ПАРТРЭТ ВОЙЦЕХА ПУСЛОЎСКАГА

Nov 15, 2012 19:56

ВАЛЕНЦІЙ ВАНЬКОВІЧ (1800-1842)
ПАРТРЭТ ВОЙЦЕХА ПУСЛОЎСКАГА (1762-1833),
МАРШАЛКА ДВАРАНСТВА СЛОНІМСКАГА ПАВЕТА. Да 1833
Палатно, алей. 102х82
Літоўскі мастацкі музей, г. Вільнюс
“Кунтушовы старац”



Гэта першы твор пэндзля Валенція Ваньковіча, які экспануецца ў Беларусі пасля 1919 года. Партрэт Войцеха Пуслоўскага мог быць замоўлены маладому Ваньковічу як у Вільні, дзе ён вучыўся ва ўніверсітэце (1818-1824), так і ў Пецярбургу, дзе мастак працягваў сваю адукацыю ў Акадэміі мастацтваў (па 1829 год). І Вільню, і Пецярбург Войцех Пуслоўскі неаднаразова наведваў у сувязі са сваёй актыўнай грамадскай дзейнасцю. Партрэт мог быць напісаны і на слонімскай зямлі. У родзе Пуслоўскіх там быў не адзін маёнтак, а Валенцій Ваньковіч, яшчэ будучы студэнтам, часта бываў у тых краях - на радзіме сваёй жонкі Анелі з роду Растоцкіх.
Войцех Пуслоўскі герба “Szeliga” (odm.) - прадстаўнік старадаўняга шляхецкага роду Рэчы Паспалітай, вядомы грамадска-палітычны і гаспадарчы дзеяч беларуска-літоўскіх зямель, правадыр дваранства Слонімскага павета з 1797 па 1816(?) гады, уладальнік шэрага маёнткаў у Слонімскім, Кобрынскім, Гродзенскім, Пінскім, Віленскім, Трокскім і іншых паветах у той час Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі - тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы. Самыя вядомыя з іх - Пескі і Альбярцін, а таксама Мерачоўшчына - радзіма Тадэвуша Касцюшкі - і Косава (рэстаўрацыя палаца Пуслоўскіх у Косаве скончыцца праз некалькі гадоў).
Войцех Пуслоўскі, сын Францішка, падстольніка рэчыцкага, і Саламеі з роду Грабоўскіх, нарадзіўся ў 1762 годзе ў радавым маёнтку Пескі Слонімскага павета (цяпер вёска Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці). У 1799 (?) годзе ажаніўся на Юзэфе з роду Друцкіх-Любецкіх, дачцэ пінскага кашталяна Францішка і Генавефы з Алізараў. У шлюбе з семярых дзяцей выжыла пяцёра сыноў (Францішак, Уладзіслаў, Цітус, Ксаверый, Вандалін) і дачка Генавефа, у замужжы Тызенгаўз.
Пуслоўскі атрымаў у спадчыну толькі добрае імя і невялікі радавы маёнтак. Але, удала ажаніўшыся і набыўшы карысныя сувязі, у канцы жыцця валодаў ужо тысячамі сялянскіх душ і прыстойным капіталам, скупляў казённыя маёнткі за невялікія грошы, будаваў разнастайныя фабрыкі (суконныя, папяровыя і інш), адкрываў прадпрыемствы (па вырабе шкіпінару, алкагольных напояў). Не забываў дзейны шляхціц і аб вечных каштоўнасцях: Пуслоўскі ўзначальваў Віленскае Дабрачыннае таварыства, ахвяраваў грошы на рамонт і ўтрыманне храмаў, а таксама на іх будаўніцтва. У Альшэва (цяпер вёска Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці) на яго сродкі быў узведзены храм Святога Войцеха з капліцай-пахавальняй, дзе пасля Пуслоўскі і знайшоў свой апошні прытулак.
Войцех Пуслоўскі на партрэце Ваньковіча паўстае асобай выдатнай - заможным, прадпрымальным і кемлівым у справах, франтам і моднікам і пры ўсім гэтым - чалавекам вельмі набожным. Сучасніца назвала яго «кунтушовым старцам»: «Рыхтуючыся да вяселля дачкі, замовіў сабе столькі шаўковых кунтушоў, колькі сукенак мелася ў дачкі-нявесты». Твар шляхціца, добра змадэляваны мастаком, прыцягвае ўнутранай энергіяй, аптымізмам, упэўненасцю ў сабе. Чырвоны крыж ордэна Св. Ганны I ступені Пуслоўскі атрымаў за фінансавую падтрымку і пастаўкі рускай арміі ў антынапалеонаўскай кампаніі 1812 года. Высокая расійская ўзнагарода на старапольскім кунтушы з багатым слуцкім поясам дазваляе мастаку адлюстраваць своеасаблівасць беларускай шляхты, якая жадае прымірыць у сваёй свядомасці гістарычную памяць з новай рэчаіснасцю.
Источник: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Пески, XIX столетие, Пусловский

Previous post Next post
Up