Oct 06, 2013 03:53
Так цікава: два апошнія дні назіраю за кацінай фрэндстужкай. Выхопліваю допісы сяброў, знаёмых і не, пра яе. З радасцю. Недзе яна пісала, што мы любім дрэнныя навіны. А як не любіць? Мы ж - людзі!
Я яшчэ людзі любяць, калі пра іх прыгадваюць, ім кажуць добрыя словы і прыемныя словы. А яшчэ лепей, калі гэта робяць публічна. Не ведаю, як усе, а я люблю. Таму з надзеяй перачытваю ейны блог у пошуках прыгадак пра сябе. І знаходжу, што не такі ўжо і выключны я быў. У пэўны час, так - адзіны, пэўна, хлопчык. А далей - толькі ў шэрагу іншых, а то і зусім няма мяне ў стужцы думак і перажыванняў, хаця матэрыяльна, пэўна, прысутнічаў. Калі мы разышліся, калі гэта стала канчаткова зразумела, я з пэўнай палёгкай успрыняў адсутнасць неабходнасці пісаць і бачыцца. Але казаць, што я сустракаюся з кімсьці іншым ніколі не хапала моцы. Я так і пранасіў гэта ў сабе да канца. Пэўна ж яна ведала, але ніколі мы не размаўлялі пра гэта. І яна ніколі не казала мне пра чалавека, які стане ейным мужам пасля. Хаця пра ўсе свае захапленні з радасцю выдавала пры першай магчымасці: Філіп, Паша, яшчэ нехта, яшчэ. Я не памятую іх імёнаў, і не заўжды разумеў, да якой ступені ў іх зайшлі стасункі. Мне найчасцей было ўсё роўна.
Толькі адзін раз эмоцыі перамаглі, і я напісаў ёй даўгі і злосны ліст. Але пра прычыну таго ліста яна не казала мне. Я падслухаў, падгледзеў гэту гісторыю. Якая вельмі хутка скончылася зусім бясслаўна. І калі прыйшла вясна, мы зноўку пачалі граць ролі закаханых. Пра гэта таксама можна пачытаць у ейным дзённіку з каментарамі пад допісам: “якая неверагодная ступень шчырасці!”.
Каханне правяраецца шчырасцю, гэта праўда.