Беларускiя назвы сузор’яў IV: Вялiкая Мядзведзiца
Авiлiн Цiмафей Вячаслававiч
Вялiкая Мядзведзiца - Воз, Воз з медзведзямi, Воз фараонскi, Возок, Воз з дышлем паломаным, Вялiкi вос, Конь, Конь з вазом, Конь i калёсы, Павозачка Алiяшова, Каляснiца, Карэта ("У гэтай карэце Элiяш (Iлля) ездзiў"), Каляска,Бричка, Брычка св. Якуба, Буда, Iльлёў воз, Кiш, Рандэлечак, Палойнiк, Апалонiчак, Коўшык, Чаша, Сiтца(о), Сiтка(о), Сiточка, Сiт(ц)о, Стажар’е, Гражуля колы,Вядзмедзiца, Вялiкая Мядзведзiца, Пасажыркi, Популярна гвязда ("на паўночы свецiць, як вос"), Сахачы, Калясвица (Кола), Карэц, Калёсы, Бальшыя Калёсы, Майсаш, Пiясаш, Папрыца. Назва Воз звязана з уяўленнем беларусаў пра Каляду, якая на iм прыязджае на свята (што цiкава, падчас свята Каляд (25 снежня ст.ст) прыблiзна апоўначы дышла (α, ξ, η Вялiкай Мядзведзiцы) утварае прамую ўсход - дышла - захад, цi, як гаварылi ў народзе: "Воз перавёрнуты дагары нагамi".
Як вядома, воз, вазок - павозка з кузавам цi парадныя санi з сядзеннем. Такiм чынам, гэтая група назваў (Воз, Возок ды iнш.) суадносiлiся, па-першае, з зiмовым святам Калядаў, а па-другое, - з зiмовымi сродкамi перамяшчэння. Наступная найменнi (Карэта, Каляснiца, Iльлёў воз, Алiяшова (Алiя=Iлля) Павозачка ды iнш.) звязана з святым Iллёй - прарокам, цi, значна радзей, са св. Якубам. Беларусы i iншыя хрысцiянскiя народы уяўлялi Iллю на небе ў вогненнай каляснiцы з вогненнымi коламi, запрэжанай чатырма крылатамi коньмi: "Iлья - заведатель над Пяруном; ён у огняной коляснiцы ездя по небу...". Менавiта ў гэтай зорнай каляснiцы i ездзiў ён дарогаю зорнаю, Млечным Шляхам. Увогуле ж, гэтае ўяўленне iснавала ўжо ў хрысцiянаў Старажытнага Рыма. Так, калi тагачасныя святары асуджалi захапленне коннымi спаборнiцтвамi на каляснiцах, iм адказвалi, што калi прарок Iлля ўзнёсся ў нябёсы на каляснiцы, то майстэрства вазнiцы ў цырку не можа быць святатацтвам. Больш за тое, падчас свята гэтага святога (20 лiпеня па старым стылi) Вялiкая Мядзведзiца роўна апоўначы размешчана паралельна гарызонту. Такiм чынам, гэтая група назваў звязана з летнiм святам (Iллi) i летнiмi сродкамi перамяшчэння. Верагодна, першапачаткова назвы Вялiкай Мядзведзiцы чаргавалiся згодна са зменамi пораў года: так, напрыклад, зiмой называлi Воз, а летам - Карэта (Каляснiца ды iнш.). Пацверджанне гэтаму можна знайсцi ў наступнай песнi:
"Благаславi, божа мiлы, зiму замыкацi,
Зiму замыкацi, вясну аклiкацi.
Зiмой у вазочку, вясною ў чаўночку,
У цёплым леце ў карэце".
Але, магчыма, з цягам часу ў розных мясцiнах захавалася толькi адна нейкая назва.
Трэба дадаць, што папярэднiя найменнi былi звязаны раней з уяўленнем пра нябесную каляснiцу, у якой душы нябожчыкаў па Млечнаму Шляху перавозiлiся ў замагiльнае царства. З iм, вiдаць, суадносiцца i наступны звычай: "Гроб большею частью везут, очень редко несут, хотя бы кладбище было в самом близком разстоянии от деревни". Як вядома, усе функцыi ды атрыбуты паганскага бога Перуна з прыходам хрысцiянства былi перанесены на святога прарока Iллю. Тады можна дапусцiць, што раней назвы былi звязаны з гэтым богам. Пэўныя паралелi ў назвах сузор’я ёсць i ў iншых народаў. Немцы называюць Вялiкую Мядзведзiцу Woenswagen цi Wagen des Wodan (Каляснiца Воўтана (Одзiна)), а галандцы - Helwagen цi Wagen des totenreichs (Каляснiца Царства Мёртвых). На нябесных каляснiцах душы нябожчыкаў перавозiлiся ў царства Одзiна.
Гэтая назва выкарыстоўвалася i ў замовах: "Стану пад ясным небам, пад яснымi зарамi, перад дробнымi звяздамi, перад жаркiм сонцам i ясным месiкам i нябеснаю каляснiцаю".
Наступная група найменняў (Чаша, Коўш, Сiтца ды iнш.) звязана з прадметамi побыту. Так, апалонiк - гэта вялiкая лыжка, якой налiваюць ежу: "Зоркi раскiданы так, што паходзя на апалонiчак"; карэц - коўш. Сiта - прылада, зробленая з конскiх валасоў для прасейвання мукi. А яшчэ так называюць шапку, што засланяе твар, каб пчолы не кусалi: "Чатыры колцы i ручонка - Алiяшова павозачка, цi сiтца".
А вось стажар’ем называюць жэрдку, якая ставiцца для апоры ў сярэдзiне стога, пад нiз якога насцiлаюць галлё i салому. Вiдаць, у наступным паданнi "сем мяшкоў" гэта сем зорак Стажар’я: "У аднаго селянiна быў парабак, якi дзiвiўся, якiм чынам з некалькi коп ячменю абмалочваецца столькi, што няма куды дзець: усяго ў клець нельга перацягаць. I падумаў парабак: тут нешта нядобра - дапамагае або дамавiк, або ведзьма. Адным разам уначы адправiўся ён на гумно, прытаiўся за токам i пачаў чакаць. Чакаў-чакаў i вось бачыць - iдзе дамавiк i нясе сем мяшкоў на спiне, i гаспадар выйшаў яму насустрач. Павiталiся яны, высыпаў нячысцiк ячмень у ток i зноў пайшоў па мяшкi. Гэта працягвалася ўсю ноч, да пеўняў. Працаўнiк быў хлопец набожны: як толькi запеў певень, ён перахрысцiўся сам i перахрасцiў i хату, i ток, i ячмень... I, вiдаць, у такi фатальны час перахрысцiў, што раптам пачаўся пажар, спачатку ў току, потым у хаце, знiшчыўшы ўсё ўшчэнт. I гаспадар, i дамавiк згарэлi". Вось, вiдаць, i дагэтуль гараць тыя мяшкi зоркамi на небе. Прычым трэба ўлiчваць, што паданне непасрэдна датычыцца назвы Стажар’е, цi Купкi, а не пэўнага сузор’я (Вялiкай Мядзведзiцы цi Плеядаў).
Назва Гражуля Колы, што значыць Крывы Воз (колы=воз, а gri(ulo - крывы, лiтоўск.), звязана з лiтоўскай назвай гэтага ж сузор’я - Didieji Gri (ulo Ratai (Вялiкi Крывы Воз).
Сахачы - лось. Увогуле назва "Лось"сустракаецца ўжо ў кнiзе "Хождение за три моря" (XV ст.) Афанасiя Нiкiцiна: "Во Индии же бесерменьской, в великом Бедери, смотрел есми на Великую ночь, на Великий же день - Волосыни да Кола в зорю вошли, а Лось головую стоит на восток".
Як мы бачым, некаторыя назвы Вялiкая Мядзведзiця набыла з-за свайго знешняга выгляду (Сiтца, Коўш i пад.), а некаторыя - адпаведна абарачэнню Зямлi за суткi (Воз, Карэта i iнш.). Магчыма, старажытным назiральнiкам здавалася, быццам гэтая карэта ездзiць вакол нейкага цэнтра (Палярнай зоркi). Заўважыўшы пэўную рознiцу ў размяшчэннi Вялiкай Мядзведзiцы на небе за ноч, можна было вызначаць час: "С поўначы вос пераходзiць на поўдзень - ужо рано блiска", цi "бывала як жануць валэ, то кажуць: "Ужэ Каляска зышла"". Акрамя таго iснуе пэўная сувязь памiж становiшчам Вялiкай Мядзведзiцы i каляндарнымi святамi (Каляды, Iлля)©.