Старыя каталіцкія могілкі
мястэчка Зембін на Барысаўшчыне знаходзяцца непасрэдна за апсідай руінаў слыннага мясцовага касцёла Ўнебаўзяцца Панны Марыі, пабудаванага графам Яўхімам Храптовічам у пачатку 19 стагоддзя. А з’явіліся яны тут, верагодна, яшчэ раней, у 17 стагоддзі, калі быў заснаваны зембінскі дамініканскі кляштар. Зембінскія могілкі ўсё яшчэ выглядаюць вельмі маляўніча нягледзячы на тое, што яны відавочна рабаваліся і пашкоджваліся вандаламі ў савецкі час.
Калісьці вакол была добрая каменная агароджа, рэшткі якой яшчэ захаваліся дзе-нідзе. Але большая частка разабрана, відаць, пад фундаменты для мясцовых хат.
На могілках ёсць старажытныя каменныя крыжы, надпісы на якіх, пэўна, варта расшыфроўваць адмыслоўцам-эпіграфікам. Ім можа быть і шмат сотняў гадоў.
Але асноўная колькасць надмагілляў адносяцца да 19 стагоддзя, прычым трапляецца шмат помнікаў менавіта першай яго паловы - гэта ўжо пэўная старажытнасць для нашых могілак. Ля касцёла ў Зембіне пахавана шляхта з ўсёй старой воласці. Як буйныя землеўладальнікі, сядзібы якіх вызначалі аблічча ўсяго краю, так і не надта заможныя жыхары невялічкіх мясцовых фальваркаў ды засценкаў. На дзіва шмат і сялянскіх надмагілляў, улічваючы, што большасць сялян на Барысаўшчыне былі традыцыйна ўніяцкага, а потым і праваслаўнага веравызнання. Ёсць і загадкавыя надгробкі, напрыклад, гэтая безыменная амаль што каплічка са зламаным крыжам. Ці не пахаваны тут той французкі афіцэр 1812 года з мясцовага падання?
Ці, напрыклад, магіла Вінсэнта Тольксдорфа, які памёр ў 1844 годзе. Няшмат хто ведае гэта прозвішча нямецкага паходжання. А між тым, гэты род уваходзіў у спіс шляхты Мінскай губерніі, а шляхецтва сваё яны падцвердзілі яшчэ ў Рэчы Паспалітай пры каралі Станіславу Ляшчынскім. І іх шляхецкі герб быў такі ж, як і ў нашага Вялікага княства - Пагоня.
А калі памерлі Пётр і Марыя Катажына Стрэтовічы? Мяркуючы па суворай архітэктуры іх пахіленай ўжо капліцы і каменнай шыльды на ёй - дзесьці ў пачатку 19 стагоддзя, калі нават не ў канцы 18-га. Шляхцічы Стрэтовічы валодалі не надта вялікімі фальваркамі Любча, Баковічы і Міхалова ў 3 кіламетрах на поўдзень ад Зембіна. Але род свой яны вялі ад Стрэта - гараднічага ў Троках канца 15 стагоддзя. І яшчэ мелі свой даволі рэдкі герб пад назвай
“Тры Тарчы”.
А вось тут ужо без усялякіх загадак - цэлы Прэзідэнт! Прэзідэнт гранічнага суду Барысаўскага павета Станіслаў Пятроўскі. Будучы на гэтай пасадзе, Станіслаў прыдбаў сабе маёнтак Кімія ў суседняй вёсцы на поўнач ад Зембіна. Пятроўскі, відаць, вельмі шанаваў сваё шляхецкае прозвішча і нават свайго сына назваў экзатычным імем Пётраслаў.
Дарэчы, вось і ўласна Пётраслаў разам з жонкай Леантынай з Кавалеўскіх. Прыгожы быў некалі помнік з ланцугамі на слупах вакол.
Адам і Марыя Ліхадзіеўскія - нашчадкі ўладальніка ў пачатку 19 стагоддзя галоўнага зембінскага маёнтка Крыштафа Ліхадзіеўскага, былога стольніка мінскага. Пасля 1812 года Ліхадзіеўскія збяднелі, прадалі свой галоўны маёнтак ды мелі невялічкі фальварак Адамарын на поўдзень ад Зембіна, названы так, падобна, у гонар гэтага самага Адама Ліхадзіеўскага.
Адам Манюшка - з таго ж роду герба “Крыўда”, што і
наш славуты кампазітар і яго стрыечны дзядзька. Валодаў сядзібай Замошша, што яшчэ паўночней за Кімію ад Зембіна. У 1863 годзе агітаваў сялян да паўстання і пераходу ў каталіцтва за што быў арыштаваны і сасланы ў Арэнбургскую губерню. Мяркуючы па гэтай магіле, пазней яму ўсё ж далі памерці на радзіме.