70 гадоў "Беларускаму правапісу" пад рэд. А. Лёсіка

Aug 05, 2012 15:22


70 гадоў таму быў дадзены дазвол нямецкіх уладаў на выданьне новай  рэдакцыі граматыкі Тарашкевіча, пад рэдакцыяй інспэктара выдавецтва школьных падручнікаў Антона Лёсіка, у якасьці падручніка для беларускіх школаў. У рэчышчы пастановы Райхсміністра Усходніх Абшараў ад 25 чэрвеня 1942 аб паступовым увядзеньні ў школьным выкладаньні на Беларусі лацінкі, гэтая рэдакцыя была выдадзена на лацінцы. Наклад складаў 50,000 асобнікаў: незвычайна вялікая лічба па тым часе. -
        Забарона на далейшае выкарыстаньне савецкіх і польскіх школьных падручнікаў была выдадзена 2 сьнежня 1941 г., аднак справа выданьня падручнікаў ім на замену ішла марудна. Акрамя таго, як вынікае з успамінаў Язэпа Малецкага („Пад знакам Пагоні - Успаміны“) аб візыце ў Вялейскую акругу, ужо напачатку 1944 году,  распаўсюджаньне па школах беларускіх выданьняў лацінкай фактычна сабатавалася некаторымі службовымі асобамі на месцах:

„У часе дыскусіі высьветлілася, што [...] адчуваецца вялізны недахоп школьных прыладаў, падручнікаў, літаратуры. Некаторыя наракалі, што й настаўнікі ня маюць навет і тае дапаможнае літаратуры, якая выдаецца ў Менску, бо акруговы школьны інспэктар чамусьці ў паветы не дасылае гэтых інструкцыяў і часапісаў.
Пад уражаньнем гэтага зьезду я таго самага тыдня наведаў акруговага школьнага інспэктара Сыракваса ў ягоным урадзе. Прыняў ён мяне з усімі гонарамі да паказаў сваё бюро. У вадным з пакояў я заўважыў вялікую сьцірту-звал настаўніцкай літаратуры, што была выдадзеная ў Менску галоўным школьным інспэктаратам.
- Што гэта значыць, спадар Сыраквас? - спытаўся я.
- Гэта... гэта, спадар намесьнік, не разыходзіцца, бо людзі ня ўмеюць чытаць лацінкай.
- Што? - кажу, - за тры гады настаўнікі забыліся чытаць лацінкай? А калі ня ўмелі, дык не навучыліся? Гэта сабатаж беларускіх і нямецкіх установаў, спадар Сыраквас! Няма ніякіх тлумачэньняў! Літаратура мусіць быць, яшчэ ў гэтым тыдні, дастаўленая ва ўсе куткі акругі. Вы разумееце?
- Разумею, але хто за яе заплаціць?
- Хто заплаціць, вы пытаецеся? А хто будзе плаціць, калі вы хочаце згнаіць яе ў гэтым складзе?
- Прабачце, я вінаваты. Аднак-жа хто усёжтакі мае плаціць за яе? - бараніўся Сыраквас.
- Раённыя начальнікі. За тры дні вось адбудзецца зьезд старшыняў усіх раёнаў. Я ім дам распараджэньне.
На зборцы раённых старшыняў я загадаў, каб едучы дамоў яны ўзялі з сабой і школьную літаратуру ды каб даставілі яе ва ўсе школы. Старшыні шмат якіх паветаў згары аплацілі й намінальны кошт узятае літаратуры.“





Гл. таксама ранейшы допіс аб „Часовым школьным парадку“ для акупаванай Беларусі ад 10 верасьня 1941 г.

Менск, крыніцы, Беларусь, угодкі, рэаліі

Previous post Next post
Up