Плач аб жыцці

Oct 30, 2013 19:15



Неабходнасць паэту заставацца жывым Мішэль Уэльбек у аднайменным эсе падкрэслівае асабліва. «Мёртвы паэт нічога не напіша». Здавалася б, ці трэба казаць пра тое, што і так зразумела? Але што для звычайнага чалавека з’яўляецца банальнай канстатацыяй, для паэта ёсць справай архіскладанай. Не ўсе адольваюць. Бо сапраўдны паэт безабаронны - перад лёсам, перад уласным дарам, які часта выяўляецца большым за яго самога. Раны на сэрцы паэта не ператвараюцца ў шнары. «Я не для жыцця», - пісала Марына Цвятаева. «Мы не народжаны доўга жыць і жыццё разумець» - адгукаецца Таццяна Зіненка, барысаўская паэтка, чыя адзіная, пасмяротная кніжка вершаў «Плакала дзяўчынка» выйшла нядаўна ў сталічным выдавецтве «Каўчэг».
Назва для кнігі выбрана дакладная. Кожны верш тут - плач: з дзіцячай усмешкай скрозь слёзы, плач ад пяшчоты і замілавання перад Прыгажосцю, горкі плач наўзрыд. Зрэшты, інтанацыя вершаў аніколькі не плаксівая. Гэта шчырая споведзь аголенага сэрца, у якой кожнае слова аплочана высокай цаной. Вершы трывожаць, іх цяжка чытаць, бо ведаеш, што аддаў паэт узамен за крыштальную чысціню голасу. І міжволі ўзгадваеш Крысту Вольф: «Жанчыны доўгі час жылі, не беручыся за пяро. Потым яны пісалі - сваім жыццём, цаною яго». І калі Зіненка кажа: «А ты спыніся і падумай: кахаць табе ці паміраць…» - разумець яе трэба літаральна. Для сябе яна гэты выбар зрабіла.
Тым не менш, з гэтых вершаў - пра расстанні, страты, расчараванні - становіцца зразумела і іншае: Зіненка - зусім не паэт «апрыёрнай немагчымасці жыцця» (І. Бродскі - пра Цвятаеву). Колькі святла, прыкладам, у гэтых радках:
Калі мяне нішто не супакоіць
І здасца раптам, што ўсё - дарма,
Я завіруху выклічу на споведзь,
Каб зразумець - не вечная зіма.
Калі мяне ніхто не зразумее,
У тлуме дзён, у сховах пачуцця
Я адшукаю парастак надзеі,
Я і тады не разлюблю жыцця!
Гэта паэзія любові да жыцця - але не да такога, «якое яно ёсць», а да жыцця, якім яго бачыць чалавек, надзелены «безмерностью в мире мер». Такое адчуванне, што на нашых вачах на імгненне ўзняўся з падводных глыбіняў прывід Атлантыды - узняўся, каб абрынуцца туды зноў, з усімі сваімі чароўнымі прынадамі. Разбіваеца ідэальны вобраз - а разам з ім і сэрца. І ўсё цяжэй становіцца «заставацца жывым» - у свеце, дзе не выратоўвае нават любоў да Айчыны (дарэчы, Беларусь у Таццяны - «зеленавокая матуля»). Адсюль і горкія прадчуванні:
Я чытаю сваю далонь:
Свет пачне паміраць з беларусаў…
І спробы зашаптаць-загаварыць сваю рану:
Пакуль не знікнуў боль з маёй душы,
Я адчуваю, што жыву высока.
Вось яна, найвышэйшая праўда паэта, вымушанага «кровью чувств ласкать чужие души». Але хто прымушае паэта прыносіць сябе ў ахвяру? Нехта, які ўсведамляецца ім як унутраны голас, як уладны загад. Гэтаму настойліваму голасу неістотна, што трагедыя разбурае зямнога чалавека - яму істотна толькі, каб адбыўся паэт: у непадкантрольнай зямным уладам іерархіі. Каб ён «заставаўся жывым» да таго часу, пакуль гэта патрэбна дзеля мэтаў той патаемнай і жорсткай задумы.
Імёны тых, хто адбыўся, вядомыя.
Да аднаго з іх - Анатоля Сыса - як да духоўнага брата звяртаецца сама Зіненка:
І, парынаючы ў Лету,
Мы не згадаем зямлю,
Дзе паміраюць Паэты,
Перш, чым пачуюць: “Люблю…”
Лепшыя вершы гэтай кнігі, на маю думку, займуць сваё месца ў беларускай паэзіі побач з творамі Яўгеніі Янішчыц, Анатоля Сыса і іншых творцаў, хто адпрэчыў выратавальны кампраміс і выбраў жыццё ў паэзіі.

Таццяна Зіненка, кнігі

Previous post Next post
Up