яшчэ адно цікавае мястэчка ў ваколіцах Берліна, у кірунку Südost
Стары
Кёпенік знаходзіцца на востраве ля злучэння рэк Шпрэ і Дамэ. Праз драўляны масток і парадную браму можна трапіць у палац, збудаваны па замове прускага караля Фрыдрыха І у стылі галандскага барока ў 1677-85 гг.
Палац зараз займае
Музей прыкладнога мастацтва эпохі Рэнесанс, барока і ракако. Агляд трох адчыненых для наведвання паверхаў каштуе 4 еўра. Захаваўся і невялічкі парк.
Перлінай музейнай калекцыі лічыцца Парадная зала, упрыгожаная ляпнінай з выявамі 25 гербаў брандэнбургскіх земляў.
У экспазіцыі ўвогуле шмат выкшталцонай мэблі і посуду. Вось, да прыкладу, барокавы гарнітур з Данцыга/Гданьска. Альбо срэбны буфет, выраблены для берлінскага каралеўскага палацу ў 1695-98 гг.
Сярод выстаўленых цікавостак - маляваны дыван "Адам і Ева" (сяр. 16 ст.) і выраблены са слановай косткі посуд.
у 1682-85 гг. у палацы з'явілася капліца. Цікавая яна тым, што была першым пратэстанцкім сакральным збудаваннем у маркграфстве Брандэнбург.
Палац увечары выглядае асабліва маляўніча
Сярод шматлікіх архітэктурных помнікаў у старым горадзе вылучаецца будынак ратушы, узведзены ў стылі цаглянай готыкі ў 1901-1905 гг.
Бронзавы дзядзька ля ўваходу нагадвае пра неверагодную, але праўдзівую гісторыю шаўца Вільгельма Фойгта, які ў кастрычніку 1906 г., пераапрануўшыся ў форму прускага капітана, захапіў ратушу, арыштаваў бургамістра ды спусташыў гарадскую скарбніцу.