Татарскія могілкі мястэчка Гарадзішча.

Dec 07, 2024 22:27

Ад галоўнай вуліцы мястэчка Гарадзішча па беразе Сэрвачы адыходзіць невялікая вуліца з трывіяльнай назвай Пралетарская. Сёння на ей захаваўся які дзесятак дамоў, уключна з мясцовай камунальнай лазняй. А раней тут была мясцовая татарская слабада, дзе татары жылі, верагодна, аж з часоў вялікага князя літоўскага Аляксандра. У канцы вуліцы была крыніца, якая і дагэтуль носіць назву Татарская, і высокі пагорак, на якім знаходзіцца мізар - татарскія могілкі.
Пагорак даволі занядбаны, але не да такой ступені, як на фактычна знішчаных габрэйскіх могілках.






Асноўную частку надмагілляў складаюць магутныя замшэлыя палявыя камяні з арабскай вяззю.



Там, дзе ёсць лічбы, магчыма адшукаць даты ў асноўным з другой паловы 19 стагоддзя.



Сярод іншых вылучаецца адна магіла ў каванай агароджы і, на жаль, з разбураным гранітным помнікам.



Аляксандр Багдановіч 1906 г.



Відаць, род Багдановічаў быў адносна заможны. Акрамя тыпу помнікаў аб гэтым кажа і польская мова на іх - гэта значыць, што людзі мелі зносіны не толькі са сваімі адзінапляменнымі рамеснікамі, але і са шляхтай.




Ёсць шмат пахаванняў і савецкага часу - часу дэградацыі і вымірання мясцовай татарскай грамады. Некаторыя магілы даглядаюць сваякі, што прыязджаюць сюды з іншых гарадоў, што не дае могілкам канчаткова загінуць. Некаторыя магілы даглядаюць нават нашчадкі з Польшчы, куды пасля 2-й сусветнай вайны было вымушана з’ехаць шмат тутэйшага насельніцтва.



Татары зніклі ў Гарадзішчы з-за разбурэння традыцыйнага ладу свайго жыцця. Калі стала немагчыма займацца вольнымі рамёствамі і гандлем, вызнаваць сваю спрадвечную рэлігію. Цікава і сімвалічна, што апошняя татарка ў Гарадзішчы, Халіма Якаўлеўна, у савецкія часы была настаўніцай беларускай мовы ў мясцовай, ужо рускамоўнай у цэлым, школе.

Гарадзішча, Татарскія могілкі

Previous post
Up