(no subject)

Jul 26, 2012 11:17


Працягваю  запісы пра беларускую народную кераміку. Сёння раскажу пра  адначасова просты і цікавы ганчарны выраб - макотру.
МАКОТРА (макацёр, макітра, макотрык, цёрла, цёрніца)


Мая макотра для бабулі



Што нам кажа Энцыклапедыя  этнаграфіі?

“МАКАЦЁР, ганчарны выраб; глыбокая гліняная пасудзіна з слабапрафіляваным тулавам і шырокім вусцем, часам з 1-2 вушкамі, якая служыла переважна для расцірання маку і інш.прадуктаў. Пасудзіны, падобныя формаю на М. вядомы па археалагічных раскопках з жалезнага веку. Паводле цэхавых статутаў 17 ст. (Мінск, Полацк) М. быў адным з прадметаў, які былі павінны вырабіць чаляднікі ў час экзамену на званне майстра. У залежнасці ад прымянення М. былі ўніверсальныя і спецыялізаваныя. Універсальныя М. ужывалі для расцірання прадуктаў, а таксама для гатавання ежы ў печы, заквашвання цеста і інш. Іх выраблялі з фармовачнай масы павышанай вогнетрываласці (гліны з дамешкамі жарствы ці пяску) гартаваныя, чорназадымленыя, радзей проста абпаленыя з шурпатай унутранай паверхняй (памерамі звычайна - 1-4 л). Бытавалі паўсюдна. Сярод спецыялізаваных М. вылучаліся М “на мак”, “на бліны”, “на бабку”. М. “на мак” (для расцірання маку, канаплянага і льнянога семя) бытавалі пераважна ў зах. і цэнтр. раёнах. Выраблялі непаліванымі з якаснай фармовачнай масы без дамешкаў. На ўнутраную паверхню для лепшага расцірання прадуктаў вострай палачкай або драчкай (накшталт грэбеня) наносілі палоскі. М “на бліны”, для заквашання цеста і інш., пашыраныя амаль паўсюдна, выраблялі паліванымі звычайна з вушкамі па баках (памерамі 3-20 л). М.“на бабку” (для смажання, размінання варанай гародніны) бытавалі па У і ПдЗ. Мелі чорназадымленую або паліваную паверхню, памеры 2-2,5 л. Лакальныя асаблівасці М. выяўляюцца таксама ў мясцовых назвах: макацёр  - на Падняпроўі і сумежных з ім паўднёва-ўсходніх раёнах Падзвіння, у Цэнтральнай Беларусі, макотра- на Палессі, цёрла, цёрніца - на Падзвінні, Панямонні, Цэнтральнай Беларусі, вярцега, мяліца - на ПдЗ Беларусі. У сярэдзіне ХХ ст. М. выйшлі з масавага ўжытку. С.А. Мілючэнкаў”.

Такім чынам, макотры вырабляліся паўсюдна, адзначаліся незвычайнай відавай разнастайнасцю, шырокім побытавым ужываннем ды рознай мясцовай тэрміналогіяй. У назве і ў змесце гэтага запісу я ўжываю тэрмін “макотра”, таму што менавіта так назвала гэты выраб наша бабуля.

Больш звестак аб макотры я даведалася з кнігі С.А. Мілючэнкава “Беларускае народнае ганчарства”.


Макотры. Ф. Вашчыла. 1981 г. Вёска Ганевічы Клецкага раёна Мінскай вобласці. Гліна, гартаванне. З калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі (http://www.histmuseum.by/ru/keramika2/)

Час з’яўлення макотры дакладна вызначыць пакуль не змаглі, хоць блізкія па форме сасуды вядомыя з даўніх часоў. Яны выяўляюцца ў кераміцы жалезнага стагоддзя і пазней, у перыяд феадалізму, але, на жаль, іх функцыянальная спецыфіка не зусім зразумелая і пра яе можна толькі здагадвацца. Пісьмовыя звесткі пра макотру на тэрыторыі Беларусі адносяцца да першай паловы XVII ст. У тэксце статутаў менскіх і полацкіх ганчароў, складзеных на старапольскай мове, яна згадваецца пад назвай “doynica” , “doinica”. Гэты тэрмін,  які не сустракаецца ў вытворчай лексіцы беларускіх ганчароў, ужываўся ў пачатку ХХ ст. у форме “donica”  тоесна назвам “makotra”,  “makutra”, “ wierciocha” на тэрыторыі Польшы. Падобныя тэрміны - “дзіница” “дійниця”, “макітра”, “макотра” існавалі і ў лексіцы заходнеўкраінскіх ганчароў. У рускіх з гэтых тэрмінаў былі вядомыя толькі “макитра”, “макотра”, а больш шырока ўжывалася рэгіянальная назва посуду дадзенага тыпу - “опарница”, “опарник”, што адлюстроўвала спецыфіку яе прызначэння, звязаную з закваскай цеста.

На Беларусі ў шмат якіх ганчарных цэнтрах макотры мелі пэўную адметнасць у абрысах сілуэту, аднак  найбольш выразныя лакальна-тэрытарыяльныя асаблівасці выяўлены не ў форме, а менавіта ў мясцовых назвах, якія маюць кампактнае, арэальнае распаўсюджванне.

На паўдневым усходзе - басейне Прыпяці, ніжняй плыні Бярэзіны і Дняпра рамеснікі называлі пасудзіну “макотрай”, “макотркай”, “макотрыкам”. У ёй расціралі мак, яечныя жаўткі, тварог, ставілі цеста. Прычым у некаторых цэнтрах керамічнай вытворчасці макотры рабілі паліванымі і прызначалі іх толькі для закваскі цеста, што не выключала, канешне, і іншага побытавага выкарыстання, але ж не звязанага з расціраннем прадуктаў. Макотра ў гэтай мясцовасці мела прысадзісты альбо выцягнуты сілуэт, які дугападобна, а часам амаль па роўнай лініі пашыраўся ад дна да вусця  і канчаўся часцей за ўсё гарызантальна адагнутым венцам ці проста патаўшчэннем у выглядзе вузкай палоскі па краі.

Вышэй па плыні Дняпра - на Магілёўшчыне і часткова паўднёвай ускраіне Віцебшчыны панавала блізкая да “макотры” назва сасуда “макацёр”, “макацёрчык”. Ён тут меў больш разнастайную форму і прызначэнне і выкарыстоўваўся звычайна для прыгатавання бульбяной бабкі, для закваскі цеста, а таксама для сцэджвання малака, гатавання тварагу, захоўвання смятаны, варэння і інш. У адпаведнасці з гэтымі функцыямі, нягледзячы на выкарыстанне ў якасці посуду для печы, макотру тут выраблялі ,як правіла,цалкам глазураванай, ёмістасцю ад аднаго да дзесяці-пятнаццаці, а часам і да дваццаці літраў. Асабліва вялікія рабілі сасуды для цеста, якія мелі два вушкі па баках, каб было спадручней падымаць і перастаўляць іх з аднаго месца на другое. Макотры для запякання бабкі вызначаліся адносна невялікай ёмістасцю, разлічанай на 1-2 л, і вушак не мелі. Такім чынам, функцыянальнай асаблівасцю макотры ў дадзенай зоне, галоўным чынам на Магілёўшчыне, было тое, што яна прызначалася не для расцірання прадуктаў. Толькі ў адзінкавых выпадках на поўдні цэнтральнай Віцебшчыны “макацёр” выконваў функцыю згодна са сваёй назвай.

У большасці ж ганчарных цэнтраў Віцебшчыны дадзены посуд называлі тэрмінам “цёрла”, які распаўсюджваўся на поўдзень да Міншчыны, Гродзеншчыну і паўночна-ўсходнюю ўскраіну Брэстчыны, на тэрыторыі якіх таксама часта сустракалася назва “цёрніца”. Пад кожнай з гэтых дзвюх назваў вядомыя дзве разнавіднасці макотр: універсальная і спецыялізаваная. Першую выраблялі пераважна сельскія рамеснікі. Яна была з грубай фармовачнай масы з прымешкам жарствы і выкарыстоўвалася для расцірання прадуктаў, закваскі цеста, а нярэдка выступала ў якасці посуда для прыгатавання ежы ў печы. Спецыялізаваная макотра вядомая ў двух варыянтах толькі ў ганчарных цэнтрах гарадскога тыпу. Першы варыянт спецыялізаванай макотры - “цёрніца на мак” адзначаны, напрыклад, у асартыменце вырабаў ракаўскіх і івянецкіх майстроў, якія фармавалі гэты посуд з адной гліны, але наносілі вострай палачкай ці грэбнем палоскі на ўнутраную паверхню, каб лепей расціраўся мак ды іншыя прадукты. Другі варыянт спецыялізаванай макотры - “цёрніца на бліны”, якая рабілася паралельна з першай, а таксама незалежна ад яе, і служыла  для замешвання цеста, захоўвання і пераапрацоўкі малочных прадуктаў і адзначалася гладкім ды паліваным з абудвух бакоў чарапком, часта мела вушкі.


На гэтым здымку добра бачна шурпатая унутраная паверхня макотры. Я зрабіла яе з дапамогой вострай палачкі.

На паўдневым захадзе Беларусі таксама выраблялі два віды макотр, якія крыху адрозніваліся з-за асаблівасцяў ужывання ад тых, якія панавалі на паўночным усходзе. Сасуды першага віда мелі ўніверсальнае прызначэнне, нягледзячы на тое, што яны не выкарыстоўваліся для прыгатавання ежы ў печы. Яны былі дастаткова вялікіх памераў, ёмістасцю звычайна не меньш як 3 л, заўсёды без вушак і фігуравалі пад назвай “верцега”, а зрэдку “мяліца”, “мялка”. Па свайму паходжанню  тэрмін “верцега” ў адрознені ад усіх іншых беларускіх  назваў макотры звязана не з функцыянальнай спецыфікай прадмета, а з тэхнікай расцірання, якое рабілася невялікай палкай праз рытмічныя кругавыя рухі. Сасуды другога віду - “мялкі”,  “мялачкі” з’яўляліся больш спецыялізаванымі. У іх запякалі бабку, мялі вараную бульбу, прыгатавалі іншыя стравы. Сілуэтам яны нагадвалі “верцегу”, але абавязкова мелі вушка і вызначаліся параўнальна невялікім аб’ёмам, разлічанным на 0,5-1,5 л. Вырабляліся простымі, а пазней і паліванымі.


Макотры з в.Гарадная



Аналіз гаспадарча-побытавай спецыфікі і параўнанне з этымалогіяй мясцовых назваў макотры паказвае, што яе разнавіднасці ўзыходзяць да  аднаго, дастаткова ўніверсальнага па свайму прызначэннню тыпу сасудаў, асноўна         й функцыяй якога першапачаткова было расціранне прадуктаў, а закваска цеста і прыгатаванне ежы ў печы набылі істотнае значэнне пазней. Прычым функцыя посуду для печы, калі яе звязваць толькі з запяканнем цёртай бульбы, як гэта вынікае з этнаграфічных назіранняў, з’яўляецца адносна нядаўняй па свайму паходжанню. Развіццё макотры ішло па лініі яе функцыянальнайспецыялізацыі, вынікам якой стала з’яўленне сасудаў, якія былі прызначаны толькі для цеста ці для бульбяной бабкі, і радзей - выключна для расцірання ежы, але  якія захавалі незалежна ад гэтага свае традыцыйныя назвы. Найбольш інтэнсіўна дадзены працэс адбываўся ў Падняпроўі, дзе прыняў у выніку дастаткова завершаны выгляд, а таксама ў шмат якіх цэнтрах гарадскога і местачковага ганчарства сярэдняй і паўночнай Беларусі.

кераміка

Previous post Next post
Up