Барысаглебская царква ў Наваградку: інтэр'ер у 1930-х гг.

Jun 09, 2010 22:11


 „Царква базыліянаў і кляштары

Цяпер Барысаглебская царква пры вул. Базыліянскай.
     [...] Здаўна ў Наваградку існавалі дзьве царквы грэцкага абраду: 1) Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі на замку, і 2) Барыса і Глеба - пачатковай фундацыі, падобна, Войшалка Міндоўгавіча. Першая зь іх ужо не існуе; а Барысаглебскай царкве, як сьвятыні грэцкага абраду, кн. Канстантын Астрожскі ў 1517 г. надаў вёску Быковічы ў Цырынскай гміне. Далей фундатарам яе - падобна, што ўжо як мураванай уніяцкай сьвятыні - быў у 1632 г. Адам Літавор-Хрэптовіч, Наваградзкі падкаморы. Каля 1636 г. мэтрапаліт Вэльямін Рутскі пасяліў пры гэтай царкве манахаў-базыліянаў, а Адам Хрэптовіч - манашак-базыліянак, ды забясьпечыў тых і другіх матэрыяльна. Пасьля скасаваньня вуніі і да 1860 г. царква ператварылася ў руіну, пасьля была перабудавана ў праваслаўную царкву. Быў дададзены пасярэдзіне купал і дзьве цыбульныя галоўкі на вежах.  
     Царква гэтая прадстаўляе сабою вельмі прыгожы вобраз гатычнай архітэктуры. Увагі заслугоўваюць зоркавыя скляпеньні, a таксама зьнешняя арнамэнтацыя бакоў і абсыды царквы.

Напрацягу пэўнага часу ў гэтай царкве знаходзіўся цудоўны абраз Багародзіцы, перанесены з Замкавай царквы, аб якім узгадвае Міцкевіч. У 1915 г. гэты абраз, перад прыйсьцем немцаў, быў вывезены на Ўкраіну і адданы царкве ў вёсцы Дабрадзеяўка, Чарнігаўскай губ.. Цяпер у царкве знаходзіцца толькі фотаздымак таго абразу.
     Увагі заслугоўвае таксама прыгожая мармуровая дошка-табліца з гэрбам „Адрованж”, фундаваная Юрым Хрэптовічам, кашцялянам Смаленскім, у 1641 г., у адзначэньне памяці яго бацькі і дзеда, пахаваных у падзямельлях гэтае сьвятыні.
     Існуе паданьне, што апошні ўніяцкі сьвятар замураваў у сьценах царквы Найсьв. Сакрамант - ды дзеля гэтага тынк на яe сьценах не трымаецца.
     Цяпер, дзякуючы дзяржаўнай дапамозе, царква мае быць адрэстаўравана ў такім выглядзе, як была перад 1860 г. У гэтых мэтах быў зьняты тынк, каб прасушыць сьцены, а далейшы рамонт і пераробкі залежаць ад грамадзкіх ахвяраваньняў і дзяржаўных субсыдыяў. Гэтыя працы праводзяцца пад наглядам рэстаўратара наваградзкага ваяводзтва д-ра С. Лорэнтца.”
- Żmigrodzki, Józef, inż. Nowogródek i okolice. Wyd. trzecie. Wilno, 1931. стар. 29-30. Фота: ibid..


готыка, царква, XXст., Наваградак, скляпеньні, публічнае, культавае, абраз, XIXст.

Previous post Next post
Up