Эстонія: рускія - яны такія

Sep 20, 2013 12:26

Ужо на другі дзень гасцявання ў Эстоніі мяне ахапіла незвычайнае адчуванне слыхавога камфорту. Атмасферу вакол нас забруджваюць не толькі прамысловыя выкіды і аўтамабільныя выхлапы, кожны дзень у вушы гараджаніна ўліваецца вялізны струмень гукавой інфармацыі, большую частку якой можна назваць «непажаданай». Я б хацеў ніколі ў сваім жыцці не чуць песні «О божа, які мужчына», але мінулым летам у Мінску чуў яе столькі разоў, што яна, нібы іншароднае цела, засела ў маёй галаве. А тут - рассмакталася. Ні ў транспарце, ні з вокнаў, ні на мабільных тэлефонах - нідзе не было гэтай навязлівай рэкламы паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі любымі сродкамі.

Пазней, прыехаўшы з выспы Саарэмаа на аўтавакзал у Таліне, я зразумеў, што адпачываў наогул ад рускай мовы.

У Беларусі на рускай мове размаўляе пераважная большасць насельніцтва, чытае на ёй, глядзіць фільмы і слухае музыку - хіба руская мова не родная для беларусаў? Па ўсім выходзіць, што родная. Як жа можна стаміцца ад роднай мовы? Наадварот, людзі звычайна радуюцца, пачуўшы родную гаворку за мяжой.

Мне і самому фармальна цяжка назваць сябе беларускамоўным чалавекам, таму што большую частку жыцця я карыстаўся рускай мовай. Яна была першай, вывучанай у дзяцінстве, і цяпер застаецца асноўнай мовай зносінаў. Аднак радасна кінуўся да незнаёмых людзей у Эстоніі я толькі аднойчы - пачуўшы, як мне падалося, размову па-беларуску ў Нарве. Руская мова ні з кім мяне не родніць, як не родніць добрае валоданне англійскай з яе носьбітамі. Калі ж казаць пра тое, што мова - культурны код, у якім закладзена філасофія жыцця чалавека, яго сістэма каштоўнасцей, стыль паводзін, лад мыслення, руская з цягам часу робіцца для мяне ўсё больш чужой.

І гэта ненармальна - пастаянна ў глыбіні душы адчуваць сябе чужым сярод чужых на сваёй зямлі. Таму на чужыне ўздыхаеш з палёгкай, бо тут падобнае становішча прынамсі ў парадку рэчаў.

Чытаць поўны тэкст артыкула.
Previous post Next post
Up