23 лютага 2011 года 17:00 у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава (Савецкая плошча, 1) адбудзецца адкрыццё выставы “Аспекты жыцця: рэльеф і скульптура з воўны” шведскай мастачкі па тэкстылі Гунілы Пэтаў Шоберг. Выстава арганізаваная пры падтрымцы Шведскага інстытута (Стакгольм) і Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь і будзе дэманстравацца ў Магілёве з 24 лютага па 20 сакавіка..
Пра выставу
Аўтарка назвала сваю выставу “Аспекты жыцця”. Гэтая назва ахоплівае два розныя канцэпты: Пакой росту і Пакой святла. У Пакоі росту Гуніла хоча даць слова Прыродзе, каб звярнуць пільную ўвагу на тое, што ўсе мы залежым ад Матухны Зямлі, ад жывой Прыроды, без якой не было б жыцця. Воўна як матэрыял - таксама добры ўзор новых кірункаў у нашым свеце, ва ўстойлівым развіцці. Воўна - экалагічны матэрыял, бо ёй даюць рост і сілу трава, сонца, вада. У Пакоі святла змешчаны творы, што з’яўляюцца свайго кшталту разважаннямі пра нашу культуру, наша стаўленне да мінуўшчыны і нават, у пэўным сэнсе, да будучыні. Старажытныя знакі і сімвалы распавядаюць нам пра чалавецтва, пра гісторыю нашых жаданняў, пра каханне, уладу, рэлігію і вайну. Асаблівая ўвага надаецца тром “рэлігіям-сёстрам”, карані якіх палягаюць у Бібліі і якія самі грунтуюцца на любові да Бога і да бліжняга, аднак, тым не менш, могуць служыць крыніцай войнаў і тэрору.
24 лютага ў 16:00 у выставачнай залі Магілёўскага музея этнаграфіі (вул. Першамайская, 8) адбудзецца адкрыццё выставы вучняў Гунілы “Tack så mycket, Gunilla!”. Выстава будзе дэманстравацца да 20 сакавіка.
Выстава-падязка
У рамках праекта “Аспекты жыцця” ўзнік яшчэ адзін невялічкі выставачны праект “Tack så mycket, Gunilla! (Вялікі дзякуй, Гуніла!)” - гэта своеасаблівая выстава-падзяка ўдзельнікаў майстар-класаў ды лекцый Гунілы, якія, атрымаўшы ад яе веды і натхненне, захапіліся тымі магчымасцямі, што адкрывае праца з воўнай. Іх самастойная творчасць стала плёнам тых грунтоўных ведаў і навыкаў, якімі шчыра падзялілася выбітная настаўніца і майстра. У экспазіцыю ўвайшлі творы, зробленыя вучнямі Гунілы як падчас майстар-класаў, так і пазней. Гэтыя экспанаты надзвычай разнастайныя дзякуючы выкарыстанню розных тэхнік і тыпаў воўны, у тым ліку мясцовых, беларускіх.
26 лютага Гуніла Шоберг таксама прачытае лекцыю “Мастацтва валяння: Гісторыя і сучаснасць”. Лекцыя адбудзецца ў памяшканні Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы (вул. Першамайская, 10) з 10:00 да 14:00. Уваход вольны
Пра мастачку
Гуніла Пэтаў Шоберг нарадзілася ў 1942 годзе, адукацыю атрымала ў Фінляндыі і Швецыі, сёння жыве ў Больсце, што блізу Стакгольма. Яна ператварыла старажытную манеру валяння лямцу ў мастацкі сродак.
Працы Гунілы можна ўбачыць як у Нацыянальным музеі і Шведскім нацыянальным грамадскім савеце па мастацтве, так і ў шэрагу іншых музеяў і афіцыйных устаноў, такіх як школы, цэрквы, шпіталі і бібліятэкі. Яе творы знаходзяцца таксама ў прыватных калекцыях у Швецыі і за яе межамі. Выставы мастачкі дэманстраваліся ў шмат якіх краінах, ад Манголіі на ўсходзе і да Злучаных Штатаў на захадзе.
Гуніла Шоберг вывучала мясцовыя тэхнікі валяння лямцу ў Манголіі, Турэччыне, Туркменіі, Вугоршчыне, а таксама ў Беларусі, дзе ўручную робяць абутак з лямцу - валёнкі.
Гуніла Петаў Шоберг атрымала за сваё мастацтва шэраг узнагарод і грантаў.
Даведкі па тэлефоне +375 29 778-01-00