1 ліпеня а 17-й гадзіне да 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбудзецца прэзентацыя перасоўнай выставы "Васіль Быкаў. Доўгая Дарога Дадому…"
У аснову выставы пакладзена апошняя прыжыццёвая кніга Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому". Гэта ўспаміны пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў яго багатага падзеямі жыцця. Пісьменнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадска-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на яго вачах. Ва ўспамінах Васіля Уладзіміравіча перад намі паўстаюць тыя мясціны, дзе ён бываў, жыў, тыя гарады і дзяржавы, якія адыгралі пэўную ролю ў жыцці і творчасці. Сёння ў нас ёсць магчымасць прайсці дарогамі Чалавека, філосафа, пісьменніка, грамадзяніна сваёй Бацькаўшчыны, зразумець, што было каштоўным для гэтай велічнай асобы.
У адкрыцці выставы прымуць удзел сябры, калегі, родныя пісьменніка. Яны падзеляцца сваімі ўспамінамі, тым, што захоўвае памяць, тым, што трымае сэрца.
Душа папросіцца дадому,
Да ацалелага падстрэшша,
І, непавінная нікому,
Падасца Млечным Шляхам пеша…
Рыгор Барадулін
Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).