Заканчэньне. Пачатак тут -
http://bohdan-s.livejournal.com/8150.html.
5. Савецкі Саюз ня ведаў краіны
СССР, на думку тагачасных заходніх публікацыяў, прысутнічаў у 1960-я і 1970-я гг. у Аўганістане як ніякая іншая дзяржава. Савецкія аўганісты яшчэ з 1930-х гг. сур'ёзна займаліся дасьледаваньнямі Аўганістана, у тым ліку паўднёвай яго часткі. Можна прывесьці мноства размаітых прыкладаў, што тое даводзяць, але адным з добрых паказьнікаў фундамэнтальнага падыходу зьяўляецца стан лексыкаграфіі - бо слоўнікі ў адрозьненьне ад палітычных дасьледаваньняў складаюцца многія гады. Найлепшы вялікі перакладны слоўнік пушту - аўганска-расейскі, складзены Марціросам Асланавым ў сярэдзіне 1960-х. Ён ня толькі актуальны дасяньня і мае літаральна пару аналягаў сабе па якасьці і аб'ёму на Захадзе, ён і зараз выкарыстоўваецца пры складаньні перакладных слоўнікаў для пушту, нават ангельскіх (прыкладам Pashto-English Zeeya Pashtoon 2009, Dunwoody Press).
Масква, несумненна, рабіла шмат памылак у Аўганістане. Але цяжка сказаць, што стан яе абазнанасьці быў горшы, чым сяньня ў заходніх краінах. Як можна ацаніць тое, што ВВС сяньня распавядае (
http://www.youtube.com/watch?v=-_dvFI8M79k) на поўным сур'ёзе, як аль-Каіда і Талібан падзялялі аднолькавае бачаньне фундамэнталісцкага ісламу? Стваральнікі аль-Каіды - выхадцы з заможных арабскіх колаў, адукаваныя ў сучасных ўнівэрсытэтох, мелі глябальныя задачы і належалі да пакаленьня, гадоў на дзесяць старэйшага за касьцяк Талібану - па-сутнасьці правінцыйных аўганскіх кансэрватыўных малнаў, зацікаўленых выключна ў Аўганістане і адукаваных у пэрыфэрыйных мэдрэсэ. Ня бачу, каб сяньня краіны АПАД (НАТО) дэманстравалі лепшае веданьне аўганскай рэчаіснасьці.
6. Савецкі Саюз заліў краіну крывёй, сваёй і чужой
Страты СССР у вайне былі выразна меншыя за страты ЗША ў віетнамскай вайне, якая па сваіх маштабох і працягласьці цалкам параўнальная з аўганскай вайной СССР. Саветы страцілі забітымі троху больш за 15 тысячаў, ЗША - 58 286.
Сапраўды, піцерскі прафэсар Уладзімер Сідзельнікаў казаў пра тое, што ў гэтую лічбу не ўвайшлі памерлыя пасьля эвакуацыі на тэрыторыю СССР, але і амэрыканская лічба 58 286 ўключае ў сябе толькі killed in action і non-combat deaths, то бок не ўключае памерлых ад ран пазьней - а таму можа параўноўвацца з вышэйпададзенай лічбай савецкіх стратаў.
Амаль 39 тыс. савецкіх жаўнераў былі параненыя, тады як у Віетнаме было паранена больш 153 303 амэрыканскіх салдата. Нягледзячы на пэўныя заганы ў матэрыяльным забесьпячэньні, 93% савецкіх параненых атрымлівала першую мэдычную дапамогу цягам першай паўгадзіны, а спэцыялізаваную дапамогу - цягам шасьці гадзін пасьля раненьня (лічба пададзеная ў Марка Галеоці, 67). Таму немагчыма казаць пра безразважлівае стаўленьне да жыцьця савецкіх жаўнераў.
Страты аўганскага цывільнага насельніцтва, несумненна, склалі значна большую лічбу. Аднак з-за адсутнасьці больш-менш сур'ёзнай статыстыкі па колькасьці насельніцтва Аўганістана перад вайной, ацаніць страты немагчыма. Справа ў тым, што перад вайной колькасьць насельніцтва стала прадметам зацятай спрэчкі паміж ААН і аўганскім урадам, калі першае настойвала, што аўганцаў каля 10 млн, а другі казаў пра 20 млн. Сыйшліся прыкладна пасярэдзіне. Спрэчка была не акадэмічная, бо ішлося пра вызначэньне ВУП на душу насельніцтва і права Аўганістана на фінансавыя прэфэрэнцыі як краіны зь нізкімі даходамі.
У адрозьненьне ад амэрыканскай вайны ў Віетнаме, СССР у Аўганістане не выкарыстоўваў хэмічных баявых сродкаў, а таксама змог забясьпечыць большую дысцыпліну ў войсках. Паводле паведамленьня ТАСС за 28 лістапада 1989 г. за злачынствы падчас праходжаньня вайсковай службы ў Аўганістане было асуджана да турэмнага зьняволеньня 2 540 вайскоўцаў - даволі няшмат, зважаючы на памеры вайсковай прысутнасьці. Практыкавалася і сьмяротнае пакараньне за цяжкія злачынствы, у тым ліку супраць аўганскага насельніцтва (нагадаю, пасьля славутай - хоць і ня самай вялікай - разьні ў віетнамскай вёсцы Мі Лай амэрыканскі афіцэр Ўільям Кельлі адседзеў страшны тэрмін - 3,5 гады хатняга арышту). Савецкія кантынгент у Аўганістане ў цэлым быў падкантрольны камандаваньню.
За часы перабудовы лібэральныя мэдыі і інтэлектуалы зрабілі тэму вайсковай прысутнасьці ў Аўганістане адным з довадаў злачыннасьці савецкага рэжыму. Разам з тым, яны не патрапілі давесьці ніводнага сур'ёзнага эпізода зьверстваў ці брутальнасьці, якім бы не займаліся да таго адпаведныя органы. У прыватнасьці Андрэй Сахараў выключна галаслоўна сьцьвярджаў, што савецкія войскі зьнішчылі сваіх жаўнераў, калі тым пагражаў палон.
Важна зьвярнуць увагу і на рэгіянальныя наступствы аўганскай кампаніі СССР і віетнамскай вайны ЗША. Вашынгтон пайшоў у Віетнаме на пашырэньне баявых дзеяньняў на суседнія краіны (Камбоджу і Лаос, якія несумненна выкарыстоўваліся віетнамскімі камуністычнымі сіламі). Вынікам былі велізарныя людзкія страты, дэстабілізацыя абедзьвюх краін, генацыд у Камбоджы, перамога камуністычных паўстанцаў у Лаосе і ўрэшце-рэшт поўная камунізацыя ўсяго Індакітая да канца 1970-х.
СССР устрымаўся ад пашырэньня зоны баявых дзеяньняў на суседні Пакістан, нягледзячы на буйнамаштабны ўдзел пакістанскіх вайскоўцаў у дывэрсійна-партызанскай барацьбе на тэрыторыі Аўганістана, выкарыстаньне Пакістана як базы аўганскай апазыцыяй і выразна варожае стаўленьне Пакістана да СССР і Аўганістана. Нават пасьля арганізацыі з удзелам пакістанскай выведкі рэйду на тэрыторыю Таджыцкай ССР, Масква ўстрымалася ад помсты.
7. Савецкі Саюз пацярпеў вайсковую паразу
Маштаб намаганьняў СССР у аўганскай вайне перабольшваецца. Як ні дзіўна, але савецкі вайсковы кантынгент у Аўганістане сапраўды быў «абмежаваным». Калі параўнаць памеры вайсковага ўмяшаньня СССР у Аўганістане і ЗША ў Віетнаме, савецкая вайна саступае па ўсіх паказьнікох. Савецкая вайсковая прысутнасьць складала нават па самых максымальных ацэнках толькі 120 тыс. вайскоўцаў. Амэрыканская ў Віетнаме ў 1968 г. - 536 тыс. вайскоўцаў, ня лічачы значныя кантынгенты хаўрусьнікаў (па стане на 1968 г.: Паўднёвай Карэі (50 000), Аўстраліі (7 700), Тайлянд і Піліпіны (разам 10 500)).
Нехта скажа - а ці можна параўноўваць гэтыя канфлікты? Лічу, што можна, бо калі лічыць па колькасьці насельніцтва, дык Аўганістан толькі на пару мільёнаў саступаў Паўднёваму Віетнаму. Па тэрыторыі, Аўганістан больш чым утрая большы за Паўднёвы Віетнам. Так, Паўночны Віетнам таксама браў удзел - але і аўганскія маджагеды ваявалі не самотныя, а памеры пакістанскага ўдзелу пралічыць складана. Плюс, у Віетнаме паўднёвавіетнамскае войска (адно з мацнейшых на кантынэнце нават напрыканцы вайны) было куды большай падмогай амэрыканцом, чым ў Аўганістане аўганскае.
Але вернемся да тэмы. Для савецкага кіраўніцтва каштоўнасьць Аўганістана выражалася не ў станоўчых, а ў адмоўных катэгорыях. Асаблівай эканамічнай і стратэгічнай карысьці яно ў Аўганістане ня бачыла, але бачыла неабходнасьць перадухіліць рэальныя пагрозы разрастаньня хаосу, паўтору «басмацкага сцэнару» 1920-х - 1930-х гг. з дэстабілізацыяй савецкіх сярэднеазіяцкіх рэспублік, амэрыканскага прыходу на савецкую паўднёвую мяжу. Таму і рэсурсы на рашэньне гэтай задачы вылучалі неахвотна. Ніколі СССР у поўную сілу ў Аўганістане не ваяваў. Ён толькі перадухіляў падзеньне кабульскага ўраду і яго структураў дый імкнуўся дапамагчы Кабулу адбудаваць дзяржструктуры.
Наўрад ці магчыма казаць пра паўнавартаснае змаганьне і з дывэрсійна-партызанскай актыўнасьцю апазыцыі. Варта параўнаць, як СССР раней вырашаў такія свае праблемы (пасьпяхова - з басмачамі ў Сярэдняй Азіі, Арміяй Краёвай ці ЎПА ва Ўкраіне і Беларусі).
Параўнаньне з АК і ЎПА (ня кажучы ўжо пра басмачоў) цалкам абгрунтаванае, бо падобныя маштабы тэрыторыі, ахопленай партызанкай; наяўнасьць значнай масы незадаволеных уладамі; наяўнасьць мноства зброі; складаны рэльеф (у выпадку ЎПА); малаўмацаваныя межы і падтрымка з боку замежных дзяржаў. І тым ня менш у выніку радыкальных дзеяньняў СССР адолеў гэтыя партызанскія рухі.
Гэтых радыкальных дзеяньняў у Аўганістане ў 1980-я гг. Савецкі Саюз не рабіў. У прыватнасьці ў аўганскай кампаніі СССР ніколі не наважыўся ўзяць барацьбу з партызанамі ў свае ўласныя рукі, зачыніць напрыклад належным чынам межы з Іранам і асабліва Пакістанам, альбо эфэктыўна падзейнічаць на гэтыя краіны, каб прымусіць іх адмовіцца ад падтрымкі апазыцыі ў Аўганістане.
Нагадаю, спыняючы ў 1920-я - 1930-я гг. басмацкі рух у Сярэдняй Азіі СССР накіраваў свае сілы нават у суседні Аўганістан і Кітайскі Туркестан, а змагаючыся з рэшткамі «белых» Масква не спынілася перад уварваньнем на Поўнач Ірана. Сутыкнуўшыся з падобнай праблемнай сытуацыяй, зьвязанай з буйнамаштабнай падтрымкай Пакістанам аўганскай узброенай апазыцыі ў 1980-я гг. у Аўганістане, Масква рабіла хіба толькі кволыя спробы працаваць зь левымі пуштунскімі нацыяналістамі ў Пакістане, каб падбухторыць іх да дзеяньняў супраць вайсковай дыктатуры. Яшчэ пару гадоў падкармлівагі ў Кабуле сыноў павешанага вайсковай дыктатурай З.А.Бгута, якія нібыта стваралі ўзброены супраціў дыктатуры ў Пакістане - але і гэты праект скончыўся па-сутнасьці нічым.
8. Савецкі Саюз пацярпеў палітычную паразу
Задача была вельмі няпростай. Савецкае кіраўніцтва з самага пачатку ўсьведамляла і свавольства тамтэйшай кампартыі, і абмежаваную каштоўнасьць самой краіны для інтарэсаў СССР, і адносную слабасьць фракцыі НДПА «Сьцяг», прыходу якой да ўлады ў Кабуле спрыяла Масква ўводам войскаў у сьнежні 1979 г.
Тым ня менш, СССР дамогся значных посьпехаў у стабілізацыі краіны, і фактычна на момант вываду войскаў на большасьці тэрыторыі Аўганістана зноў больш-менш кепска функцыянавала аўганская дзяржава. Падсумоўваючы ў 2011 г. вынікі заходняга ўварваньня ў Аўганістан, Тым Бёрд і Алекс Маршал у сваёй кніжцы «Afghanistan: How the West Lost Its Way» зазначалі пасьля вываду савецкіх войскаў аўганскае войска мела ўсё мадэрнае ўзбраеньне, патрэбнае краіне аўганскіх памераў, уключаючы авіяцыю, артылерыйска-ракетныя часткі, бронетэхніку і г.д. А вось напярэдадні вываду войскаў АПАД, аўганскае войска, нагадвалі яны, застаецца па-сутнасьці зборышчам бандаў з стралковай зброяй. Дадам яшчэ, што Саветы давалі аўганцом новую тэхніку - у тым ліку зьнішчальнікі (да МіГ-23) і СКАДы (іх гадоў пяць таму амэрыканцы дарэзалі, каб ня трапілі ў рукі талібаў) - што важна адцеміць на тле скандалу з мэталяломам, які пад выглядам італійскіх транспартных летакоў спрабавалі даць нядаўна новаму аўганскаму войску.
Пасьля сыходу савецкіх войскаў узброеная апазыцыя абвяшчала гатовасьць зваліць кабульскі камуністычны ўрад і дэкляравала спачатку намер узяць увесну 1989 г. адно з буйнейшых местаў краіны - Джалалабад, каб абвесьціць там альтэрнатыўны прапакістанскі ісламісцкі ўрад. Калі не дала рады з Джалалабадам, паабяцала ўзяць райцэнтар Хост - але і гэта ў яе не атрымалася. Кабул стаяў на сваіх нагах і ўжо ў 1990-м г. колькасьць узброеных аддзелаў апазыцыі скарацілася ці не напалову за кошт іх пераходу на бок ураду. Між тым, пасьля сыходу Саветаў інтарэс Захаду да Аўганістана пачаў падаць з дня на дзень і пазыцыі ўрада Наджыбулы выглядалі ўжо даволі трывалымі.
Урад Наджыбулы абрынуўся ўвесну 1992 г. пасьля таго, як Масква ня толькі падтрымала апазыцыю, але і раптоўна спыніла нават жыцьцёва важныя пастаўкі (падкрэсьлім, аплочаныя) ўзімку 1991-1992 гг. Зьдзіўляцца каляпсу Наджыбулы не выпадае, бо такім чынам былі абсечаныя апошнія шляхі камунікацыяў для Кабула (пры неразьвітасьці транспартнай сеткі і складаным рэльефе краіны для фактычнага задушэньня аўганскай сталіцы дастаткова нескладана закрыць шлях праз Салянг). Карысна параўнаць гэты каляпс з каляпсам Сайгона, які ад блякады не пакутаваў і які ЗША спрабавалі ўтрымаць да апошняга.
9. Савецкае войска мусіла адступіць перад масавым народным супрацівам
Як зазначае Дэйвід Эдвардз у сваёй кніжцы «Перад Талібанам: Генэалёгіі аўганскага джыгада» нават пасьля крывавага дыктату радыкальнай фракцыі НДПА «Народ» падтрымка НДПА была большай чым у ісламістаў (і Хізб-е Ісламі, і Джаміят-э Ісламі). Па вялікім рахунку ісламісты былі аўтсайдэрамі і найбольш шанцаў мелі партыі, што хацелі проста вярнуцца да каралеўскага рэжыма. Менавіта яны прапаноўвалі палітычную і канструктыўную альтэрнатыву.
Чаму ж тады перамаглі ісламісты? Справа ў тым, што ва ўмовах партызанскай барацьбы якраз самыя радыкальныя групы атрымалі найбольш падтрымкі з боку замежных дзяржаў. У лягерох уцекачоў, уцекачы маглі атрымаць дапамогу толькі зарэгістраваўшыся праз адну з партыяў, а пакістанскі ўрад выразна аддаваў перавагу ісламістом.
Замежным жа дзяржавам, што фінансавалі джыгад, ішлося не пра тое, каб адбудаваць у Аўганістане нейкі іншы, некамуністычны рэжым. Ішлося пра тое, каб пусьціць якмага больш крыві Саветом, не зважаючы на наступствы для Аўганістана - не сваё ж не шкада, пагатоў вайна-то ішла далёка ад заходніх краінаў і пераймацца магчымымі наступствамі прычынаў не было. То й ня дзіва, што вайна ішла «да апошняга аўганца», і замежных фундатараў цікавілі спосабы забойстваў, а не палітычная альтэрнатыва. У выніку Захадам, Пакістанам і заможнымі арабскімі манархіямі ў Аўганістане была выгадаваная ўзброеная сіла, якая ў значнай сваёй частцы была аўтаномная ад тамтэйшага грамадзтва, і ў матэрыяльным, і ў ідэйным пляне.
Значнай была ня толькі замежная вайсковая дапамога апазыцыі, але і ўдзел замежных дабраахвотнікаў альбо дасланых спэцыялістаў у вайне на баку апазыцыі. Найперш гаворка ідзе, безумоўна, пра Пакістан, якому было найпрасьцей прыхаваць свой удзел у вайне, бо ў гэтай краіне пуштунаў разы ў два больш чым у самім Аўганістане, і якраз пуштуны звышпрапарцыйна прадстаўленыя ў пакістанскіх сілавых структурах (традыцыйна, бо яшчэ за брытанскім часам яны былі залічаныя ў martial races, а таму прыманыя на вайсковую службу). Аўганская вайна дапамагла і арабскім дзяржавам, нават такім хаўрусьніком СССР як Сырыя ці Альжыр, выпусьціць ўнутрыпалітычную «пару», сплавіўшы сваіх радыкалаў на вайну ў Аўганістан.
Таму савецкім войскам у Аўганістане чым далей, то болей супрацьстаялі зусім не народныя мсьціўцы, а вышкаленыя і падрыхтаваныя замежжам радыкалы, сярод якіх увесь час расла колькасьць замежных дабраахвотнікаў і спэцыялістаў. Той самы Эдвардз у вышэйпамянёнай кніжцы разьбірае ў якасьці аднаго з кейсаў, як хутка «прафэсійныя рэвалюцыянэры» з Хізб-э Ісламі разабраліся з племяннымі ўзброенымі групамі пуштунаў-сафі - гады за паўтара.
***
Такім чынам, ёсьць падставы казаць, што ўвод савецкіх войскаў у Аўганістан і наступная ваенная кампанія ды ахвяры былі недарэмнымі. Задача пакласьці канец крывавай бойні, разьвязанай радыкаламі ў Кабуле, забясьпечыць адносны спакой на ўразьлівых паўднёвых межах СССР, нарэшце дапамагчы аўганцом вярнуцца да стваральнага жыцьця была выкананая. Зайшоўшы ў краіну, якая стаяла на мяжы каляпсу, савецкая армія выйшла з краіны, якая хоць і працягвала весьці грамадзянскую вайну, але мела шанцы прыйсьці да згоды, а грамадзянская вайна ў савецкай Цэнтральнай Азіі распачалася гадоў на дзесяць пазьней, чым магла б.
Пры ўсёй трагічнасьці тых падзеяў і непапраўных людзкіх стратах сярод аўганцаў і савецкіх грамадзян, савецкім войскам удалося выканаць задачу меншымі сіламі і зь меншымі стратамі, чым у аналягічнай віетнамскай вайне ЗША (з усімі папраўкамі на маштаб).
Падзеньне ўраду Наджыбулы ў 1992 г. было спрычыненае рэзкай і безадказнай зьменай савецкай і расейскай палітыкі і не было зьвязанае з ягонай няздатнасьцю знайсьці шлях да пераадоленьня ўнутрыаўганскай канфрантацыі. Савецкая палітыка ў Аўганістане ў 1980-я гады ня можа лічыцца правальнай. Больш за тое, ёсьць падставы казаць пра яе посьпех.
p.s. Ад асабістых анэкдотаў тут устрымліваўся, бо на кожны мой анэкдот знойдзецца нехта, хто распавядзе анэкдот з процілеглым сэнсам. Вусная гісторыя дазваляе найвялікшыя маніпуляцыі. Хаця напішу неяк і пра гэта. Анягож стаўленьне да лідэраў маджагедаў аўганцаў вельмі паказальнае. Адна пуштунская каляжанка, напрыклад, пазьбягае распавядаць, што яе бацька загінуў на самым пачатку канфлікту ў 1979 г. ці 1980-м у Хосьце, ваюючы за Хекмаціяра, бо ведае, як яе суайчыньнікі ставяцца да Хекмаціяра. І заўважу, Хекмаціяравы структуры (Хізб-э Ісламі) былі самымі арганізаванымі і падобнымі да вайсковай і партыйнай арганізацыі ды найменш з усіх аддзелаў апазыцыі ў 1990-я гг. нагадвалі банды. Амаль бальшавіцкая арганізацыя, так бы мовіць. Дарэчы, адзін з камандзіраў Хекмаціяра выдаў нядаўна свае мэмуары, дзе распавядае, як даваў дзеля натхненьня ўдзельніком сваёй групы гарадзкіх партызанаў у Кабуле ўпадабаную ім «Маладую гвардыю» Фадзеева (у перакладзе, вядома) як узор патрыятызма.
Або апошні прыклад - нават колішнія прыхільнікі апазыцыі (напрыклад адзін знаёмы ўдзельнік ісламісцкага падпольля ў ваколіцах Мазара ў 1980-я) лічаць, што вінаваты ў шматгадовай бойні быў Давуд, які скінуў караля і стварыў дыктатуру пад іменем «рэспублікі». А НДПА-Народ, так бы мовіць, толькі творча і крывава ўдасканалілі гэтую дыктатуру. Прыход Саветаў гэтыя людзі вядома не вітаюць, але і ня лічаць, што гэта Саветы ўсё паламалі, ламаць ужо не было чаго, уласна. Пры гэтым да рэжыму прэзыдэнта Наджыбулы стаўленьне ў гэтых людзей у цэлым спагадлівае - хоць і зьедлівае.