Чароўны сусвет любанскага майстра Паўла Марціновіча

Jul 08, 2012 14:28


Багата на таленты арэская зямля: шмат на Любаншчыне майстроў народнай творчасці, ёсць самабытныя паэты і музыканты, самадзейныя мастакі. Дзейнасць некаторых з іх даследуецца і добра вядома ў нашым раёне і за яго межамі, у той жа час творчая спадчына іншых на працягу доўгага часу застаецца не вывучанай.
Так, яшчэ некалькі гадоў назад пра самабытнага мастака Паўла Марціновіча ведалі толькі тыя, хто меў у сябе дома яго творы. Сёння праведзена вялікая работа па даследванні і вывучэнні яго творчасці.



Маляваны дыван Паўла Марціновіча "Цветущий май".


Павел Яўхімавіч Марціновіч (1911-1980) нарадзіўся і жыў у Засмужжы, у свой час амаль у кожнай хаце гэтай вёскі сцены ўпрыгожвалі намаляваныя ім дываны ды карцінкі (макаткі). Маляваць дываны Павел Марціновіч пачаў яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя, аднак найбольшай папулярнасцю яны карысталіся пасля вайны. У той час адраджаліся вёскі, і хацелася гаспадарам, каб крыху прыгажэйшымі, больш утульнымі сталі іх хаты. Вялікага прыбытку майстар не меў: атрыманыя грошы толькі крыху пакрывалі выдаткі на алейныя фарбы, па якія мастак спецыяльна ездзіў у сталіцу. Аднак працаваў ён, укладаючы ў кожны твор усю сваю душу. Таму вестка пра Марціновіча хутка абляцела ўсе навакольныя вёскі, і, каб замовіць дыван, прыходзілі да яго з Рачэні, Обчына, Закальнога, Шыпілавіч, Забалаці, Дубілаўкі, Барка ды іншых вёсак раёна, везлі яго работы сваім сябрам і родзічам у Мінск, Барнаул, Калінінград, на Урал…

 

 


Карцінкі-"макаткі"

Павел Яўхімавіч ніколі не пакідаў прозвішча на сваіх творах - зрэдку толькі пісаў назвы. Аднак пазнаць яго працы можна па створаным мастаком адметным стылі, які сёння па-моднаму можна назваць "Сусвет Паўла Марціновіча". Вялікія горы на гарызонце прыгожа адлюстроўваюцца ў вадзе шырокай ракі. За ракою ў кветніку стаіць белы палац з калонамі. Усе дываны акантаваны каймою з вялікіх рознакаляровых ружаў, што пераплятаюцца з галінкамі бэзу і прыгожай ружовай стужкай, завязанай у вялікія банты. Ёсць меркаванне, што горы, якія не сустрэнеш нідзе ў Беларусі, Павел Марціновіч убачыў на паштоўках, а чароўны белы палац, па словах вяскоўцаў, знешне нагадваў хату самога майстра. Што адметна, за доўгі час фарбы не страцілі сваіх яркіх колераў, і некаторыя дываны зараз выглядаюць так, быццам намаляваны зусім нядаўна.


 


Фрагменты дываноў "Гітарыст у лодцы" (сустракаецца рэдка) і "Гарманіст у лодцы" (больш распаўсюджаны).

На сёння вынайдзены дываны на сем розных сюжэтаў. «Лодка» (самы распаўсюджаны), дзе ў лодцы пасярэдзіне ракі сядзіць дзяўчына з вяслом, а на беразе чакае яе кучаравы гарманіст; крыху адрозніваецца сюжэт «У чаканні гарманіста». На дыванах з назвай «Спящая красавица» (хаця ў народзе яго часцей называюць «русалкі») ў лодцы спіць прыгажуня, а з усіх бакоў яе абступілі дзяўчаты з кветкамі ў руках. «Гарманіст у лодцы» - група закаханых маладых хлопцаў і дзяўчат сядзяць у лодцы разам з музыкам. Дыван «Цветущий май» паказвае дзяўчат у прыгожых сукенках, што граюць на музычных інструментах на беразе ракі. «Адна» - дзяўчына на камені ля вады корміць пару лебедзяў. На дыване «Васількі» прыгожая дзяўчына сядзіць ля вады, а на гарызонце плыве вялікі карабель. Дарэчы, дываны з кожным пэўным сюжэтам розняцца адзін ад аднаго многімі дэталямі: то кветкі на палотнах розныя, то колер сукенак, то замест гармоніка ў руках у мужчыны з’яўляецца гітара… Гэта сведчыць пра тое, што Павел Марціновіч не проста капіраваў адныя і тыя ж сюжэты, а кожны раз ствараў іх па-новаму, прыўносячы нешта адметнае.


 


"Русалкі" ўначы і днём
Маюцца звесткі яшчэ пра два сюжэты: фотаздымак дывана пад назвай «Сказка», дзе дзяўчына задуменна абдымае свайго беласнежнага каня, ёсць у Любанскім раённым Цэнтры культуры. Аднак сама работа, якая існавала яшчэ некалькі гадоў таму, сёння ўжо лічыцца страчанай назаўсёды. Другі страчаны сюжэт мае прыкладную назву «ільвы», аднак падчас даследчых экспедыцый работнікам раённага Цэнтра культуры так і не ўдалося знайсці дыван з такім сюжэтам.
Такім чынам, мастак з Засмужжа Павел Марціновіч ствараў для вяскоўцаў цэлыя новыя міры - яркія, чароўныя, прыгожыя, незвычайныя… Яго імя і работы - гэта цэлая эпоха ў побытавым мастацтве Любаншчыны. Але час ідзе - і вось на сценах вясковых хат маляваныя творы змяніліся куплёнымі ў магазінах дыванамі фабрычнай вытворчасці. А вырабы Паўла Яўхімавіча «вышлі ў адстаўку» - і ў лепшым выпадку занялі сваё месца пад ложкам ці на гарышчы. А у горшым - адправіліся на сметнік ці ў вогнішча. Хаця ў некаторых хатах яны дагэтуль займаюць ганаровае месца ў інтэр’еры.

 



Зараз музейным і клубным работнікам даводзіцца па крупінцы адшукваць і збіраць творчую спадчыну самабытнага мясцовага мастака. Вялікую этнаграфічную работу ў гэтым накірунку правёў загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага РЦК Сяргей Выскварка. На сёння дакладна вядома знаходжанне 30-ці маляваных дываноў, 10 з іх захоўваюцца ў Любанскім музеі.
Напрыканцы гэтага года плануецца выдаць мастацкі альбом твораў Паўла Марціновіча. Зараз Любанскім раённым Цэнтрам культуры і вольнага часу наладжваюцца чарговыя экспедыцыі для пошуку маляваных дываноў: творы фатаграфуюцца, звесткі пра іх і іх гаспадароў занатоўваюцца. Этнаграфічная праца дае свае вынікі: так, зусім нядаўна падчас экспедыцыі былі знойдзены невядомыя дагэтуль дываны на тэму «Лодка» - у вёсках Обчын і Залуг; а Валянціна Зянонаўна Кійко з в. Обчын перадала ў музей дзве работы аўтара.

 


Фрагменты дываноў "Лодка" (найбольш распаўлюджаны сюжэт) і "У чаканні гарманіста".

Мажліва, творы Паўла Марціновіча не маюць вялікай мастацкай каштоўнасці, іх нельга прадаць за вялікія грошы. Аднак для гісторыі нашага раёна яго маляваныя дываны маюць важкае значэнне. Таму хацелася б папрасіць мясцовых жыхароў: калі часам знойдзецца такі выраб, не выкідвайце яго, не знішчайце. Перадайце ў раённы Цэнтр культуры ці ў музей народнай славы - і ён зойме сваё пачэснае месца ў скарбонцы культурнай спадчыны Любаншчыны.
Настасся ДАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.
Спасылка на артыкул у раённай газеце - http://lluban.by/?p=11601
Previous post Next post
Up