Адным з найважнейшых складнікаў любой нацыянальнай культуры з’яўляецца народная святочна-абрадавая культура, як сямейна-бытавая, так і каляндарная. Каляндарныя святы мелі вялікае значэнне для нашых продкаў. Яны мелі не толькі мастацка-забаўляльную вартасць, але ў першую чаргу рэгламентавалі жыццё і дзейнасць чалавека. Яны данеслі да нас водгукі старажытнай барацьбы чалавека за існаванне, яго імкненне авалодаць таямніцамі прыроды. У народных святах у першую чаргу нас павінна цікавіць іх светапоглядная аснова, без якой цалкам немагчыма зразумець і патлумачыць пэўную з’яву, а значыць, і выкарыстоўваць гэты досвед у cваім паўсядзённым жыцці.
Светапогляд нашых продкаў грунтаваўся на ўяўленнях аб цыклічнасці жыцця і смерці, паўторнасці абнаўлення усяго існага. Пачатак новага сельскагаспадарчага года, натуральна, атаясамліваўся з веснавой парой. І да сёньняшніх дзён многія народы, чые традыцыі асноўваюцца на месячным календары, святкуюць новы год вясною. Веснавыя абрады з’яўляліся часткай складанага комплексу падрыхтоўкі да будучага ураджаю. Як зазначае вядомы рускі даследчык Я. В. Анічкаў, падобныя абрады меліся ў многіх еўрапейскіх народаў (скандынаваў, полякаў, чэхаў, сербаў і інш.)
На думку даследчыкаў, Гуканне вясны найбольш характэрна для Усходняй Беларусі. На Захадзе загукальная абраднасць болей неакрэсленая і хутрэй зліваецца з масленічнымі святкаваннямі.
На Беларусі ў розных мясцінах гуканне вясны адбывалася ў розны час.
· Часам гуканне вясны супадала з канцом масленічнага тыдня, што мажліва, выклікана хрысціянскім уплывам - забаронай танчыць і спяваць у час посту.
· Фактычна, вясну на Беларусі пачыналі клікаць з 1 сакавіка, на Аўдакею (Аўдоцця-вясноўка).
· 9 сакавіка святкаваліся Саракі, дзень, у які, на думку беларуса, павінныя былі прыляцець сорак выраяў - вестуноў лета.
· У некаторых мясцовасцях вясну пачыналі клікаць на Звеставанне (Дабравешчанне), якое адзначалася 25 сакавіка.
Месцам правядзення свята звачайна было высокае адкрытае месца: горка, бераг ракі ці возера, край лесу ці проста дахі хат і лазняў. Вось як апісаны абрад гукання ў Гомельскім павеце Магілёўскай губерні ў кнізе П. В. Шэйна: “Звычайна само гуканне адбываецца ў нас так: гурты дзяўчат збіраюцца на самыя ўзвышаныя месцы ў вёсцы, каля гумнаў; пасцілаюць там салому і, пасеўшы на яе ў рады, пяюць да позняй ночы веснавыя песні. Гэтыя песні разносяцца тады па ўсіх навакольных “зборных пунктах”. Часта спяваюць па чарзе: у адным месцы пачнуць і спыняцца, у другім працягваюць”. На Палессі існаваў звычай збірацца на беразе ракі, возера.
Важным момантам было паленне агню. Складалі вогнішча з мялля і ўсякай старызны і спявалі ля яго вяснянкі. Часам, як і на купальскія ігрышчы, моладзь ладзіла скокі праз агонь. У Чачэрскім раёне існаваў звычай падпальваць старое кола і пускаць яго на плыце па рэчцы. У рытуале раскладання агню мы бачым адгалоскі старажытных магічных дзеяў: пазбаўленне ад непатрэбнай рэчы па прынцыпе падабенства цягне за сабою пазбаўленне ад непажаданай з’явы; таксама ўзнікаюць асацыяцыі з ахвярным полымем.
Культ расліннасці з траецкіх святкаванняў часам трапляў і ў раннюю веснавую абраднасць (у Любанскі раён Мінскай вобласці. быў зафіксаваны звычай кідаць на бярозу кастрыцу).
У шмат якіх мясцовасцях у абрад гукання вясны ўваходзіў звычай пячы “жаваранкаў”. Увогуле, абрадавае печыва ў выглядзе больш ці менш стылізаваных птушак ці бусліных лапак характэрна для ўсіх славянскіх народаў. Птушкі з’яўляюцца часта сустракаемым вобразам, да якога звяртаюцца ў вяснянках. Звычайна выпякалася 40 “птушак”, якія раздаваліся дзецям. Звычай падкідаць птушак, імітаваць іх рух павінен быў паскорыць прылёт “сарака выраяў”, а значыць, і прыход цёплай пары.
Пэўную абрадава-магічную ролю грала і гушканне на арэлях. Чым вышэй арэлі падляталі, тым вышэй, паводле павер’яў, будзе расці лён і іншыя расліны.Існаваў цыкл “арэльных” песень, які выконваўся падчас гушканняў.
У Салігорскім раёне Мінскай вобласці захаваўся абрад “затанцоўвання” вясны. Па структуры ён падобны да калядных і валачобных абыходаў. Моладзь збіралася ў гурт і абыходзіла кожны двор, дзе вадзіла карагод. Гаспадарам зычылі добрага ўраджаю і дабрабыту. Самому карагоду таксама прыпісваліся магічная сіла: па-першае, кола - старажытны сімвал абароны, захаванасці; па-другое, падчас яго выконвалая абрадавая песня-замова: “Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць...”
У іншых славянскіх і еўрапейскіх народаў не было звычаю выдзяляць сустрэчу вясны ў асобны абрадава-святочны комплекс. Гуканне вясны уваходзіла ў іншыя святы, таму было рухомым па часе. У заходнееўрапейскіх народаў яно перакрывалася масленічнымі карнаваламі, не без уплыву хрысціянскай традыцыі.
У сучасным сьвеце, дзе пануе глабалізацыя і уніфікацыя, для любога народа вельмі важна не згубіць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Зварот да духоўных здабыткаў продкаў дазваляе нам глыбей пазнаць іх уяўленьні аб навакольным свеце і аб месцы ў ім чалавека.
Здымкі з леташняга Гуканьня вясны на Менскім Гарадзішчы тут:
http://community.livejournal.com/by_ethno/44871.html