Вянок памяці на магілу героя, сябра УНА-УНСО, беларуса Міхася Жызнеўскага

Jan 29, 2014 10:27

Высокі, малады, мужны, светлы Міхась Жызнеўскі загінуў героем 22 студзеня 2014 года за Украіну. За яе лепшую будучыню, у смяротнай барацьбе з наймітамі Крамля і Лубянкі - адвечнымі ворагамі беларускае нацыі. Міхась 4 дні не дажыў да 26 гадоў - фатальнага ўзросту для Беларусі, бо ў 26 гадоў быў страчаны Кастусь Каліноўскі, у 25 гадоў пахаваны Максім Багдановіч. Міхась далучыўся да ўсіх вялікіх Беларусаў, якія на нябёсах, але іхняе зямное жыццё дае перспектыву Беларусі. Міхась, прабач усе правіны нашыя перад табою, вольныя і нявольныя.

Міхась не пакінуў запавету. Але смерць героя - гэта і наказ беларусам, якія забыліся на славу сваіх продкаў, бо Беларусь некалькі стагоддзяў стрымлівала дзікую ўсходнюю навалу, а калі тэрыторыя Беларусі была акупавана Расейскай Імперыяй, у адказ на гэта кожнае пакаленне беларусаў ладзіла паўстанні. А цяпер мы 20 гадоў церпім здзек з беларускае нацыі. І сарамліва адводзім вочкі, і маўчым пра Колю Лукашэнку, якога нахабна рыхтуюць ў якасці ярма на шыі беларускае нацыі. Смерць героя - гэта і напамін Украіне, і аб нашых спрадвечна братэрскіх сувязях, і аб тым, што ўкраінцы змагаюцца за волю ўсіх паняволеных Масквою народаў. Гэта і напамін Украіне, што ў Беларусі ёсць толькі адзін сцяг - Бел-Чырвона-Белы, і што беларуская нацыя мае яшчэ ваяроў і мае волю да змагання. Міхась Жызнеўскі сваёй гераічнай постаццю назаўсёды яднае Беларусь і Украіну.

Выбачаюся, што не магу кінуць трох камкоў зямлі на тваю труну. Спі спакойна, Міхась, у роднай беларускай зямлі. Пра твой подзвіг не забудуцца ні нашыя браты ўкраінцы, ні мы, беларусы.

Дазволь прывітаць цябе, бо з гэтымі лозунгамі шчыра аддавалі свае жыцці лепшыя сыны і дочкі і Украіны, і Беларусі:

Слава Україні!
Жыве Беларусь!
Слава нацыі!

Старшыня Руха Салідарнасці "Разам” Вячаслаў Сіўчык
28.01.2014​

r.i.p

Previous post Next post
Up