Андрыеўс Эзергайліс
Дын уздымае важныя пытанні і паказвае на двухсэнсоўнасці ў дзеяннях мясцовай паліцыі, але не здольны даказаць, што ў існасці сваёй паліцыянты былі «добраахвотнікамі» ці «злачынцамі».
Выданне, што аглядаецца ў публікацыі:
Dean, Martin. Collaboration in the Holocaust: Crimes of the Local Police in Belorussia and Ukraine, 1941-44. - New York: St. Martin’s Press, in Association with the United States Holocaust Memorial Museum, 2000. - Pp. 241.
Марцін Дын вагаецца паміж двума тыпамі даследавання Халакосту, увасобленымі такімі постацямі, як Рауль Хілберг* і Даніель Гольдхаген**. З аднаго боку, ён дакументуе стварэнне і дзейнасць беларускай і ўкраінскай паліцыі, а з другога - спрабуе зрабіць нейкія высновы. Абвінавачанне, кінутае ў падзагалоўку кнігі («Злачынствы мясцовай паліцыі ў Беларусі і ва Украіне»), як падаецца, выходзіць за рамкі пададзеных звестак. Падача фактаў у Дына - хілбергаўская, але высновы ягоныя - вельмі гольдхагенаўскія: «У Беларусі і ва Украіне не толькі немцы былі «добраахвотнымі злачынцамі».
Дын уздымае важныя пытанні і паказвае на двухсэнсоўнасці ў дзеяннях мясцовай паліцыі, але не здольны даказаць, што ў існасці сваёй паліцыянты былі «добраахвотнікамі» ці «злачынцамі». Нават калі аўтар гэтага не прызнае, суды, якія праходзілі пасля 1945 г., прымалі пад увагу розніцу паміж чалавекам, які страляў у сваіх ахвяр добраахвотна, і выканаўцам, які мусіў падпарадкоўвацца жорсткім загадам, з’яўляючыся ахоўнікам.
Кніга складаецца з васьмі раздзелаў і высноў. Першыя два раздзелы паказваюць «перадумовы», савецкую акупацыю ўсходняй Польшчы ў 1939 г. і нямецкую акупацыю ў 1941 г. У раздзелах 3 і 5 распавядаецца пра забойствы яўрэяў у 1941 і 1942 гг. У раздзеле 4 разглядаецца стварэнне і дзейнасць мясцовай паліцыі, якую немцы называлі «ахоўнымі фармаваннямі» (Schutzmannschaften). У раздзеле 6 гаворыцца пра мясцовую адміністрацыю, а ў раздзеле 7 - пра партызанскі рух і пра тое, як мясцовая паліцыя і яўрэі паўплывалі на яго. У апошнім раздзеле прасочваецца лёс як паліцыянтаў, так і яўрэяў, якія выжылі, - у Германіі і на выгнанні.
Я хацеў бы спыніцца на трох пытаннях, закранутых у кнізе. Па-першае, ці складалася беларуская і ўкраінская паліцыя з добраахвотнікаў? Па-другое, ці былі яны забойцамі? Па-трэцяе, што значыла ва ўмовах акупацыі быць калабарантам?
Дынава разуменне калабарацыі пачынае бурыцца, калі ён дапускае, што паліцэйскія дапаможныя сілы былі «добраахвотнымі». Тут ён запазычвае эўфемізм у нацыстаў. Гаагская канвенцыя забараніла акупантам прымушаць заваяваныя народы насіць зброю, таму нацысты ўжывалі падман. Яны арганізавалі мноства ахоўных фармаванняў; галоўныя з іх, якія прыцягваюць увагу аўтара, былі стацыянарнымі адзінкамі, мэтай якіх было выкананне паліцэйскіх функцый. Гэтая праца аплачвалася, яна не была валанцёрскай.
Падобна, што беларусы і ўкраінцы ўступалі ў ахоўныя фармаванні з тых самых прычын, дзеля якіх людзі ідуць на службу ў паліцыю ўвогуле. Ва ўмовах Беларусі і Украіны меў месца, як паказвае аўтар на аналітычных старонках сваёй працы, і пэўны прымус. Выбар заняткаў у час акупацыі быў вельмі абмежаваны, бо эканоміка савецкага кшталту разбурылася. Калі б гэтыя людзі не паступілі ў дапаможныя фармаванні, то аказаліся б, напэўна, беспрацоўнымі, што азначала дэпартацыю ў Германію для працы на нямецкую ваенную машыну. Далучэнне да шуцфармаванняў, прынамсі ў той час, магло здавацца людзям меншым злом у параўнанні з ператварэннем у рабоў. Аднак, вядома, ва ўмовах нацысцкай акупацыі праца паліцыянтаў аказалася іншай, чым праца паліцыі ў мірны час у дэмакратычных краінах. Пададзеныя сведчанні занадта супярэчлівыя і двухсэнсоўныя, каб можна было сцвярджаць, што людзі ішлі ў паліцыю дзеля забойства яўрэяў ці прасоўвання нацысцкай справы на ўсход. Няма звестак пра ўсведамленне будучымі паліцыянтамі таго, што ім можа быць загадана браць удзел у забойствах мясцовых яўрэяў.
Можна пагадзіцца з аўтарам, што ахоўныя фармаванні значна палегчылі немцам знішчэнне мясцовых яўрэяў, але ўсё ж ці мясцовыя жыхары здзяйснялі забойствы? Калі толькі я нічога не прапусціў, аўтар даказвае, што паліцыянты з дапаможных сілаў былі, самае большае, асістэнтамі ў гэтым працэсе. Немцы не давяралі ім у такой ступені, каб тыя самі спускалі курок. У час масавых акцый, пастаянна паўтарае аўтар, немцы карысталіся паслугамі ўласных «прафесіяналаў», звычайна з нейкай адзінкі СД. Забіваючы, нацысты не хацелі, каб усе рабілі ўсё - дамінаваў прынцып канвеера. Толькі тыя, хто прайшоў выпрабаванне, тыя, каму давяралі, атрымлівалі загад забіваць. Як правіла, для гэтага выклікаліся добраахвотнікі. Каб стаяць на варце, добраахвотнікаў не выклікалі, і кожны вартавы мусіў выконваць жорсткія загады. Нямецкія ўлады каралі вартавых за невыкананне загадаў.
Нягледзячы на гэтыя агаворкі, кніга, прынамсі яе «хілбергаўская» частка, з’яўляецца набыткам у гістарыяграфіі тэмы. Яна не зусім вольная ад легендаў, якія паўсталі вакол масавых забойстваў усходнееўрапейскіх яўрэяў, але аўтар падводзіць нас да рацыянальнага аналізу і разумення праблемы.
Пераклаў з ангельскай мовы В. Р. паводле публікацыі ў: The American Historical Review. 2001. Vol. 106. № 2.
------------------------------
* Рауль Хільберг (1926-2007) - амерыканскі гісторык, выбітны гістарыёграф халакоста.
** Даніэль Гольдхаген, прафесар палітычных навук Гарвардзкага ўніверсітэта, сын былога вязня ўкраінскага гета.
------------------------------
Андрыеўс Эзэргайліс - амэрыканскі гісторык латыскага паходжаньня, прафэсар кале джа Ітака ў Нью-Йорку. Аўтар дасьледаваньняў па гісторыі Латвіі ХХ ст., у тым ліку пра Галакост на тэрыторыі гэтай краіны.
http://www.arche.by/by/27/20/2697/%D0%BF%D0%B0%D0%B4%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D0%BA%D0%B0--%D0%B4%D0%B0%C2%A0%D1%80%D0%B0%D0%B7%D1%83%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D1%8F-%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%B1%D0%BB%D0%B5%D0%BC%D1%8B.htm