Oct 10, 2013 12:12
На першы погляд, раманы, якія вынесеныя ў загаловак, аб'ядноўвае хіба што час, калі адбываюцца іх падзеі. І сапраўды: што можа быць супольнага паміж амерыканскімі гараджанамі ды палешукамі? Але ў дваццаць трэцяй главе другой кнігі нечакана ўзнікае трагедыя, якая перагукаецца з апошнімі главамі "Людей на балоце" - трагедыя дзяўчыны, што зацяжарыла.
Хадоська і Раберта, безумоўна, не блізняты, але Яўхім Глушак і Клайд Грыфітс розняцца болей. Глушак - моцны палешук, які ні ў ва што не ставіць пачуцці да людзей, бо зямля для яго куды бліжэй; Клайд - малады хлопец, які з-за выхавання амаль заўсёды адчувае няўпэўненасць. Да таго ж, пра будову чалавечага цела Хадоська і Яўхім ведаюць куды болей, чым Клайд і Раберта (узгадаць хаця б "Дуліну ад Барадуліна", дзе адлюстроўваюцца тыя "запаветныя" прымаўкі ды гісторыі, якія маці распавядалі дачкам, а бацькі - сынам у належны час).
Але карэнна розным вырашэнне праблемы робіць пануючая вера. На Палессі нават у 1920-я гады яшчэ жылі паганскія ўяўленні; знахарка, якая ўзялася пазбавіць Хадоську дзіця, спакойна кажа: "Не адна ты... Не першая, не апошняя... Даўно ето ў цябе? Месяц, два? Нічого, не позно". Калі ж Раберта звяртаецца да лекара, той адказвае, як сумленны хрысціянін: "Я рашуча супраць аперацый падобнага кшталту. Лекар ня можа ўмешвацца ў падобныя выпадкі, калі ён не жадае правесці дзесяць гадоў у вязніцы, і я лічу гэты закон справядлівым. Ня думайце, што я не разумею, якім цяжкім вам зараз здаецца вашае гора. Але паверце, заўсёды знойдуцца людзі, якія ахвотна дапамогуць дзяўчыне, што апынулася ў такім стане. Вось найлепшая парада, якую я магу вам даць: не рабіце нічога - ні зараз, ні пазней. Ідзіце дадому і распавядзіце ўсё вашым бацькам. Так будзе лепей, нашмат лепей, паверце. Гэта ня так цяжка, як вам зараз здаецца, і ня так дрэнна, як тое, ў\што вы хочаце зрабіць. Не забывайце, што гаворка ідзе пра чалавечае жыццё. Вы хочаце знішчыць чалавечае жыццё, якое ўжо зарадзілася, і ў гэтым я не магу вам дапамагчы. Ніяк не магу".
Знахарка зрабіла Хадосьцы аперацыю, і ў выніку дзяўчына ледзе не загінула ад наступстваў; Раберта была вымушаная ажаніцца з Клайдам, але Клайд імкнуўся да "вышэйшага свету", да якога належала сям'я ягонага дзядзькі, і ў выніку гэта прывяло да трагічнага фіналу.
Вось і што лепей?..
Беларусь,
Па слядах Леаніда Галубовіча,
литература,
США