"Беларускі арнамэнт" Кацара - у кнігарнях

Aug 13, 2009 13:25


У кнігарнях зьявілася (мо і даўно?) перавыданьне знакамітай кнігі Міхаіла Кацара "Беларускі арнамэнт". Кошт - каля 65 тыр.

Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышаўка /М.С.Кацар; пер. з рус. мовы, літ. апрац. і навук. рэд. Я.М.Сахуты. 2-е выд.
У кнізе сабраны унікальны матэрыял пра народнае мастацкае ткацтва і вышыўку. Праз даваенныя запісы, замалёўкі і фотаздымкі вобразна і рознабакова раскрываецца паэтычныя душы беларускага народа, яго бачанне прыроды і яе ўзаемасувязі з чалавекам і яго жыццём. Выданне багата ілюстравана (каля 600 чорна-белых і каляровых фотаздымкаў і малюнкаў). Разлічана на супрацоўнікаў музеяў, мастацвазнаўцаў, этнографаў, гісторыкаў, усіх, хто цікавіцца традыцыйнай культурай беларусаў.
2009. - 224 с.: іл.

Нагадаю, што кніга лічыцца ці не адзінай крыніцай папулярнай (то бок зразумелай;)) інфармацыі па беларускім арнамэнце. Але мушу яшчэ раз падкрэсьліць, што ставіцца да гэтай інфармацыі трэба вельмі асьцярожна і крытычна. Зьвесткі Кацара ня ёсьць ісьцінай у апошняй інстанцыі, але толькі адным з варыянтаў трактовак. Пры тым дужа спрэчных. Напрыклад, для ягоных трактовак характэрна амаль поўнае ігнараваньне асаблівасьцяў тэхнікі выкананьня арнамэнту, гістарычных і этнічных наслаеньняў і г.д., што недапушчальна для выданьня з прэтэнзіяй на навуковасьць.

На жаль, досыць часта даводзіцца сустракаць рознага кшталту інсінуацыі на тэму арнамэнту з выкарыстаньнем матэрыялаў з гэтай кнігі. Асабліва завіхаюцца на гэтай ніве гэтак званыя "славянскія раднаверы" і дзечы падобных накірункаў. Пры тым адчуваньне такое, што зважаюць толькі на малюнкі, не чытаючы тлумачэньняў.

Кніга сапраўды багата ілюстраваная. Аж нават занадта, бо стос выяваў (з прывабнымі сваёй лаканічнасьцю подпісамі да іх) насамрэч замінаюць ўспрымаць досыць спрэчны месцамі тэкст. Тымчасам, матэрыялы зьбіраліся Кацарам недзе ў 30-60-х, а першае выданьне пабачыла сьвет толькі па сьмерці аўтара, у 1996 годзе. І рыхтавалі кнігу ўжо іншыя людзі. У выніку колькасьць ілюстрацый, на якія ёсьць наўпростыя спасылкі з тэксту значна менш агульнай колькасьці выяваў. Вось і ў новым выданьні там сям, здаецца, дадазеныя новыя ілюстрацыі.

Ва ўсякім разе, для нейкіх высноваў кнігу трэба найперш чытаць, а не праглядаць. І чытаць, паўтаруся, досыць крытычна.

Напрыканцы працытую камэнтар ананімнага аўтара, зь якім абсалютна згодны:
Кніга М.Кацара, выдадзеная пад рэдакцыяй Я.Сахуты не з'яўляецца ўзорам навуковага выдання. З практычнага пункту гледжання яна таксама мала прыдатна, бо моцна заблытае цікавага да каранёў беларускай традыцыі чалавека.
Тэкстыльны арнамент утрымлівае розныя гістарычныя пласты, некаторыя матывы маюць вельмі дакладныя іканаграфічныя крыніцы і былі запазычаны беларусамі адносна нядаўна - у 18 - 19 ст., шмат прыйшло ў народныя тканіны з рамесніцкага ткацтва. Таму нельга "чытаць" арнамент, як гэта зроблена аўтарам на падставе захаплення міфатворчасцю П.Драўлянскага (П.Шпілеўскага) і пошуку адпаведных міфічным істотам узораў у народных тканінах. Нельга выхопліваць з арнаменту (структуры, графічна-рытмічнага кантэксту) асобныя фігуры, элементы і адвольна іх тлумачыць, накшталт "жаночай долі" ці "ўзору хлеба".
Шмат узораў у ілюстрацыях, якія пададзены як "Леля", "Лель", "Лада", "Радаўніца", "Маці" і інш. не маюць адносінаў да беларускай этнічнай традыцы. Яны запазычаны з ручнікоў віцебскіх стараабраднікаў-беспапоўцаў, якія прынеслі сваю этнічную арнаментальную традыцыю з Рускай Поўначы і захавалі яе ў сваёй вышыўцы і ткацтве да пачатку ХХ ст. Цікавым да гэтай тэмы раю звярнуцца да кнігі В. Лабачэўскай "Повязь часоў - беларускі ручнік".

арнамэнт, літаратура, Кацар

Previous post Next post
Up