Беларуская газэта - Культура мовы # 8

Mar 03, 2013 00:48

Працягваю публікаваць вытрымкі з рубрыкі "Культура мовы" Беларускае газэты, №12 (130) ад 13 лютага 1943

Звароты да асобаў

P.S. На маю думку, асабліва цікавым у гэтым нумары зьяўляецца апісаная розьніца паміж словамі "сябар" і "таварыш".
[Глядзець тэкст і адсканаваную выяву]Сябра, сяброўка і таварыш, таварышка

Сябра ў дачыненьні да мужчыны, і сяброўкай ў дачыненьні да жанчыны абазначаюць супольніка (=маск. "соучастник") або супольніцу й "калегу". Гэтак, сябрамі або сяброўкамі будуць тыя, што маюць супольную ці - інакш - сябраную маемасьць. Таксама сябры, сяброўкі будуць вучні або настаўнікі тае самае школы ды людзі, што належаць да таго самага таварыства, наагул арганізацыі, асабліва палітычнае партыі. У шырэйшым значаньні ўсе беларусы - сябры міжсобку, бо маюць адну супольную ідэю - адраджэньне свайго народу.

Можна быць асабістым супраціўнікам, нават непрыяцелем і адначасна быць сябрам, сяброўкаю, калі маеш супольную ідэю, але адно тыя будуць таварышамі, таварышкамі, што ў блізкіх прыязных асабістых дачыненьнях. Можна сказаць, што таварышам або таварышкаю будзе той наш прыяцель або прыяцелька, што, будучы з намі болей меней аднаго веку, з намі разам або блізка жывуць, часта сустракаюцца, бываюць у тых самых месцах - адным словам, таварыства абазначае суб'ектыўныя асабістыя дачыненьні, а тым часам сяброўства абазначае дачыненьні аб'ектыўныя.

Тайка, тайнік

Тайка - і - зьменшанае - таечка служаць прыяцельскім ветлым і нават інтымным зваротам паміж жанок у Магілёўшчыне й Чарнігаўшчыне. Як харошы й чыста арыгінальны наш зварот, ён заслугоўвае на захаваньне й пашырэньне.

Слоўнік В. Ластоўскага падае йшчэ аднакарэнныя й блізказначныя словы: "тайнік, тайкаваць, тайкуюць, тайкаўня, стайкавацца" і тлумачыць: "тайнік, тайка - той, перад кім няма сакрэту, нічога тайнага" (Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік", бал. 163).

Такім парадкам, "тайнік, тайка" абазначаюць інтымнасьць у прыяцельскіх дачыненьнях.

Грамада, грамадзтва, грамадзянства, грамадзкасьць, грамадзянскасьць, грамадзейскасьць

1. Слова "грамада" перадае тое, што парасейску абазначаецца словам "мир" або "община". Як апошняе слова, яно абазначае просты збор раўнапраўных і самастойных асобаў у іхным сужыцьці.

2. Наватвор "грамадзтва", што ня дужа даўно зьявіўся ў нашай мове, выяўляе ўжо вышэйшую, раўнуючы да "грамада", ступеню зборнасьці (што выказваецца суфіксам - ства - падобна, як мяшчанства, сялянства і інш.) Грамадзтва адказвае рас. "общество".

3. Слова "грамадзянства" выводнае не ад "грамада" беспасярэдня, але ад "грамадзянін" (маск. "гражданство", "граждане" пры зваротах, калі ў вадзіночным ліку слова "грамадзянін" выражае далёкія дачыненьні прыналежнасьці да аднаго грамадзянства).

Гэтым прадметнікам будуць адказваць гэткія прыметнікі: грамадавы (да "грамада"), адпавядае маск. "общинный"; грамадзкі (да "грамадзтва") - маск. "общественный"; грамадзянскі (да "грамадзянства") - маск. "гражданский".

Ад прыведзеных прыметнікаў паўстануць гэткія абстрактныя прадметнікі: ад "грамадавы" - грамадавасьць ("общинность"), ад "грамадзкі" - грамадзкасьць ("общественность"), ад "грамадзянскі" - грамадзянскасьць ("гражданственность").

У народнай мове здаралася чуць яшчэ адно слова, выводнае ад "грамада" - грамадзейскі ў значаньні маск. "общительный", значыцца той, які любіць быць у грамадзе, у таварысьцьве. Яго можна прыняць таксама ў мову літаратурную. Выводнае ад грамадзейскі будзе грамадзейскасьць - "общительность".

Злучанае грамадаведа адказвае маск. "обществоведение".




P.S. Яшчэ пра "тайніка" і "тайку" - у 14-м нумары газэты (дапаўненьне) [1]
Previous post Next post
Up