Патрэбны нам свой беларускі камп’ютарны шрыфт

Apr 16, 2024 02:24


Як вядома, большасць кірыліцкіх шрыфтоў, якімі карыстаюцца беларусы, прыдумана не імі і не для іх. А значыць, яны не прыстасаваны да патрэб беларускай мовы так, як іх належала б прыстасаваць. Якім жа павінен быць нацыянальны беларускі шрыфт?

1. У беларускім шрыфце трэба удзяліць увагу апострафу, каб ён добра спалучаўся з усімі літарамі, не быў занадта малы і не размяшчаўся занадта высока над радком.

2. Літара «і» не павінна быць проста палачкай з кропачкай. Яе трэба рабіць шырэйшай па той прычыне, што яна часта стаіць у канцы слоў і мяняе іх граматычную форму («яблыкам - яблыкамі, верф - верфі»), а таму гэта літара заўсёды павінна быць вельмі добра відна.

3. У нашым шрыфце добра было б зрабіць больш рэзкую розніцу паміж літарай «з» і лічбай «3», бо ў нас ёсць прыназоўнік «з», які часта ўжываецца. З гістарычнага гледзішча, магчыма, найлепш было б, каб у нашым беларускім шрыфце літара «з» выглядала як «ꙁ», пры гэтым хвосцік унізе можна зрабіць зусім малым.

4. Літара «ы» ў беларускай мове - гэта нейкі перажытак, але новую літару партызанскім спосабам замест яе мы завесці не можам. Тады трэба пакуль што проста пісаць літару «ы» не двума асобнымі значкамі, а адным значком (гэта значыць зліць гэтыя два значкі «ь + ı» ў адзін значок-лігатуру). Гэта можна зрабіць ў межах шрыфту. Ужо цяпер ёсць шрыфты, у якім «ы» выступае як лігатура (напрыклад, шрыфт Gosznak1). Наш беларускі шрыфт павінен быць адным з такіх шрыфтоў.



5. У камп’ютарных шрыфтах часта прадугледжваюцца лігатуры для пэўных спалучэнняў літар. Зусім ясна, што ў шрыфце, створаным для беларускай мовы, павінны быць прадугледжаны як мінімум дзве лігатуры: лігатура «дз» і лігатура «дж». Іншыя лігатуры не абавязковыя, але магчымыя - для частых спалучэнняў літар (у прыватнасці, можна прадугледзець лігатуры для спалучэнняў літар, якія часта сустракаюцца ў канчатках: «ая»«ую» і г. д.).

6. Зуб у літары «ґ» павінен быць добра відзён. Няважна, ці ён будзе просты, ці ён будзе нахілены ўправа ці ўлева. Гэта ўжо залежыць ад дызайнера. Галоўнае - каб не трэба было прыглядацца, каб яго пабачыць. Робячы «ґ» высокай літарай, можна арыентавацца на вышыню такіх літар, як «ё», «ў» і «й».

7. У беларускай мове часта бывае небходнасць абазначаць націск дзеля большай яснасці значэння слова («пáдае - падаé» і падобныя выпадкі). У нашым беларускім шрыфце гэтаму павінна быць удзелена асаблівая ўвага, каб націскі можна было ставіць над усімі галоснымі літарамі без тых праблем, якія часта ўзнікаюць пры карыстанні іншымі кірыліцкімі шрыфтамі.

8. У аснову нашага шрыфту трэба палажыць Century Schoolbook, лёгкі для чытання шрыфт, знаёмы ўсім беларусам з маленства.
Previous post Next post
Up