Культавыя дрэвы

Sep 26, 2008 12:57


У старажытныя часы нашыя продкі пакланяліся ciлам прыроды - узгоркам, камяням, азёрам, дрэвам. Высокія ўзгоркі i дрэвы лічыліся шляхам да неба. У святых гаях людзі прыносілі ахвяры язычніцкім божышчам. Тут жа адбываліся сходы жыхароў наваколля. Сляды такіх мясцін захаваліся да сённяшняга дня. Гэта Княжая дубрава каля Турава, Каралеўская дубрава каля пасёлка Першамайскі Шчучынскага раёна, Святы гай каля вескі Ніз Слонімскага раёна, Красны гай непадалек ад вёскі Талачманы Свіслацкага раёна i шэраг іншых.

Пра многія гai яшчэ можна пачуць паданні. Так, паводле народнай згадкі ў бярозавым гai каля вескі Ягнешыцы Слонімскага раёна закапаны скарб, а ў лесе непадалёк ад вёскі Цераховічы Зэльвенскага раёна знаходзіцца куфар з грашыма, які ахоўваюць сабакі. Есць i другія назвы гаёў: Залаты бор, Бабі гай, Замкавы лес, Лес-царкоўка, Бажкоў лес, Дзедаўшчына i інш. Такога тыпу назвы можна сустрэць па ўсёй Беларусі, i паходжанне ix вельмі старажытнае.

Пакланяліся нашыя продкі i асобным дрэвам. Згодна з беларускімі павер’ямі ў дрэве часта пасялялася чалавечая душа. Лічылася, што дрэвы могуць хадзіць, размаўляць, ператварацца ў чалавека і зноў станавіцца дрэвам. Для будаўнніцтва забаранялася выкарыстоўваць дрэвы, паваленыя навальніцай (якія памерлі не сваей смерцю). 3абаранялася таксама браць дрэвы з нарастамі, інакш у людзей будуць каўтуны. Дрэвы, якія выраслі на месцы былога храма (капліцы), маглі быць выкарыстаны толькі для будаўніцтва новай культавай пабудовы або рамонту старой.

Да ХХ стагоддзя захавалася абрадавае кармленне дрэў. Дрэвам насілі хлеб-соль, загорнутыя ў палаценку, лён, грошы. На галінкі вешалі ручнікі.

Часта святымі лічыліся бортныя дрэвы. Яшчэ у 20 - 30-я гады ХХ стагоддзя як да святых ставіліся людзі да бортных дрэў пры дарозе ад вескі Даманавічы Калінкавіцкага раёна да Князь-возера (Чырвонага возера).
Дуб

Найбольшай пашанай ва ўсе часы карыстаўся дуб. У беларускіх казках дуб часта выступае як зброя асілка. Да сённяшніх дзён многія старыя дубы захавалі свае назвы: Волат, Асілак, Перуноў дуб, Святы дуб, Цар-дуб i інш. Напрыклад, Цар-дуб расце ў лесе каля вескі Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна; дуб-Волат ёсць каля вёскі Брыцалавічы Асіповіцкага раёна. У апошнія стагоддзі на многія старажытныя назвы гэтага дрэва наслаіліся пазнейшыя тыпу: Напалеонаўскі дуб, Французскі дуб, дуб Адама Міцкевіча i інш.

У ваколіцах вёскі Міколка на Уздзеншчыне бытуе паданне, што пад дрэвам закапаны залаты скарб, які называюць «французскім скарбам». У час Вялікай Айчыннай вайны каля дуба ў памяць ахвяр быў пастаўлены драўляны крыж.

Архіўныя дадзеныя i краязнаўчая літаратура сведчаць, што ў лесе каля горада Ашмяны яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя быў дуб, які называлі «Дэвайціс». У перакладзе з літоўскай мовы гэга азначае «божышча». Паклонным з’яўляўся i дуб каля вёскі Царкавішча Ушацкага раёна. 3-пад дрэва выцякала крыніца, якая таксама лічылася святой. Вадой з крыніцы лячылі вочы, а ў дупло дуба клалі плату за лячэнне. У 1923 годзе, падчас барацьбы з рэлігіяй, чырвонаармейцы спалілі Святы дуб, але людзі працягвалі хадзіць на гэтае месца i складвалі ахвяраванні на абгарэлы пень.

Яшчэ ў першай палове XX стагоддзя ў весцы Дусаеўшчына Капыльскага раёна існавала паданне пра Змееў дуб, які нібыта раней рос на месцы кургана. Згодна з паданнем калісьці з Захаду на Усход ляцеў змей i сеў на дрэва. Дуб разам са змеем людзі спалілі, i тады на яго месцы ўтварыўся курган.
Сасна

Па асабліваму ставіліся беларусы i да сасны. Пра паклонныя сосны сведчаць нават пісьмовыя крыніцы ХVІІ - XVIII ст. ст. Так, у 1618 годзе на Полаччыне згадваецца «Марына сасна», а каля Віцебска ў 1623 годзе - «Галяшова сасна».

Паблізу Сцеп-каменя, які ляжыць ля вытокаў Віліі, расце сасна - Куліна. Паводле падання яна лічыцца жонкай каменя Сцяпана. Сасну, якая расце на кургане каля вескі Узрэчча Глыбоцкага раёна, завуць Французскай i лічаць, што пад ёй закапаны скарб. Пад сасной нібыта схаваны скарб i паблізу вескі Дзянісы Міёрскага раёна. Паклонная сасна вядома таксама на Святой гары непадалёк ад вескі Стралкі Верхнядзвінскага раёна. На гэтай гары спрадвеку спраўляюць Купалле. Побач з гарой знаходзіцца Святая крыніца, а паблізу - Святое возера. На ўскрайку вескі Мішневічы Шумілінскага раёна ляжыць каменны крыж, а побач расце старая-старая сасна. Згодна з паданнем пад iмi - магіла дзяўчыны.

Яшчэ да нядаўняга часу ў адтуліну адной з трох старых соснаў, якія раслі каля балота паблізу вёскі Шаршуны ў наваколлі Радашковічаў Маладзечанскага раёна, кідалі грошы. Пра гэтае месца існуе паданне, што тут правалілася царква.

У краязнаўчай літаратуры згадваецца надзвычай цікавая сасна, якая яшчэ ў 1910 - 1911 гг. расла каля вёскі Шчыткавічы Старадарожскага раёна. Гэтае месца ва ўсім наваколлі вядома як Шчыткавіцкая прошча. На кары дрэва былі прашкрабаны выявы сабакі, пеўня, ката, бусла i шчупака.
Ліпа

Вялікай пашанай у беларусаў карысталася таксама ліпа. На Браслаўшчыне яшчэ i сёння можна пачуць паданне, паводле якога пасля пажару манастыра на выспе возера Неспіш захаваўся толькі абраз Божай Маці. Пасля таго ён стаў часта аб’яўляцца на ліпе, якая расце на адным з астравоў.

На пачатку нашага стагоддзя шырокавядомымі былі тры «лекавыя» ліпы каля вёскі Капланцы Бярэзінскага раёна. Побач з iмi наладжваліся фэсты і кірмашы. Потым ад удару маланкі адно з дрэў згарэла, але дзве іншыя ліпы працягвалі «лячыць» людзей. Для гэтага хворому трэба было пралезці цераз дзірку ў дрэве, а пасля разарваць на сабе тую частку адзення, якая дакраналася да хворага месца. Разарваную адзежу пакідалі каля дрэва i апраналі новую. Той, хто падбіраў старое адзенне, мог захварэць.

Шмат паданняў звязана i з іншымі дрэвамі - ігрушай, асінай, рабінай, бярозай, вярбой. Калі на Браслаўшчыне абраз Божай Маці з’явіўся на ліпе, то ў Жыровіцах Слонімскага раёна лічыцца, што ў 1470 годзе на ігрушы з’явілася сама Багародзіца. Груша, у якую быў ператвораны конь, фігуруе ў паданні пра культавы камень з выбітымі на iм трыма крыжамі каля вескі Збляны Лідскага раёна. Pacказваюць, што ў гэты камень былі ператвораны два вяселлі. Адно з ix накіроўвалася ў царкву, а другое вярталася ад вянца. За тое, што апошняе, якое атрымала благаславенне, уступіла дарогу першаму, маладыя i кучар былі ператвораны ў камень, а конь - у ігрушу.
Асіна, рабіна, бяроза

Пэўнае месца ў вераваннях беларусау займае асіна. Так, для абароны ад ведзьмы, якая нібыта выдойвае ў кароў малако, карысталіся асінавымі галінкамі. У глыбокай старажытнасці на вогнішчах з aciны спальвалі чараўнікоў. Знахары асінавымі палачкамі лячылі зубны боль, прыкладаючы ix да зубоў, i іншыя хваробы.

Рабіна па беларускіх павер’ях лічыцца мсціўным дрэвам - хто яе ссячэ ці зломіць, то хутка памрэ ці ў яго хаце будзе нябожчык.

Бяроза адыгрывала вялікую ролю ў свяце Семуха (Троіца), якое i сення адзначаецца пасля завяршэння веснавых прац. Бярозкамі ўпрыгожваюць хаты, ставяць каля варот. Раней дзяўчаты i маладыя жанчыны ў полі цi лесе пад бярозкамі елі яешню.

Такім чынам, дрэвы займалі значнае месца ў духоўнай культуры беларусаў. Адгалоскі культу дрэў захаваліся да нашага часу. Несумненна, у поле зроку навукоўцаў трапляе толькі частка такіх звестак. Незвычайныя дрэвы i гai ёсць (ці былі) амаль у кожнай мясцовасцi. Тут яшчэ ёсць што запісваць краязнаўцам. Iнфармацыя пра ўсе мясціны такога тыпу ўключаецца ў Банк дадзеных нашай спадчыны. Новыя звесткі дапоўняць залаты фонд духоўнай культуры беларусаў.

http://www.berezino.by.com

Мадэратарскае PS:
Нажаль, па прыкрай сёньняшняй завядзёнцы, не пазначана ў чувакоў ані аўтарства артыкулу, ані крыніца. Хутчэй за ўсё, гэта крыху перапрацаваны (магчыма, аўтарам) артыкул археоляга Людмілы Дучыц. Поўную вэрсію са спасылкамі на крыніцы можна знайсьці ў часопісе Kryŭja: Crivica. Baltica. Indogermanica. №1(2) - 1996 (у PDF).

паганства, культавыя месцы, міталёгія, скарбы, дрэвы

Previous post Next post
Up