http://www.svaboda.org/content/article/24312244.htmlАндрэй Пачобут
"22 чэрвеня 1941 году.
Немцы імкліва наступаюць, "чубарыкі", як мясцовыя жыхары называлі Саветы, неарганізавана ўцякаюць. Некаторыя нават апрануцца не пасьпелі і бягуць у падштаніках. Паніка. Жах. Нямецкія дывэрсанты. Бамбардзіроўкі.
Але ёсьць справа, якую Саветы нават у такіх умовах імкнуцца дакончыць. Гэта палітычныя рэпрэсіі. У 14.00 першы сакратар Гарадзенскага гаркаму партыі Іван Пазьнякоў, які разумее, што хутка прыйдзецца ўцякаць з Гродна, аддае загад начальніку гараддзелу НКВД Галоўкіну расстраляць "контрарэвалюцыйны элемэнт", які ўтрымліваецца ў гарадзенскай турме.
Хутка загад пачалі выконваць. Турэмная ахова была ўзмоцнена супрацоўнікамі НКВД, і яны, узброеныя аўтаматамі, рушылі ў бок камэраў, дзе ўтрымліваліся вязьні.
Экзэкуцыя выглядала наступным чынам. Адчыняюцца дзьверы камэры, і НКВД-шнікі з аўтаматаў расстрэльваюць вязьняў. Уявіце, які жах апаноўваў суседнія камэры... Грукат дзьвярэй, стрэлы, крыкі і стогны. І гэтае пекла паступова набліжаецца да тваёй камэры. І, здаецца, нішто ня можа цябе ўратаваць.
Толькі здарыўся цуд.
Нямецкая авіяцыя наносіць моцны бомбавы ўдар па Гродне, бомбы ляцяць і на турму. Зьяўляюцца праломы ў сьценах, частка зьняволеных выходзіць на волю. І НКВД-шнікі ўцякаюць, ня выканаўшы да канца загад.
Лічыцца, што яны пасьпелі расстраляць каля 100 зьняволеных."