Царквамабілі

Jan 11, 2013 17:27

Інтэрнет зубаскаліць з новага расейскага інавацыйнага праекта перасоўнага армейскага праваслаўнага храма на базе грузавога аўтамабіля КамАЗ. Маўляў, варвары гэтыя расейцы: дзікасць, цемрашальства, прадажнасць РПЦ, і вашчэ - лепш бы беспілотнікаў накляпалі.



А як на мой неперадузяты погляд вялікага аматара матушкі -Расеі ад Волгі да Енісея, то якраз гэта - досыць някепская прыдумка. Справа ў тым, што святары ў арміі - з'ява не новая і шырока распаўсюджаная. Армейскія капеланы суправаджалі і суправаджаюць жаўнераў шмат якіх армій. І галоўны іх сэнс - не натхняць на подзвігі за веру, цара і ацечаства ды іншыя «Gott mit uns», а быць побач з вернікам у цяжкіх умовах, асабліва на мяжы жыцця і смерці. Як паказвае практыка (дзякуй Богу, не мая), экстрэмальныя ўмовы вайны спрыяюць падвышэнню пабожнасці нават у тых, хто яе раней не меў наогул. Ну а для шчырага верніка мажлівасць не быць адарваным ад Бога праз богаслужэнне ці нават проста мажлівасць здзяйснення неабходных абрадаў - вялікая палёгка, калі не неабходнасць. Гэткі астравок нармальнасці ў раптам звар'яцелым свеце. Ну і элементарна - функцыі псіхолага - не да палітрука ж ісці спавядацца.

Часцей за ўсё ў палявых умовах падобныя складаныя перасоўныя цэрквы не ўжываюцца. Часцей за ўсё каталіцкі святар меў з сабой літургічныя прадметы ды ў лепшым выпадку - паходны алтар, пратэстанцкаму ж пастару хапала і Бібліі. Набажэнства можа адбывацца дзе заўгодна - у прыстасаваным памяшканні, у намёце,  на вольным паветры.


Набажэнства ў марскіх пехацінцаў ЗША. Другая Сусветная вайна.

Перасоўныя цэрквы - фішка не толькі сучаснай РПЦ, а таксама з'ява інтэрнацыянальная. Акрамя войска, перасоўныя цэрквы патрэбныя і ў іншых сітуацыях. Напрыклад, у маланаселеных месцах вернікам таксама патрэбна царква - якая сама да іх ідзе, а дакладней - едзе:


Перасоўная пратэстанцкая царква для абслугоўвання пастухоў Франконіі.

У 1951 годзе у Злучаных Штатах Амерыкі група тамтэйшых пратэстантаў занепакоілася тым, што кіроўцы грузавікоў падчас сваіх доўгіх рэйсаў па прасторах краіны надоўга застаюцца адарванымі ад царквы. Такім чынам узнікла арганізацыя Transport For Christ (TFC), якая сёння мае 34 аддзяленні ў Паўночнай Амерыцы, а таксама, калі верыць іх сайту, місіі у Расеі і Замбіі.


Вось такія мабільныя капліцы TFC можна сустрэць на стаянках грузавікоў на амерыканскіх магістралях, дзякуючы чаму пабожны вадзіла можа ў дарозе памаліцца за выратаванне сваёй душы, шчаслівы шлях, ці адразу па гарачых слядох пакаяцца ў здрадзе жонцы з чарговай прастытуткай.

Але і тут расейцы ўсіх пераплюнулі: па Волзе, на берагах якой тады, здаецца, цэркваў ніколі не бракавала, у 1910 годзе пачаў курсіраваць цэлы плывучы храм св Мікалая:



Ну і канешне, не мог застацца ўбаку ад такога цудоўнага вынаходніцтва богаабраны народ. Ідэю падхапілі хасіды, падарыўшы Ізраілю і свету міцва-танкі Хаббад. Танкамі яны з'яўляюцца выключна ў духоўным сэнсе, па-сутнасці гэта мабільныя сінагогі. Іх задача - спрыяць строгаму выкананню запаветаў прававернымі хасідамі ў неспрыяльных для гэтага ўмовах, а таксама прапагандаваць вучэнне Любавіцкага рэбе.


Такія вясёлыя аўтобусы катаюцца не толькі ў Святой Зямлі, але і па Нью-Ёрку, Маскве (ой-вээй!) ды іншых слаўных местах. Для прыцягнення ўвагі выкарыстоўваюцца розныя метады: ад завадной хасідскай музыкі з дынамікаў да раздачы халяўных пячэнек ханукальных пончыкаў:



Хай сабе атэісты зубаскаляць, а ў нас, вернікаў, свая атмасфера))

дарогі, неспадзянка, даследзіны, расея-мая-расея, вера

Previous post Next post
Up