Сёньня вёска Некрашунцы ўяўляе сабою 7 адасобленых гаспадарак-хутароў у Доцішаўскім сельсавеце Воранаўскага раёна амаль пры самай мяжы зь Літвою. Хаты хаваюцца ў зеляніне дрэў, цішыня і спакой пануюць навокал.
Але так было не заўжды - яшчэ 70 гадоў таму Некрашунцы былі цэнтрам вялікай мусульманскай парафіі са сваім мячэтам, куды акрамя Некрашунцаў ўваходзілі Мількунцы, Уланаўшчына, Талькунцы, Камейшы, Алякшышкі і мноства іншых спрадвеку татарскіх маёнткаў, хутароў, вёсачак.
Некрашунцы - адзін з найстарэйшых асяродкаў татарскага асадніцтва на Беларусі. Гістарычныя крыніцы даюць зьвесткі пра Некрашунцы яшчэ ў 15 стагодзьдзі. У 1795 парафія налічвала 217 асобаў, у 1851 - 364, у 1885 - 291, у 1937 - 244 асобы. Мячэт стаяў на паўднёва-заходняй ускраіне мізара, з 1713 года вяліся метрычныя кнігі. Было 5 мізараў - у Некрашунцах 2, у Мількунцах, Уланаўшчыне і Талькунцах.
Ваколіцы Некрашунцаў - радзіма многіх славутых людзей, сярод якіх варта вылучыць Мацея Сулькевіча і Аляксандра Рамановіча - праслаўленых генералаў і палітыкаў.
Зараз у Некрашунцах жыве толькі адна татарская сям’я - Амурата і Феліцыі Асановічаў. У суседняй вёсцы Алякшышкі жывуць Давыд і Сафія Крыніцкія. Большасьць татараў пасьля 1939 выехала ў Польшчу і парафія распалася. У 1950-ыя гады калгаснае кіраўніцтва разабрала мячэт і зьвезла на дровы ў Васілішкі. Найстарэйшы з трох некрашунскіх мізараў каля вёскі Ўланаўшчына зааралі, папярэдне пусьціўшы надмагільныя камяні на брукаванку Радунь - Нача. Два астатнія мізары знаходзяцца ў вельмі дрэнным стане. Адзін без агароджы, ўвесь зарос хмызьняком, помнікі паваленыя. Другі калісьці быў абнесены каменным мурам, меў металічную браму. Тут хавалі толькі афіцэраў, чыноўнікаў, выбітных асобаў Расейскай імперыі і Польшчы. За савецкім часам з паўднёвага боку выкапалі кар’ер, і сьцяна абвалілася.
Фотагалерэя аднаго з мізараўДаведачныя звесткі пра першыДаведачныя звесткі пра другі