаная з суседняй калегіі адвакатаў вырашыла весьці маю справу. Ёй параілі параіць мне прызнаць віну ў брутальным брыдкаслоўі, каб дамагчыся штрафу замест некалькіх дзён у нумарах.
Пасьля аднаўленьня паседжаньня судовага гэта і было зроблена. І мая мілая судзьдзя прысудзіла мяне да 850 тысячаў штрафу на карысьць бацькаўшчыны і ўсяго народа. Майму суседу па камеры далі 10 дзён.

поводы для нерадости, забавное, о жизни

Previous post Next post
Up