фота
http://triath88.livejournal.com/45432.htmlХто ня быў на Купальлі - таго бадай закапалі. Так кажа народная песьня. Бо хіба што нямоглыя старыя ды ведзьмы з чараўнікамі ня бралі ўдзел у абрадах і ігрышчах падчас самае кароткае ночы году. Усе астатнія - ад моладзі да старажылаў - з задавальненьнем сьвяткавалі: хто зёлкі зьбіраў, хто поле абыходзіў, хто песьні спяваў, хто гарэлачку папіваў, хто скокамі праз вогнішча ачышчаўся, хто дзевак ў стозе ціскаў, хто голым па лесе папараць-кветку шукаў… Па-рознаму было. Разнастайненька.
Дык а што робяць зараз, каб не закапалі? ;)
Купальле - ці не самая папулярная з традыцыйных сьвятаў доследная мышка культпрасвету. Часам эксперымэнты над ёй удалыя, часам- ня надта.
Напрыклад, зь дзяцінства памятаю гарадзкое Купальле ў Слоніме: у парку на адным беразе ракі ставілі сцэну, проста памост на вадзе (ці то на сваях, ці то на пантоне). На сцэне адпякалі фальклёрныя калехтывы, а на супрацьлеглым беразе (шырыня канала там - мэтраў 15-20) таўкліся ля лавачак і проста на пахілым схіле гледачы. У некалькіх месцах па цэнтры ракі на сваях гарэлі вогнішчы, якія ўрачыста запальвалі паходнямі спэцыяльна навучаныя дзядзькі, паважна праплываючы па рацэ ў чаўнох. Пажарная машына, што абавязкова прысутнічала па тэхніцы бясьпекі, таксама ішла ў абарот: рукаво апускалі ў ваду і ўсталёўвалі пасярэдзіне ракі носам дагары - вось вам і фантан! Ваду пажарны насос набіраў тут жа проста з рэчкі.
Па сканчэньні выступаў, на паляне сярод парка падпальвалі пасьвенчанае саляркай вялікае вогнішча. На гэтым, у прынцыпе, афіцыйная частка і сканчалася. Рэжысэр-пастаноўшчык мог выдыхнуць. Неафіцыйная ж працягвалася да апошняга шашлыку і апошняй пляшкі. Трэба сказаць, што месца ў парку не было: паўсюль вакол газэтак з пітвом і закусьсю сядзелі месьцічы, цэлымі сем’ямі. Быў сапраўды гарадзкі маштаб.
Але найбольш ярка запомнілася менавіта сьвята агню і вады. Вогнішчы на вадзе, фантан, паходні, чоўны… Чапляла. Ня ведаю, ці зараз нешта такое там ладзяць.
А тымчасам вясковая і ня толькі моладзь паўсюль на Беларусі паліць на Купальле колы. Дакладней гумавыя покрыўкі ад трактароў і іншых кіраўцаў… У прынцыпе, паліць кола - гэта страх як гістарычна. Іншая справа, што раней колы былі драўляныя. І - што больш істотна - вяскоўцы разумелі (адчувалі?) навошта яны гэта робяць.
Паміж традыцыйным і сучасным разуменьнямі сьвята раскінулася балота бездухоўнасьці, дзе тонуць і гніюць карані. Не без уплыву ўсё таго ж культпрасвету.
Прафэсар Пётра Гуд, загадчык катэдры рэжысуры абрадаў і сьвятаў БДУКіМа, у сваёй кнізе «Беларускае Купалле» зацямляе:
Старажытнае народнае свята летняга сонцастаяння, вызваліўшыся ад рэлігійнай і язычніцкй асновы, з кожным годам заваёўвае ўсё большую папулярнасьць, ператвараючыся ў новае масавае свята, пабудаванае на народных традыцыях. … 1118 культурна-асветных устаноў Беларусі штогод прымаюць удзел у правядзенні Купалля, пераасэнсоўваючы традыцыйныя элементы, прыўносяць у яго шмат новага… Але ў большасці месцаў арганізатары не захоўваюць адну з галоўных жанравых характарыстык народнага свята - масавасць удзелу і ўвасабляюць Купалле ў форме прадстаўлення.
Дарэчы, кнігу гэтую можна параіць усім зацікаўленым у «правільным» сьвяткаваньні Купальля. Грунтоўна і без вады. Раскрываецца сутнасьць сьвята, прывозяцца рэгіянальныя адметнасьці, прыклады, рэкамэндацыі па рэканструкцыі. У 2006 годзе пабачыла сьвет ужо другое выданьне кнігі. Набыць яе можна ў кнігарнях, прынамсі ў кнігарні менскага Ўнівэрсітэта Культуры, альбо ў аўтара.
Дык вось ува ўступнай частцы кнігі Гуд - дасьведчаны этнограф і аўтарытэтны рэжысёр, які ведае ўсю «кухню» знутры - прызнае: …значная колькасць культработнікаў даволі павярхоўна разбіраецца ў пытаннях купальскай абраднасці. Адсутнасьць дастатковых фальклорна-этнаграфічных ведаў у гэтай галіне прыводзіць да няправільнай творчай трактоўкі асобных фрагментаў свята.
Так ва Ушачах і некаторых іншых мясцінах галоўнай дзеючай асобай стаў Нептун - персанаж старажытнарымскай міфалогіі, прысутнасць якога на Купаллі ўшчэнт разбурае беларускую народную традыцыю. Пошукі «новага» прывялі да таго, што ў Століне на свяце летняга сонцастаяння ля ракі Капанец з’явіліся такія персанажы як «акула», «селядзец», «язва» і «лапа»! Падобныя мясцовыя аметнасці… знішчаюць Купалле як духоўную з’яву беларускай культуры.
Няведаньне сэнсу і значэння таго ці іншага абраднага дзеяння прыводзіць да таго, што… ў выніку свята ператвараецца ў падробку пад Купальле, няправільна арыентуе гледачоў на ўдзел у святочных дзеяннях.
Гуд П. А. Беларускае Купалле: кампазiцыя i семантыка абрадавых дзей, Мн. 2006 - с. 9- 10
А на што ж тады арыентуюцца гледачы? Пра гэта трапна
піша ЖЖ-юзэр
ragniedka:У ноч з 23 на 24 чэрвеня беларусы традыцыйна сьвяткуюць Купальле. Каранямі гэтая традыцыя ўходзіць у далекія паганскія часы, калі чалавек так залежаў ад прыроды! Першае пісьмовае ўзгадваньне сьвята датуецца 1175 годам (Цьвярскі летапіс), а ў Іпацьеўскім летапісе пад 1262 годам месьціцца наступны запіс: "Литва изгнаша ездов на каноун Ивана дни на сама Коупаль". На жаль, ужо ў ХХ стагодзьдзі сьвята пераўтварылася ў масавыя гуляньні з алькаголем, гандлевымі кропкамі, дзе прадаваліся ўсе тыя ж сьпіртавыя напоі. Сьвята папросту стала папсовым: зьбіраліся на ім усе, і тыя, каго цікавілі традыцыі, і тыя ж Шарыкавы, звычаі забываліся, а самое Купальле было толькі чарговай нагодай, каб напіцца. Зараз жа ў гэтую кароткую летнюю ноч зноў зьбіраецца моладзь, каб як і іх далекія продкі жартаваць, скакаць праз вогнішча, танчыць, сьпяваць і марыць пра шчасьце і каханьне.
Масавыя сучасныя гуляньні на Купальле - ня толькі беларуская забаўка. Вось напрыклад што расказвае
e-ndrus:Мінулую ноч Літва сьвяткавала Купальле. Тут гэта афіцыйнае сьвята і выходны дзень. Літоўцы сьвяткуюць Купальле не па хрысьціянскаму канону, як у Беларусі, а паводле традыцыйнага календару. Згодна з паганскай традыцыяй Купальле мусіць адзначацца ў ноч летняга сонцастаяньня, а не на дзень сьвятога Яна.
Гэтай ноччу ў Вільні па ўсім горадзе адбываліся сьвяточныя купальскія мерапрыемствы. „Tebunie Naktis” (хай будзе ноч) - так завецца купальскі фэст у Вільні. Імпрэзаў было шмат: канцэрты, танцы, бясплатныя выставы. Некаторыя музэі, сьвятавыя, мастацкія экспазыцыі адбываліся і пад адкрытым небам у самым цэнтры гораду. У Сярэйкішскім парку спачатку быў канцэрт, а потым да раніцы паказвалі фільмы. Ля філязофскага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту паэты чыталі вершы і гралі музыку. У неба запускалі паветраных цмокаў, да гіганцкага купальскага кола ля ратушы можна было прывязаць стужачку са сваімі пажаданьнямі альбо аўтографамі.
http://westki.info/blogs/1298/adnym-kupallie-druhіm-futbolА вось крыху нечаканае меркаваньне аднаго з старажылаў беларускага Адраджэньня, сябра легендарнай суполкі
«Талака» Сяржука Вітушкі:Купальле - гэта добра… От, помню, калісь зьбярэмся, паедзем дзе на прыроду, запалім вогнішча і пяём, пяём праз усю ноч…
А калі сур’ёзна, дык сёньня я трохі скептычна паглядаю на спробы “адрадзіць” Купальле. Мой пэсымізм выкліканы практычным досьведам. Спачатку на нашых сьвятах зьбіралася чалавек 50-100 талакоўцаў. Усе адзін аднаго ведалі, усе ведалі песьні, абрады, бо перад гэтым праводзілі спэцыяльныя заняткі. Перад намі выступалі прафэсійныя фальклярысты, самі кніжкі пачытвалі. Гэта паўтаралася з году ў год, так што былі трохі адукаваныя. У маім архіве засталася тэчка колішніх сцэнароў. У выніку ніхто ніколі не напіўся, не зблудзіў, не ўтапіўся. Было вясёла і адначасова надзейна, спакойна. Потым падумалі - калі нам так добра, дык і іншым будзе. Сталі запрашаць, агітаваць. Пачалі прыходзіць, тысячы… І сьвята разбурылася. А ў Літве зрабілі Купальле выходным днём і цяпер на першым месцы камэрцыя - піва ды шашлыкі.
Мая парада будзе такая. Арганізуйце на нейкай сцэне купальскі канцэрт для шырэйшай публікі. Запрасеце фальклёрны калектыў, найлепш аўтэнтычных бабуляў. Можна прачытаць вершы пра Купальле, можна артыстычна прачытаць апісаньні колішніх абрадаў. Можна прыдумаць для публікі ўсялякія конкурсы, лятарэі, іншыя забавы. А ўжо потым зьбярыце надзейных сяброў і пайдзеце зь імі ў вандроўку. Знайдзеце прыгожае месца. На мой густ, возера побач можа й ня быць, пакупацца-пакачацца і ў расе можна. Лепей, каб было такое месца, адкуль можна было б назіраць узыход сонца. Зь ім на Купальле нешта робіцца. Яно “грае”. Пасядзіце каля вогнішча, пасьпявайце, як умееце, зварыце купалішу - віна зелянога… І будзе вам сапраўднае сьвята.
http://old.svabodaby.net/index.php/2007/06/14/256/(далей па тэксьце падаецца рэцэпт «віна зелянога» ;))
Такім чынам, звычайная сёньня праблема балянсаваньня на канаце праўдзівасьці над безданьню папулярнасьці для традыцыйных сьвятаў таксама дужа актуальная. І толькі час пакажа, што стане з канатаходцамі. ;)
Ну і напрыканцы паглядзім фотарэпартажы з сёлетніх сьвяткаваньняў:
Так сьвяткавала Студэнцкае Этнаграфічнае Таварыства на азернае выспе на Ўшаччыне:
Яшчэ некалькі іншага аўтара:
Ужо 11 год сьвяткаваньне адбываецца на тым самым месцы, дзе калісь купалілі тамтэйшыя вяскоўцы. Некалькі год таму разам з моладзьдю ўдзел яшчэ бралі і старыя бабулі з навакольля, але зараз ім здароўе ўжо не дазваляе.
Вёска Мосар, Глыбоцкі раён, Віцебская вобласьць:
Адметны ўдзел сьвятароў у паганскім па сутнасьці рытуале ;) А вось
крытычны погляд на Мосарскае Купальле з мульцікамі і дыскатэкай.
А вось - беларусы Масквы:
Ну і ўжо памянёнае ў суполцы Купальле ў
Музэі народнай архітэктуры і побыту:
А вось іншыя фоткі з гэтай жа імпрэзы:
ЗЫ Сябры, а на якіх Купальлях вы бывалі? Як сьвяткуюць ці сьявяткавалі у вашым рэгіёне?
Калі ласка, падзяліцеся ўспамінамі і ўражаньнямі. Цікава ж :)
ЗЫЫ Спасылкі на фотарэпартажы таксама вітаюцца - мо пабачым маштабы гэтай заразы ;)))