«Наша Ніва»: Аляксандр, ці сапраўды вырашылі не вяртацца ў краіну?
Аляксандр Атрошчанкаў: Так, не збіраюся. Ад 3 верасня я не ў Беларусі.
«НН»: Чаму прынялі такое рашэнне?
АА: Як я і казаў, 3 верасня я вяртаўся ў Беларусь з міжнароднай канферэнцыяй. Вяртаўся цягніком з Расіі, партызанскімі шляхамі. У цягнік была спроба затрымання, арышту ці выкрадання мяне. Не ведаю нават, як гэта назваць. За некалькі прыпынкаў ад Мінска вагон пачалі заходзіць па аднаму чалавеку ў цывільным, якія сачылі за мной. Я патэлефанаваў Наталлі Радзінай, сваёй жонцы. Паведаміў, што магу быць арыштаваны. Але я здолеў увесці гэтых людзей у зман і адарвацца. У Мінску я нават не заходзіў дадому, бо разумеў, што там мяне могуць чакаць, а адразу вылічваў шляхі адступлення.
«НН»: Як выязджалі з краіны?
АА: Не хацеў бы паліць кантору, бо такім шляхам яшчэ могуць скарыстацца іншыя людзі.
«НН»: Дзе вы цяпер?
АА: У Варшаве. Збіраюся тут заставацца.
«НН»: Сям’я з вамі, ці засталася ў Беларусі?
АА: Ад нядаўняга часу яны разам са мной: і жонка, і сын.
«НН»: Чым займаецеся ў Варшаве?
АА: Грамадскай дзейнасцю на карысць Беларусі.
«НН»: Будзеце прасіць палітычны прытулак?
АА: Не хацеў бы. Буду глядзець. Пакуль што я разглядаю сваё знаходжанне ў Варшаве, як доўгатэрміновую камандзіроўку.