Сола на свежаабклеенай клавіятуры

Apr 11, 2012 01:36


Нарэшце панаклейваў даўно купленыя налепкі на паўсцёртую клавіятуру. І зразумеў, як даўно я нічога не пісаў. У сэнсе, не каменты ці допісы ў сацсетках, не скапіпашчаныя рэфераты (пяты курс жа завяршаецца, колькі можна), а нешта, народжанае ўласным мозгам, тое, што хочацца сказаць свету (Хаця для апошняга актуальней той ужо крыху барадаты жарт, маўляў “Бацюшка, я хачу паспавядацца” - “Сын мой, завядзі Twitter і не дуры мне галаву”). Не лічачы, канешне, майго эпахальнага шматпакутнага опусу, які зробіць маё імя бессмяротным - дыплому пра паляванне на вядзьмарак у ВКЛ. Гэта апошні пробліск маёй творчай думкі (тэрміны ўжо падціскаюць), але і тут праца хутчэй заключаецца ў канчатковай апрацоўцы ўжо сабранага матэрыялу і леташніх курсавых, а то і наогул  - у расстаўленні спасылак, кропак, косак, водступаў па нормам ВАК...

І праўда, не пішацца даўно. Ужо забыў, калі пісаў нешта больш-менш вартае. Адчуваю сябе крыху Марцінам Ідэнам: ужо не пішу, але мяне друкуюць, запрашаюць выступаць…  А мо так і лепш? Нашто пладзіць графаманію? Яе і так хапае на прасторах сучбелліту, не кажучы ўжо глабальней.

Пару тыдняў таму быў дома, пераглядаў відэакасету з маім любімым блокбастэрам  - “3 А”. Калісьці ў далёкім 1999 годзе маленькая відэастудыя за ўмераную плату здымала на памяць невялікія фільмы пра вучняў Нясвіжскай (тады яшчэ беларускай) гімназіі - і не толькі выпускнікоў. Знялі і пра мой 3 “А”. Відзіка ў нас дома не было, але набылі касету пра запас. І нездарма. Дык вось, карціна маслам. Вучні 3 “А” па чарзе адказваюць, кім хочуць стаць у будучым.



Канешне, дзяўчаты - настаўніцы ды ўрачы, хлопчыкі - лётчыкі, пажарныя, канструктары, нават каскадзёры (і ніводнага, заўважце, эканаміста ці праграміста!). Камера наязджае на мой пуцаты тварык. “А я хачу быць пісьменнікам, таму што мне падабаецца пісаць сачыненні і чытаць! ”

Эх, забыўся,  хто гэта з класікаў (мо’ Мапасан які?) жаліўся, што свой дар пісаць ён прамяняў бы на магчымасць жыць. А ў фільме “Спытай у пылу” рэдактар павучае маладога няўдачлівага пісьменніка: маўляў, пісьменнік можа альбо жыць, альбо пісаць, бо пакуль сядзіш за пісьмовым сталом  - жыццё праходзіць недзе побач без цябе. Калісьці напрыканцы школы я марыў аб жыцці, марыў вырвацца “…на прастор, на шырокі прастор!..” Пасля на першым-другім курсе асцярожна прыглядаўся да вялікага свету. Гэта быў мой самы плённы літаратурны час, калі я пісаў нявопытна, але горача і смела. А пасля - як кажа мой сябар: “Быль стаў есці жыццё вялікай лыжкай”: каханне, змаганне, падарожжы, падпрацоўкі, навука, грамадская дзейнасць… Для прозы не знаходзіў часу, а для вершаў… Тое, што прыходзіла, было не лепш, чым раней, што мяне не радавала, а пасля і тое пакрыўдзілася і прыходзіць усё радзей… (трагічны-прытрагічны ўздох і заламванне рук)

Цікава, трэба будзе запытаць на якой імпрэзе ў якога літаратара, Глобуса там ці Хадановіча, а лепш Арлова: а як у іх? Як яны усё сумяшчаюць і ці сумяшчаюць? І ці ў гэтым шчасце? (Хаця ў чым шчасце - нават БГ не гаворыць, хоць мо’ і ведае)))

розDOOMы, Нясвіж, лузер, старое, творчасць, дао, хвароба, экзыстэнцыя, марнасць

Previous post Next post
Up