pashick in by

Музыка гарадзенскiх вулiц

Oct 30, 2014 14:08

Сёння deletant (дзякуй!) напісаў пост пра маю родную Гародню. Я жыву тут з самага нараджэння і не без падстаў лічу яе найпрыгажэйшым горадам Беларусі. Ў працяг яго апавядання хачу распавесці пра праект, які я з сябрамі ажыццявіў дзеля таго, каб як мага шмат людзей убачыла гэтую прыгажосць.

Два гады таму мы з жонкай падгледзелі ідэю праекту ў Коўне падчас фестывалю акустычнай музыкі, куды нас запрасілі літоўцы. Пасля выступу да нас падыйшлі хлапцы з Kaunas Acoustics і прапанавалі зняць відэа. Амаль ноччу, у месцы, дзе зліваюцца Нямунас і Нерыс яны заздымалі кліп на апрацаваную "Рэчаньку" (дарэчы, вось ён). Потым была падобная калабарацыя ў Лодзі. І я зразумеў, што хачу гэткае ж у Гародні. Два гады прайшло ад думкі да ажыццяўлення.

І вось у гэтым годзе паўстаў відэаблог "Музыка гарадзенскiх вулiц". Мы здымаем музыкаў - гарадзенскіх і з іншых гарадоў - у прыгожых кутках Гародні. Робім усё нажыва, і відэа, і гук, пара дубляў, мантаж і ў сеціва. Вясною мы пачалі, і ўжо амаль зачынілі першы сезон, але неўзабаве працягнем, бо ў Гародні ёсць яшчэ шмат утульных месцаў, і шмат добрых выканаўцаў і гуртоў, якія тут жывуць ці завітваюць да нас.

Зразумела, мы не першыя - падобныя праекты перш паўсталі ў Францыі (памятаеце Zaz?), потым у астатняй Еўропе; тое, што мы ведаем у суседзяў - гэта Kaunas Acoustics, Vilnius Temperature, Fairlane Acoustics у Маскве, Живяком у Кіеве... Паглядзіце, што у нас атрымліваецца.

Гэта - менскі музычна-вандроўны аркестрык "Вурай":

image Click to view



А гэта - амерыканец Джош Ланца, які піша свае песні на вершы Пушкіна:

image Click to view



А вось маскоўскі аўтар Павел Фахртдзінаў ля старога будынку Гарадзенскага Ўніверсітэта з адмысловай песняй для яго студэнтаў:

image Click to view



Больш можна ўбачыць на сайце праекта http://streetmusic.grodno.net/map.html?lang=by, альбо ў сацсетках http://vk.com/musicofgrodnostreets і http://facebook.com/MusicOfGrodnoStreets, ці на ютубе http://www.youtube.com/user/MusicOfGrodnoStreets.

музыка, гродно, гродна

Previous post Next post
Up