Асцярожна, метафара!

Aug 05, 2013 02:52

У мінулым маім допісе Карэл Чапэк пералічыў дванаццаць дэмагагічных прыёмаў, якія яго раздражнялі ў тагачаснай літаратурнай палеміцы. Гэты допіс будзе у тым жа рэчышчы, бо мне хочацца звярнуць увагу на яшчэ адну рэч, прысутную ў дыскусіях і развагах - на злоўжыванне метафарай.

Злоўжыванне метафарай можа быць быць як дэмагагічным прыёмам, так і памылкай у разважанні, ў залежнасці ад таго, ці свядома гэта злоўжыванне адбылося. У чым жа яно спачывае? Калі мы бярэм прадмет А і выкарыстаем дзеля нагляднасці, запамінальнасці, узмацнення, яснасці, самалюбавання, метафару Б, то яшчэ ўсё нармальна. Праблема ўзнікае, калі мы забудзем, не заўважым або схаваем тое, што Б усяго толькі метафара, і пачнем лічыць, што А сапраўды ёсць Б.  Напрыклад часта злоўжываецца метафара наркотыка.  Паспрабуйце пагугліць словазлучэнне "духоўны наркотык" і знойдзеце не адзін прыклад, калі пра нейкую рэч, каб паказаць ступень прывязанасці да яе і залежнасці ад яе, кажуць што, яна як наркотык, а потым заклікаюць а яе абмежавання, кантролю, або забароны, аргументуючы тым, што інтэрнэт, музыка, рэлігія, серыял "Гульня стальцоў" ёсць наркотыкам. Розніцу паміж "А як Б" і "А ёсць Б" заўважаюць не ўсе. Другі прыклад гэта метафара ваенных страт, калі наступствы напрыклад наркаманіі і алкагалізму параўноваюць з вынікамі вайны. На вайне заўсёды ёсць вораг, таму вынікам ўжывання такой метафары часта становіцца паспяховы пошук ворага, які спайвае, скалвае і іншым спосабам праводзіць "генацыд" нацыі.

Лянота і трэцяя гадзіна ночы перажкаджаюць мне ў пошуку далейшых прыкладаў, але здаецца і двух хопіць. Метафары гэта добра і патрэбна, але яны могуць стаць і інструментам маніпуляцыі. Таму, грамадзяне, будзьце пільнымі!

не магу маўчаць

Previous post
Up