Originally posted by
kabierac at
Ала і Валя Чачнёвы - ахвяры трагедыі 3.1.1946 У суботу Людміла
rubleuskaja Рублеўская вадзіла нашу Школу маладога пісьменніка на Вайсковыя і Кальварыю, то я, што мог, дадаў ад сябе. Крыху больш паказаў і распавёў на Вайсковых - вядома, збольшага аб пахаваннях 1920-1940-ых. Напісаць тут хачу толькі аб адным факце, які я ўсвядоміў ужо распавядаючы, проста ў працэсе экскурсіі, і сам быў ім шакаваны.
Аб трагедыі, якая адбылася 3 студзеня 1946 года, бадай што, чулі многія. Тады ў часе пажару, прычыны якога дасёння канчаткова не высветленыя, загінула шмат менскай моладзі. На Вайсковых могілках неўзабаве па тым быў пастаўлены помнік з прозвішчамі ахвяраў. Распавядаючы аб трагедыі, часта згадваюць. што Алена Дземідовіч, чыё імя ідзе трэцім у спісе, насамрэч выжыла. Але мяне зацікавіла іншае.
Пазалетась у Менску быў апублікаваны унікальны дзённік, які вёў у 1943-1947 гг. менскі школьнік, а пазней эмігрант Дзмітры Сямёнаў. Кніжка аздобленая шматлікімі каментарамі, між іх асабліва вылучаюцца каштоўнасцю заўвагі Вітаўта Кіпеля, які быў знаёмы з Сямёнавым у акупаваным Менску, меў з ім шмат агульных сяброў, згаданых Сямёнавым у дзённіку. Адна з іх - Валя Чачнёва, вучылася разам з Кіпелем у 29-ай школе ў Траецкім і 30-ай на Рэвалюцыйнай. Мела сястру Алу. Кіпель у каментарах нічога не кажа аб іх далейшым лёсе - мо, і не ведае.
Імёны Алі і Валі Чачнёвых - пятае і шостае на помніку. Дзяўчаты, якія перажылі нямецкую акупацыю, загінулі ў Менску праз паўтары гады пасля яе заканчэння.
На здымку з кнігі Валя Чачнёва сядзіць першая злева ў ніжнім шэрагу.