Колькі фота мы за гэтыя гады нарабілі! Нашчоўкалі аб'ектывамі, налюбаваліся на сябе і іншых. А самыя галоўныя часам знаходзяцца праз шмат гадоў. Прынамсі, прыходзіць адчуванне, што вось тое самае фота.
Дзівосы лёсу нечакана прывялі мяне на тусоўку троху брудных, троху дзікаватых, троху п'яных людзей, якія называлі сябе аўтастопшчыкамі. Звалася тусоўка "Эльба-2006". Не вельмі мне там спадабалася, не пазнаёміўся на "Эльбе" з новымі і блізкімі людзьмі. Але сустрэўся з чалавекам, з якім надалей быў побач чатыры гады. Вельмі блізка. Бліжэй за ўсіх.
Самае смешнае, што я ні слова не сказаў гэтаму чалавеку. І Яна не сказала. Можа нават не заўважыла. Ды і я не заўважыў.
21 кастрычніка 2006 году я выпадкова сфатаграфаваў Кацю, якая сядзела ля вогнішча і слухала рускі рок пад гітару.
Пасля я казаў ёй, што сустракаліся мы яшчэ ДА. Але яна не верыла. І я з часам верыць перастаў...