І тут прыгадваюцца словы класіка: “Дарога з самавітымі пляцакамі, з трасамі й аўтастопам. Ды з упіскамі. У Дарозе хуткасна сыплюцца на галаву ўрокі - толькі будзь відушчы. Сыплюцца Веды. І ня кніжныя, а тыя, якія з уласнага Досьведу зьлепленыя.
У Дарогах выразнае разуменьне прыйшло: жыцьцё ёсьць толькі ТУТ, і толькі ЗАРАЗ. Бо там, у вандроўках, гэтак хуткасна адчуваньні і карцінкі мільгацяць! Сёньня мэдытатыўнасьць гор і ўражаньні! пачуцьці! А заўтра чужы й вялікі горад, а зь ім - таксама ўражаньні! І таксама пачуцьці! Толькі іншыя. Фатаграфуй сто разоў, занатоўвай тыя эмоцыі - марна. Пачуцьці менавіта вось ТАКІЯ - толькі ТУТ і толькі ЗАРАЗ. А там, на паперы, у здымачы - тое самае, ды… ўсё ж ня тое. Зусім ня тое. І тое, што было, больш не паўторыцца. Бо заўтра ніколі не будзе дакладна такім жа, як ёсьць сёньня.”
І яшчэ: “У Дарогах усьведамляеш, што і людзі вакол бываюць усяго дэкарацыямі. А сяброўства можа працягвацца ўсяго тры дні. Выкладваеш камусь на ўпісцы ўсю сваю сутнасьць. А заўтра ты ўжо за 1000 км. І тое цёплае, добрае і той чалавечак ужо не спаткаюцца табе - ніколі. Але ўжо амаль нястрашнае яно, слова “ніколі”. Проста гэта нармалёва: калі сяброўства бывае толькі ТУТ і толькі ЗАРАЗ.”
Клясык, дарэчы яго клічуць
pollushka, таксама наведваў тыя прыгожыя мясціны, тую вёску з чырвонымі дахамі дамоў і сымбалічнымі платамі, адкрытымі людзьмі і бяскрайнім небам над усёй гэтай прыгажосцю. Такая вёска на маёй радзіме магла сустрэцца, адзінае што, у рэкламным плакаце пра вясковы турызм. Сапраўды, які дурны беларускі гаспадар будзе губляць час на выраб са старога воза ўпрыгожанай кветкамі скульптурнай капмазцыі? Ці зносіць трывалую жалезную калітку ў ахвяру традыцыйным варотам нават без намёка на нейкае абмежаванне для ўезду. Сялянскія горныя дарогі, за якія так саромеўся ляснік, парадавалі б вока любога беларускага будаўніка. А дом, які больш нагадваў музей старых дзіўных рэчаў? Хто кажа, што тут нехта жыве правінцыйным жыццём? Гэта хутчэй сталічнае насельніцтва
![](http://farm2.static.flickr.com/1284/1296933374_29d772807c.jpg?v=0)
Варшавы жыве недзе па-за рысай сапраўднага жыцця.
Аб блізкасці Чэхіі нагадвала толькі пустая бляшка піва Козел, якое так моцна любіў уладар маёнтка. У астатнім адносіны да чэхаў у памежных жыхароў Польшчы былі цалкам іранічна-здзеклівыя. Хоць мяжа і пралягала ў метрах пяцістах ад дамоў вяскоўцаў каля невялічкай горнай ракі, ні памежнікаў, ні тым больш нейкай калючкі ў акрэснасцях не існавала. Яшчэ перад ад’ездам з Глівіц Рафал прапаноўваў нам, калі што, пераходзіць мяжу па шматлікім турыстычным тропам. Як высветлілася, гэта было цалкам рэальна, але не вельмі зручна, калі, вядома, вы не маеце такіх цудоўных праваднікаў, як мясцовы ляснік і яго жонка-мастачка, якая як раз займалася ўпрыгожваннем адной з такіх сцяжынак… :)
Памежны пераход у раёне Карлава Града.
Сцяжынкі-сцяжынкамі, але ж мы паехалі да дарагіх майму сэрцу памежнікаў. Там нас чакаў тоўсты паляк, які сказаў, што быў у большасці краін СНД, але ў Беларусі "горш за ўсе". пасля чаго выдаў нам пачак пернікаў.
каханне і мір на мяжы
Мяжу перайшлі пешкі, пад мае страшныя ляманты, што нас не пусцяць.
Пусцілі, але пры гэтым моцна здзівіліся загагулінам нашага маршрута - транзіта ў Сэрбію праз Чэхію. "Куды-куды?" - некалькі разоў перапытала памежніца і аддала пашпарты на татальную праверку і штампаванне.
Ці ведаюць чэхі, што значыць “прага”?
Адам Глобус называе Прагу варотамі ў Еўропу. Для мяне яна стала яе вітрынай, бо далей сунуцца мне не дазваляе ні мой беларускі пашпарт, ні маё сумленне. Чым большыя памеры набывае адкрыты мною свет, тым вышэй падымаецца ступень сораму за ўсе малавядомыя, але бясспрэчна цудоўныя мясціны зямлі, якая колькі сябе памятаю ляжыць у цэнтры гэтага свету. Зямлі Беларусі…
![](http://farm2.static.flickr.com/1377/1361900495_0a1d0d1e79.jpg?v=0)
Вось так адбываецца з усімі. Загінаем, сыходзім. І няма ні памяці, ні паратунку ад гэтай дурной бездані. Але чалавек працягвае змаганне з космасам гісторыі, выплывае, хапаецца за любыя саломенкі. Застацца ў памяці, застацца сярод жывых. У Старажытным Егіпце верылі, што душа чалавека жыва роўна столькі, колькі жыва памяць аб ім. Таму і будавалі сабе фараоны велічныя піраміды, захоўвалі свой твар свой у каменні.
У каменні бясконцых гістарычных пражскіх мясцін, калі прыглядзецца, можна ўбачыць безліч людскіх лёсаў і бессмяротных душ. Колькі людзей застаюцца ў гісторыі дзякуючы сівой цэгле гэтага еўрапейскага гораду.
На другі дзень нашых пражскіх вандровак мы трапілі ў Беларускую клюбоўню. Мы прыйшлі паглядзець і месцамі паслухаць паэта Хадановіча. Пакой на першым паверсе недалёка ад метро Andel (цэнтр гораду) запоўнена як класічных для падобных месцаў матэрыяламі на палітычна-культурныю тэматыку, так і рознымі шчымлівымі рэчамі, як часопіс “Бярозка” і зборнікаў вершаў пачынаючых беларускіх паэтаў.
![](http://farm2.static.flickr.com/1428/1362812070_c0e6513e07.jpg?v=0)
У паэце нічога нечаканага я не ўбачыў. Дый не пайшоў я б на яго, калі б не месца правядзення сустрэча - Прага! Прага парадавала Хадановіча, а Хадановіч у сваю чаргу парадаваў эмігрантаў. Як нам пазней прызнаўся Алесь, у якога мы спыніліся, для яго той канцэрт стаў “нечым незвычайным, нерэальным”, бо беларускіх творцаў у Празе бачаць вельмі рэдка.
Беларускіх студэнтаў тут дастаткова, больш сталых людзей беларускай нацыянальнасці таксама хапае. Частка з іх - эмігранты пачатку 90-ых - маюць пэўныя праблемы з алкаголем і, напэўна, забыліся, дзеля чаго адбылася іх эміграцыя. Алесь калісьці прыехаў сюды вывучаць эканоміку. Але разам з эканомікай ён пачаў спазнаваць сваю радзіму. Наноў. Тут ён заразмаўляў па-беларуску, тут пачаў слухаць многія беларускія гурты і чытаць Дастаеўскага ў перакладзе на мову. Тут ён і застанецца...
Мы гулялі па ўзбярэжжы Влтавы. Нейкая мелкаватая рэчка, - падумалася мне. Затое шырокая. І знакамітая. І брудная.
Кажуць, быццам Чэхія дагэтуль застаецца краінай з сялянскім насельніцтвам, што вёскі яе наведваць трэба. І парадавацца жыццю ў іх. Сапраўды, у чэхаў усяго толькі два вялікіх горада - Прага да Брно. У першай мы жылі, пад другой ночылі.
Хто хоча шмат даведацца пра Прагу, няхай чытае шляхаправоднікі. Я іх таксама чытаў, і ні фіга не даведаўся. Атмасферу гарадоў перадаць можна, напэўна толькі праз шклянкі з паветрам гэтых самых гарадоў.
Далёкі і міфічны славянскі Вавілон. Пражскія вуліцы поўняцца мовамі розных народаў. Чэшская мова паступова
![](http://farm2.static.flickr.com/1092/1362811990_2137c93285.jpg?v=0)
выцясняецца з пражскіх акраін рускай і ангельскай. І не дзіўна. Тут жыве каля 70 тыс. грамадзян краін былога саюза. Моцнае прадстаўніцтва таксама мае Вьетнам. Руская мова існуе ў цэнтры і носьбіты яе гандлююць папулярнымі турыстычнымі патрэбамі, квіткамі. Ангельская і мовы азіяцкіх народаў квітнеюць на перыферыі, у невялічкіх кавярнях і канешне ж трамваях. Пад час нашых дзённых паездак на трамваі ў цэнтр, дзе мы жылі, акрамя нас толькі 3 чалавека з 13 мелі больш-менш “еўрапейскія” рысы твару.
Прага мае цэлых шэсць гістарычных цэнтраў - Старэ Мяста, Пражскі Град, Нова Мяста, Градчаны, Мала Страна, Вышэград. Раней асобныя горада, зараз яны выконваюць ролю галоўных турыстычных магнітаў. Галоўны з іх - Пражскі Град - заснаваў першы хрысціянскі чэшскі князь з цікавым імем Баржывой. Зараз там жыве прэзідэнт, раней - каралі і імператары Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Але цікавосткі раскіданыя па ўсей Празе. І сабраць іх, напэўна, - галоўная задача любой “турыствушчай” асобы. У гэтай справе дапамагаюць шматлікія турыстычныя офісы, электронныя кампутарныя тэрміналы (яны усталяваныя на галоўных станцыях пражскага метро і выдаюць расклад ўсіх гарадскіх маршрутаў, нават кажуць, калі вы будзеце ў патрэбным месцы), мапы гораду і указальнікі накірунку. Верагоднасць, што ў чарговым шапіку з мапамі не сядзіць рускамоўная асоба невялікая. Паступова з-за неймавернай колькасці рускай мовы пачынае з’яўляцца адчуванне,
![](http://farm2.static.flickr.com/1312/1362822056_5593479832.jpg?v=0)
быццам мяне застукалі за нейкай дрэннай справе ў сакрэтным месцы.
Пражскае метро зараз з трамваямі ператвараюць 1,2-мільённы
![](http://farm2.static.flickr.com/1153/1296933724_0f3a5923b5.jpg?v=0)
горад у выльмі зручнае спляценне транспартных камунікацый. Метро мае тры лініі, пачынаюць будаваць чацвёртую - кальцавую. Трамваі маюць начныя маршруты і дарагі яквіткі. Як і ў метро, у праз якое з-за адсутнасці турнікетаў на ўваходзе, можна зберагчы шмат грошай. Што мы натуральна і рабілі. Нават не ведаю, якога колеру выдаюць талончыкі шматлікія электронныя аўтаматы, што стаяяць на кожнай станцыі.
Ці піў я піва ў Празе? Бясконцая колькасць піўных і рэстарацыяў ператварае галоўнае пытанне любога пражскага наведвальніка ў рытарычнае. Таннейшае за ваду, піва ліецца па вуліцах гораду разам з патокамі турыстаў.
![](http://farm2.static.flickr.com/1379/1362811980_bc042a1c81.jpg?v=0)
Турысты праяўляюць актыўнасць у любы час сутак, таму фатаграфаванне пустога Карлавага моста атрымлівае статус подзвігу Геракла. Але, калі ў вас добры зум, заўсёды можна павялічыць “златую” (зараз актуальна казаць зялёнаглавую). Узгоркаў у Празе клясічна сем, на адным з іх стаіць копія Эйфелевай башні, некалькі меншая за арыгінал, але не менш даўняя. З яе бачныя ўскраіны гораду. Спачатку мора чырвоных дахаў, за ім - шматпавярховыя камуністычныя і посткамуністычныя прадстаўнікі сучаснай архітэктуры, а потым зноў узгоркі заходняй Чэхіі.
Прага не касцянее, а актыўна прапануе прыхільнікам сучаснага мастацтва сучасную скульптуру і фотамайстэрства. Выстаўка чорна-белых фотаздымкаў людзей з непрыемнымі тварамі размесцілася адразу пад прэзідэнцкімі вокнамі ў Пражскім Градзе. А скульптура “New Generation”, над якой узвышаецца свіння - галоўныя прыкметы конкурсу скульптуры, які праходзіць зараз у горадзе.
Мараўскі сон
![](http://farm2.static.flickr.com/1003/1361900501_74410c27fa.jpg?v=0)
Брно мы так і не пабачылі. Але шум самалётаў прыватнага аэрадрома, недалёка ад якога мы ночылі, стаіць у вушах дагэтуль. Тое быў другі выпадак, калі мы ставілі намёт недзе па-за межамі прызначанай для гэтага тэрыторыі. Таму адчуванне злачынства не пакідала мяне ўвесь вечар. Самалёты лёталі высока ў паветры, а я ўглядаўся ў круглы месяц, услухоўваўся ў вой сабакі і чакаў, чакаў з’яўлення раз’юшанага гаспадара маёнтка з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да нашага незаконнага месца жыхарства. Канчаткова выпрацавацца майму комплексу падброноўскага эмігранта не дазволіла Кася, зашпіліўшы намёт, тым самым закрыўшы для мяне загадкава поўню і прыглушыўшы вой сабакі. Самалёты ў ночы ўначы больш не лёталі.
Раніца…
Што я люблю больш за раніцу? У гэтай вандроўцы больш я любіў толькі ежу. Гэта з матэрыяльнага. Так, прынамсі, я мог сказаць у 80 адсоткаў выпадкаў, калі б нейкаму вар’яту-драйверу прыспічыла б спытаць, што я люблю болей? Не, яшчэ больш я любіў драйвераў у той момант, калі яны пачыналі тармазіць, убачыўшы маю руку з вялікім пальцам на ёй, нахабна тапарышчаўшымся ўгару. Без гэтага пальца атрымаўся б кулак. Цікава, ці спыніўся хто, калі б я тармазіў яго не гэтым пальцам, я проста тупа сціснутым кулаком?
Скульптура "New generation"
Свіння
Пад Брно чарговым аб’ектам маёй мімалётнай любові ўжо другі раз стаў пражска-славацкі мадзьяр. Але ў гэты раз лёс, мабыць, вырашыў мне адпомсціць за ўсе астатнія кінутыя мною секундныя дарожныя закаханасці. Лёс, ролю якога выконвала заднія дзверы крутой шкоды мадзьяра, бязлітасна прыбіў мой левы мезенец ў раёне ногця, з-за чаго ў мяне з’явілася ўнікальная магчымасць разгледзіць уласную косць. Косць была белай, палец акрываўлены, а мой твар бледны. Добры мадзьяр злітаваўся над маім амаль што згубіўшым прытомнасць целам і спыніўся на бліжэйшай запраўцы, каб набыць пластыр.
Браціслава…
Горад абшарпаных, пакрытых графіці сцен, і такіх жа жыхароў.( Ні фіга! Тое, што людзі абшарпаныя, я ня згодна!) апошніх заўважную частку займалі цыгане(??? Мне здаецца, што цыгане ў Браціславе збольшага канцэнтраваліся на вакзале!). Асабліва запомніўся левы бок браціслаўскай прывакзальнай плошчы, на якім ішоў бесперапынны фэстываль цыганскай культуры і піцця. Ці, хутчэй, культуры піцця, з абавязковымі песеннымі нумарамі мужчын і слязлівых завыванняў жанчын. Большасць мясцовых абыходзіла гэту тэрыторыю бокам.
Такое маляўнічае апісанне выплывае, дзякуючы шматгадзіннаму чаканню электрацыі на злапомную Трнаву, што ў 55 кіламетрах ад сталіцы Славакіі. Спачатку мы спазніліся на адну электрацыю, потым доўга стаялі, лічылі грошы і пагружаліся ў паніку (я) ад малой колькасці сродкаў. Мне здалося, што частка грошай знікла. Гэта было не так, але ў той момант мы вырашылі, што Будапешт і Сербія зачакаюць нашага наведвання ў наступны раз.
Трэцяя электрацыя сышла праз майго нежадання адрываць дупу ад лаўкі падчас напружанага моманту высвятлення лепшага мапаведца. Лепшым мапаведцам быў безумоўна я, і ніхто з гэтым, у прынцыпе, не спрачаўся. Але чамусьці ў той момант Каця не ўехала ў Трнаву адна, а я не застаўся без грошай і з паловай намёта сядзець і слухаць цыганскія спевы на Браціслаўскім вакзале. Цікава, а можа да канца жыцця? ( не зразумелыя два апошніх сказы. Ніхто ж ня ведае, як мы там сварыліся - а навошта гэта ведаць, няхай самі здагадаюцца!).
Чацвёртая электрацыя мусіла сысці ў 21.15 Для разрадкі напружанай атмасферы Каця пайшла займацца гарадскім арыентаваннем у адзіноце. Я не сумняваўся, што з каменных джунгляў яна выбярэцца і без маёй дапамогі, але гэтую дапамогу вельмі хацеў прапанаваць. Таму адправіўся услед (Што насамрэч?! А я цябе не заўважыла), папераменна граючы ролю то каварнага супрацоўніка спэцслужбаў, які пераследуе чарговы “аб’ект”, то інтэрнэт-маньяка, які сквапна шнарыць па рэкламных шыльдах у пошуках хоць якога-небудзь намёка на каханае сусветнае павуцінне.
![](http://farm2.static.flickr.com/1155/1362822066_c9cbcd7802.jpg?v=0)
Паступова пераслед з вялізным заплечнікам выліўся з мяне ў літр свежанькага поту, і я вярнуўся да добрых цыган чакаць часу сустрэчы з Касяй. Кася ў час не прыйшла, і ў нас засталася апошняя магчымасць з’ехаць з Браціславы ў гэты дзень. Але электрацыя была толькі ў 23-10. Было цёмна, дзе ставіць намёт у незнаёмай мясцовасці мы не ведалі. За падпісаннем канчатковага міру паміж намі з’явілася ідэя нелегальна вярнуцца ў непрыемны кемпінг і яшчэ раз паспрабаваць прадзіравіць яго непадатлівую зямлю нашымі калкамі для намёта.
Вярнуцца ў браціслаўкі кемпінг было не складана. Пайсці праз галоўны ўваход мы не вырашыліся, проста абышлі плот і знайшлі там брамку, праз якую лёгка праніклі на старое месца нашага браціслаўскага быдлішча (месца жыхарства па-чэшску J) на беразе класічнага возера Залатыя пяскі.
Браціслаўкая вуліца
Хуткая
Дзякуючы прышчэмленаму пальцу, я атрымаў магчымасць пазнаёміцца з азамі еўрапейскай медыцыны славацкага разліву.
Хто такія славацкія дактары? Гэта сапраўдныя будысты . Яны чытаюць мантры, медытуюць, вяртаючыся ў гэты свет часова і толькі дзеля таго, каб сказаць свае поўныя высокага сэнсу і бязмернага шчасця словы.
Высокі, з паголенай галавой, у белым халаце і маленькімі авальнымі акулярамі, хірург браціслаўскай клінікі нават не паглядзеў на мой палец. Яму не трэба вочы, каб паставіць дыягназ. Ён глядзіць адразу ў вантробы (даволі прыгожа, але навошта табе глядзець у вантробы, калі ўсяго толькі пашкоджаны палец? - затое як загадкава!), бо вочы яго працуюць як першаякасны рэнтген. Потым я зразумеў, што менавіта так бачылі прафесара Кукоцкага, апісанага Людмілай Уліцкай, яго пацыенты: са страхам і павагай. Ужо ў калідоры паставіўшы аднаму са сваіх пацыентаў дыягназ, ён зайшоў у пакой, дзе на кушэтцы, пакрытай белай прасцінай, сядзеў я. “Пан мувіць па ангельску”, - разабраў я славацкую мову маладой бландынкі, якая сёння грала ролю медсестры. Хірург сеў у чорнае вялікае крэсла “прэзыдэнт”
Карл і памідор
і на некалькі секундаў пагрузіўся ў медытацыйны стан. Напэўна, за гэтыя імгненні ён паспеў вывучыць увесь мой арганізм, паставіць дыягназы мінулага і будучага, але гэтага яму было мала - доктар жадаў ведаць усё. Гуру ўстаў, падыйшоў да стала бландынкі, узяў мой пашпарт і пачаў уважліва ўглядацца ў старонку з фотаздымкам і прозвішчам. Тут, мабыць, ён убачыў мой лёс. Пасля гэтага жэстам ён паманіў мяне да сябе. Я стаў насупраць голенага будыста, той зноў пагрузіўся ў вечнасць. На гэты раз выйшаў ён з яе толькі праз хвіліну разам з пытаннем “What happened? Why You came to us?” О! Гуру ведаў ангельскую мову. Мабыць, у медычных універсітэтах гэтай краіны не абмяжоўваюцца толькі духоўнымі заняткамі.
Я распавёў сумную гісторыю прышчэмленага злоснай шкодай пальца, страшнага болю і маіх недарэчных думак пра тое, што пазногаць прыйдзецца зараз жа выдаліць.
Усьмешка….
Тут непрыкметна наша вандроўка ператвараецца ў дарогу дадому. Мы прыязджаем у Кошыцэ і адчуваем набліжэння прастораў былой імперыі. Тут дзверы культавых у Чэхіі трамваяў не маюць знакамітай кнопкі для самастойнага адчынення, і жывуць нізкія не чэхі са славакамі, а самыя натуральныя вугорцы. Па нядзелях яны святочна апранаюцца і ідуць на імшы, як і сотні год таму. Зараз горад актыўна змагаецца за права быць культурнай сталіцай Еўропы ў 2012. Праз год такое права пяройдзе да Вільні. І, на мой погляд, гэтыя гарады непараўнальныя. Канешне, у Кошыцэ захаваўся нават сталічны бляск (раней тут часова знаходзілася сталіца Славакіі), але зараз тут пануюць падазроныя твары на рынках, якія мяняюць амерыканскія даляры на кроны за адсутнасцю працуючых па нядзелях абменніках.
![](http://farm2.static.flickr.com/1375/1361853029_3f0333d8b9.jpg?v=0)
У гэты ж горад прыходзіць аўтобус Ужгарад-Кошыцэ. Стары ікарус мае вельмі цікавы расклад - ён прыходзіць толькі тады, калі на ім едуць пасажыры. Таму набыць квіток на вакзале загадзя немагчыма. Трэба чакаць да 12-00 гадзін, вадзіла давязе аўтобус да Кошыцкага аўтавакзалу.
Але ж якая радасць надыходзіць, калі разумееш, што аўтобус усё ж прыйдзе! Мабыць, для таго, каб пасажыры не забываліся на гэта цудоўнае пачуццё, украінскія транспартнікі і займаюцца такімі трукамі.
Аўтобус канешне ж культавы, накшталт гарадзенскіх электрацый праз мяжу, якім спецыяльна вылучылі асобнае вакенца для квіткоў. Але ён на дзіва не перапоўнены класічнымі для беларускай мяжы чалнакамі.
Ты трапляеш на тэрыторыю Украіны, едзеш па вуліцах Ужгарада. І раптам прыходзіць адчуванне: блін, я пачынаю забываць, што было там! З’яўляецца жаданне кінуцца да паперы і пісаць, пісаць аб тым чаго было і не, пабачыў і ўявіў, каб цнатліва белая роўнадзь паперы назаўсёды захавала на сябе гэта лета.
Захад над Прагаю
Быў яшчэ Попрад у Татрах (Славакія) і Ужгарад з летнікам анарістаў, у які мы трапілі абсалютна выпадкова. Быў горад, які называўся Львоў, Лембэрг ці Львіў. І будуць :)
* - Тэкст быў падвергнуты рэдактуры. Некаторыя з паметак рэдактара я пакінуў (чырвоным), бо, на маю думку, яны нясуць не менш мастацкай каштоўнасці, чым сам тэкст. Мае каментары пазначаныя зялёным.
** - Частка 2. Частка 1
аб Польшчы і рэльефных людзях.
6 верасня 2007 года. Мінск-Негарэлае